“СТАЯЦЬ НЕЛЬГА СЯДЗЕЦЬ”

Парада кафедры гігіены і аховы здароўя дзяцей пры БДМУ  вучыцца стоячы і тое, што ў некаторых школах ужо рэалізуюцца такія практыкі, здзівілі большасць беларусаў. Аднак гэтая ідэя не з’яўляецца чымсьці новым. Пра тое, што стаяць карысней, чым сядзець (асобам усіх узростаў), гаворка вялася яшчэ ў другой палове ХХ ст. У пандэмію, калі па ўсім свеце мільёны асоб працавалі, не выходзячы з дому, і ўзровень фізічнай актыўнасці крытычна паменшаў, гэтая тэорыя набыла вялікую папулярнасць.

Наколькі карысна знаходзіцца вертыкальна падчас вучобы ці працы, ці можа гэта  дапамагчы пазбегнуць шэрагу хвароб і паменшыць вагу і ці варта актыўна практыкаваць “стаянне” ў беларускіх школах, вывучаў “Штодзень”.

Эксперыментальныя методыкі ў польскіх школах.  Фота: parenting.pl

 

Замену звычайнай офіснай мэблі на гэтак званыя “канторкі” – сталы з рэгуляванай стальніцай, якія дазваляюць працаваць стоячы – можна назваць трэндам. За апошнія некалькі год былі пераабсталяваныя як офісы шматлікіх буйных кампаній, так і куточкі для працы ў звычайных жылых кватэрах. Прапанавана арганізаваць працэс “стаяння” і ў беларускіх школах (гаворка пра пазбаўленне ад звычайных парт не ідзе, на вучобу стоячы адводзіцца толькі 7–15 хвілін штодня). Аднак перад тым, як гугліць, дзе можна набыць цудадзейны столік, трэба ўважліва паразважаць.

Адразу варта адзначыць, што тэма карысці працы стоячы на дадзены момант застаецца дыскусійнай, бо істотных навуковых эксперыментаў, на адпаведнай колькасці асоб і з усебаковым вывучэннем розных паказчыкаў, ніхто не праводзіў (дакладна вядома толькі, што даходы кампаній, што прадаюць мэблю для такой працы, стала павялічваюцца). Як прыхільнікі, так і крытыкі вертыкальнай працы абапіраюцца выключна на тэарэтычныя разважанні. Паспрабуем і мы прааналізаваць асноўныя плюсы і мінусы такой практыкі.

Фота: i.kym-cdn.com

Галоўны тэзіс папулярызатараў ідэі працаваць стоячы – “Сядзячы лад жыцця шкодзіць здароўю” (гэта насамрэч пацверджана шматлікімі даследаваннямі). Але тут адбываецца падмена паняццяў. Шкодны не сам працэс сядзення, а працяглая нерухомасць, адсутнасць фізічнай актыўнасці. З гэтага пункта гледжання не мае значэння, сядзіць, стаіць ці ляжыць чалавек, бо ў кожным выпадку на розныя часткі цела прыходзіцца нездаровае напружанне, а таго, што прымушала б мышцы, сэрца і сасуды працаваць на карысць арганізма, бракуе.

Як лічыцца, стаяць цяжэй, чым сядзець, адпаведна, арганізм спаліць больш калорый і вага паменшыцца. Навукоўцы падлічылі, што такім чынам можна згубіць да 3 кг у год, калі, канешне, працаваць выключна стоячы. Каб скінуць, напрыклад, 10 кг, спатрэбіцца больш за 3 гады. Пры гэтым рызыка перанапрудзіць ногі і спіну вялікая, а фактары, што прыводзяць да ўзнікнення залішняй вагі, не ліквідуюцца (трэба змагацца не з сімптомам – вагой, а з прычынай – няправільным ладам жыцця, хваробамі, стрэсам і г.д.). Дык ці варта худнець такім чынам?

 

Фота: saneware.de

 

Нават прыхільнікі ідэі працы стоячы падкрэсліваюць, што рабіць гэта трэба належным чынам, іначай такая практыка можа нанесці шкоду арганізму. Не кожны дарослы здольны скрупулёзна падысці да арганізацыі ўласнага працоўнага месца (большасць проста набудзе нейкі адпаведны стол – і ўсё). Ці магчыма забяспечыць выкананне неабходных патрабаванняў у вучэбным класе?

  • Паверхня павінна знаходзіцца на ўзроўні лакцявога згібу. Дзеці растуць, таму трэба перыядычна кантраляваць, ці не трэба трохі падняць стальніцу. Калі настаўніку давядзецца рэгулярна падыходзіць да кожнага вучня і кантраляваць гэта, то, улічваючы і без таго высокую ступень загружанасці супрацоўнікаў школ арганізацыйнай, папяровай і ідэалагічнай працай, дэфіцыт кадраў у беларускіх школах можа істотна павялічыцца.
  • Мэбля павінна быць якаснай. Якія ж сталы будуць закуплены ў беларускіх рэаліях, дзе асноўны крытэрый дзяржазакупак – кошт, можна толькі здагадвацца. Да таго ж, сталы будуць разлічаны на сярэднестатыстычных дзетак. Што рабіць з “негабарытнымі” (зусім маленькія ці, наадварот, вельмі высокія)?
  • Нагрузка на ногі падчас стаяння істотна павялічваецца (гэта, канешне, тычыцца працяглага часу, але ведаючы, з якім фанатызмам у нас можа ўводзіцца нешта новае, невядома, ці не пераўтворацца 7-15 хвілін у некалькі гадзін). Каб кампенсаваць гэта, патрэбны, па-першае, камфорны эрганамічны абутак. Ні эканамічныя вырабы ад “Марка”, ні расейскі ці рыначны кітайскі абутак да гэтай катэгорыі не належаць. Ці шмат сямей змогуць дазволіць сабе набываць (з-за росту нагі часам не па адной пары штогод) якасны абутак, напрыклад, масмаркет ад ЕССО, не кажам ужо пра артапедычныя вырабы са спецыялізаваных крам? Да таго ж большасць бацькоў нават не ведае, што трэба паклапаціцца пра артапедыю. Па-другое, лічыцца, што стаянне бліжэй да натуральных прыходных умоў, чым сядзенне. Але ў прыродзе няма паверхняў, настолькі роўных, як падлога. Таму для працы стоячы прыдумалі адмысловыя кілімкі з ворсам, вельмі падобным да няроўнай і неаднароднай травы. Пра набыццё чагосьці аналагічнага для беларускіх школ ніхто не казаў.
  • Стаяць трэба, трымаючы правільна выправу, іначай можна дачакацца болей у спіне і іншых праблем. Пракантраляваць па гэтым паказчыку  цэлы клас не здолее нават самы лепшы настаўнік.

 

Бясспрэчным застаецца той факт, што дзеткам цяжка і вельмі шкодна знаходзіцца доўга ў адной позе. Добра, што беларускія навукоўцы пачалі агучваць гэтую праблему. Але адным толькі стаяннем па 7– 15 хвілін на дзень яна не вырашыцца. Добра было б пазбавіцца ад залішняй фармалізаванасці школьнага ладу жыцця. Пачынаючы ад скоўвання рухаў няўтульнай школьнай формай і скочваючы ліквідацыяй неабгрунтаваных забарон (хочацца дзеткам прысесці на прыступках ці паляжаць на перапынку на траве ў школьным двары – калі ласка, што ў гэтым дрэннага?). Методык, як адаптаваць урокі да псіхафізіялагічных патрэб падрастаючага пакалення, хапае. Напрыклад, там, дзе навучанне вядзецца па прынцыпах Мантэсоры, дзеці маюць куды больш свабоды і менш абмежаванняў.

 

Стол для вертыкальнай працы. Фота: www.bol.com

 

Такім чынам, ці прынясе карысць стаянне падчас вучобы ці працы, дакладна невядома. Але што варта рабіць, каб паменшыць шкоду для арганізма (як дзеткам, так і дарослым), зразумела:

  • Не знаходзіцца доўгі час застыла ў адной позе, варушыцца, рабіць перапынкі (аптымальна з невялічкай фізічнай актыўнасцю – мінігімнастыка, трохі прайсціся па калідоры і г.д.).
  • Адказна падыходзіць да арганізацыі месца для працы ці заняткаў (адпаведны стул, стол, асвятленне, вентыляцыя памяшкання).
  • Кампенсаваць працяглае знаходжанне ў пасіўным стане карыснай фізічнай актыўнасцю: шмат хадзіць пешкі, плаванне, йога, танцы, спартыўныя гульні без залішніх высілкаў – усё, што прывядзе цела ў стан рэлакса, а не стрэсу. Памятайма, што перагрузка арганізма ў трэнажорных залях і на стадыёнах можа быць вялікім стрэсам і толькі пагоршыць становішча.

    Штодзень

Related posts

Касцюкоўка як брэнд. Феномен гомельскага раёна

Таямніцы гомельскага “Зімовага саду”

Няздзейсненае антысавецкае паўстанне, вялікія грошы і гульня спецслужб. Жыццё Цімоха Вострыкава