Сяргей Гунь: У зняволенні цяжэй за ўсё перажываецца несправядлівасць

Сяргей Гунь. Актуальнае фота

Ураджэнец Гомеля Сяргей Гунь пабудаваў у Беларусі паспяховы бізнес, адкрыў івэнт-агенцыю. У 2020 годзе ён, як і шмат хто з беларусаў, далучыўся да пратэстаў супраць фальсіфікацыяў выбараў, яго затрымлівалі, збівалі, ён адбыў тэрмін у калоніі. Публікуем другую частку інтэрв’ю з Сяргеем пра тое, як ён перанёс турэмны досвед. Першую частку гутаркі – пра “апалітычнае жыццё” – можна прачытаць у артыкуле “Бізнесмен з Гомеля, які прыдумаў лозунг пратэстаў “беларус беларусу беларус”.

Сяргей Гунь у 2020-м

 

Што здарылася ў 2020 годзе?

Да 2020 года я не цікавіўся палітыкай, як усе нармальныя беларусы. Хаця, калі быць шчырым, то я цікавіўся палітыкай, чытаў навіны, я пачынаў працоўны дзень з Тут.бая. Але на выбары я не хадзіў ніколі, спецыяльна не хадзіў.

Пакуль я вучыўся ва ўніверсітэце, у нас прайшлі двое выбараў. Пагражалі, што выганяць з інтэрнату, калі будуць пытанні па мне. А я неяк выкруціўся і не хадзіў галасаваць.

Але на выбары хадзіў, бо там былі цікавыя рэчы. У нас ва ўніверсітэце культуры, у гэтым палацы мастацтваў, на першым паверсе можна было афіцыйна набыць гарэлку. Я не піў алкаголь, а хлопцы туды хадзілі нарэзацца. Мы хадзілі тусілі. Гэта было самае цікавае там.

У 2006 годзе, калі было шмат народу на Кастрычніцкай плошчы, намётавы гарадок, я абавязкова пасля працы туды заходзіў, каб дадаць колькасці, цікавіўся.

Я цікавіўся, але разумеў, што гэтыя выбары нічога не вырашаюць. У мяне не было ніякіх ружовых акуляраў.

У 2020 годзе шмат знаёмых запісаліся назіраць за працэсам да «Чэсных людзей» і мяне клікалі. Я ім казаў: «Навошта вы робіце, усё роўна будзе, як было раней». Быў упэўнены, адным словам, што не варта ў гэта ўлазіць.

Але кампанія разрасталася, калі сабралася на Бангалоры шмат людзей, я ўразіўся і зацікавіўся.

У дзень выбараў я вырашыў, што сэнсу няма, але пайду. З серыі, рабі, што трэба, і хай будзе, што будзе. Белы бранзалет набыў, у мяне была тэніска з вышыванкай, апрануў яе, склаў як трэба бюлетэнь гармонікам, спампаваў Цоя «Перамен». Пад’язджаў да гэтай школы і ўключыў таго Цоя, каб падтрымаць людзей.

Выйшаў, зрабіў сэлфі, павесіў у «Фэйсбуку». Кажу: «Я зрабіў, што павінны быў, спадзяюся, вы таксама гэта зробіце». І вось, нечакана для мяне як папёрла, лайкі, расшары. Інтэрнэт быў па 10 хвілінаў праз дзве гадзіны, але я бачыў.

Пасля пачался гэтая жэсць. Я быў у горадзе, і калі пабачыў, што людзей позна ўвечары ўжо няма, сеў у машыну і паехаў дадому. А шлях ішоў праз Стэлу, дзе я ўпёрся ў аўтамабільны затор. І там гэтыя дымавыя шашкі, і АМАП лупіць людзей і людзі ім даюць жару.

Я быў у шоку, ад таго, што адбылося. Калі пачалі людзей хапаць, забіваць… Першыя чатыры дні пасля «выбараў» былі проста жудасныя. Мне вельмі пашанцавала, што я не патрапіў у замес. Хаця я паўсюдна ездзіў, сігналіў, хадзіў, прымаў актыўны ўдзел.

Праз паўтары месяцы мяне зачапіла таксама. Калі быў марш пенсіянераў, і іх закідалі дымавымі шашкамі. У мяне зноў было абурэнне. Я паехаў, здымаў на тэлефон, як стаяць 20 гэтых чорных касманаўтаў. Я іх проста зняў, а на наступным светлафоры яны мяне дагналі на двух бусах. Выскачылі, разбілі машыну, дасталі мяне, збілі пакуль я не згубіў прытомнасць.

Ачуняў я РУУС, там яшчэ некалькі разоў губляў прытомнасць. У выніку завезлі мяне ў траўматалогію. Машыну забралі, тэлефон, дакументы. Я тады ўсё новае зрабіў. Праз тры месяцы без ніякіх пратаколаў вярнулі. Машыну мне хлопцы бясплатна адрамантавалі, кожны тады дапамагаў, чым мог. Як у той фразе «Беларус беларусу беларус».

У 2020 годзе на хвалі грамадскага ўздыму лозунг пайшоў у народ

І я пачаў у сваім «Фэйсбуку» пісаць усё: інструкцыі выкладаць, як ціхароў высочваць і г.д. – і ў мяне паваліла папулярнасць. Мае допісы рэпосцілі па 2-2,5 тысячы разоў. Мы тады з падпісчыцай перапісваліся, і ў мяне тады і ўзнікла гэта «беларус беларусу беларус». Я пасля гэтага кожны свой допіс заканчваў гэтай фразай.

І недзе праз тры тыдні бачу, што беларус-беларусу-беларус ужываюць ужо ўсе навокал. Мне гэта было прыемна.

Калі сядзе ў турме, прачытаў у «Савецкай Беларусіі» пра марафон, калі збіралі грошы на палітзняволеных у Беларусі па ўсім свеце. І фотка з нейкага мітынгу замежнага, і нехта ідзе з плакатам «Беларус-беларусу-беларус». Я хлопцам паказваваю: «Вось, хлопцы, глядзіце».

Мяне таксама забіралі на Акрэсціна, я там сядзеў на сухой галадоўцы. 72 гадзіны прайшлі, калі яны павінны прад’явіць абвінавачванне, і яны заканчваліся ўвечары ў нядзелю. А суд павінны быць у панядзелак.

Таму ў нядзелю прыехалі супрацоўнікі, завезлі мяне ў Фрунзенскі РУУС і аформілі на мяне яшчэ два пратаколы. А я на сухой галадоўцы, ужо больш трох сутак нават вады не піў. Я спытаў, што яны аформілі, а міліцыянт кажа, што за п’янку мяне быццам бы ўзялі дзесьці на вуліцы Чэгладзэ ў Мінску, я размахваў рукамі, лаяўся і ўсё такое. Пасмяяўся, спытаў, ці ёсць медыцынскія доказы.

На судзе, праўда, гэтага пратаколу не было, а быў пратакол 23.34 КаАП (незаконны пікет). Мне далі 30 базавых штраф і адпусцілі.

Я тады схаваўся ў сябра на хутары і два месяцы сядзеў там. Пасля зразумеў, што ўляглося, паехаў да сябе ў вёску. Не моцна там хаваўся, але стараўся не адсвечваць у горадзе. Сядзеў, чакаў пераменаў. Гэта ўжо была другая палова 2021 года.

Карысці ад мяне ўжо ніякай не было, а з’язджаць я прынцыпова не хацеў, магу прыдасца ў любы момант і спадзяваўся, што той момант на носе.

Але пры гэтым думаў, што могуць узяць у любы момант. Жыць так, канечне, вельмі цяжка. Дзесьці машына, гул, выглядваю, ці не за мной прыехалі.

Пакуль сядзеў там, дзеля эксперыменту завёў кураў. Прадавалі птушкафабрыку з Украіны, прадавалі нясушак па тры рублі. Я набыў трыццаць. Падышоў да гэтага сур’ёзна, вучыўся, як што рабіць. Завёў цік-ток.

У мяне за чатыры месяцы было каля 600 птушак, 22 пароды, з іх палова экзатычныя. І 20 тысячаў падпісчыкаў, без рэкламы, выключна на кантэнце.

А потым па мяне прыехалі, узялі мяне. Прышылі мне 130 (распальванне варажнечы) і 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У нас унутры першых называлі «каментатары», а другіх – «пешаходы». Гэта ўсё было ў 2022 годзе.

Што стала з гаспадаркай?

Суседзі займаліся нейкі час. Кармілі курэй, гадавалі. Раздалі, распрадалі. Скончылася гэтая гісторыя.

І цябе ўжо не выпускалі?

Так, сядзеў да суда і па этапах паехаў.

Адчуваў там салідарнасць? Пісалі лісты?

Нам не даходзіла нічога. Мне толькі ад пары сяброў.

А адчуваў салідарнасць?

Я разумеў усё. Мы з сябрамі там размаўлялі… Але амаль усе палітзэкі зараз думаюць, што няма гэтай падтрымкі. Там моцна ўсё гэта абмяжоўваюць, прэсуюць нас. ШІЗО, пазбаўленні ўсяго, атаварка да 2 базавых, пасылка прыходзіць – палову на склад, быццам бы не праходзяць па патрабаваннях.

А якія ўмовы для палітзняволеных? Як ты сядзеў?

Гэта вельмі складана. Я зараз у дэпрэсіі паслятурэмнай. Я быў упэўнены, што я нармальны чалавек. Калі сядзеў там у ШІЗО, я быў упэўнены, што ў мяне з галавой усё ўпарадку. Так і ёсць, але псіхіка пасля гэтага перманентнага стрэсу, ёй трэба час, каб адысці ад гэтага ўсяго.

Я калі выйшаў, я адразу зразумеў, калі ў кампутара аператыўкі практычна няма, ён адкрывае вордаўскі дакумент практычна паўгадзіны, во, у мяне так з галавой было. Аператыўка кудысьці знікла.

Што было самае складанае ў турме?

Што адбываецца гэтая жэсць. Гэтая несправядлівасць перажываецца горш за ўсё. А ўсе фізічныя штукі… Чалавек можа звыкнуцца да ўсяго. Ежа – гаўно. Але самае галоўнае, што няма справядлівасці.

А было нешта карыснае?

Канечне. Гэта такі багаж, што проста супер. Па-першае, я навучыўся маляваць. Мае малюнкі былі… палка, палка, галава. А там сядзеў на Валадарцы, там у хлопца быў кніга, альбом, былі малюнкі раскладзеныя на чатыры этапы: накіды, далей і ўжо гатовы малюнак.

І вось, глядзі, да чаго я дайшоў. Гэта мой сын. Я яго намаляваў па фота. Я партрэты за цыгарэты там маляваў. Я да гэтага часу не веру, што гэта было намалявана маімі рукамі.

Я прыехаў сюды, адзін час змарнаваў апошнія грошы, набыў алоўкі, альбом, сцёрку, тачылку. Але пакуль не малюецца. Пакуль дэпрэсія. У хуткім часе, спадзяюся, аднаўлюся.

Я таксама навучыўся пісаць, я ж добра разбіраюся ў юрыспрудэнцыі, ведаю законы. Ведаю ўвесь крымінальны кодэкс.

Набыў шмат добрых кантактаў, сяброў. Я ўпэўнены, што ўсе гэтыя людзі назаўсёды застануцца маімі сябрамі, нават калі мы сустрэнемся праз дваццаць год. Бо гэта ўжо зусім іншы ўзровень кантактаў. З некаторымі, я тут ужо сустракаўся.

А чаму вырашыў з’ехаць з Беларусі?

Таму што не хачу болей сядзець. Там калі выходзіш, можна сказаць, што на кожным кроку ты разумееш… гэта не пагрозы. Табе трэба ездзіць адзначацца кожны тыдзень. Ты туды едзеш і не ведаеш, выйдзеш ці не.

На працу – я і не збіраўся ўладкоўвацца – але на працу не ўладкуешся. Размаўляў, сустракаўся з сукамернікамі, нідзе не бяруць. З адміністрацыйкай па 23.34 (цяпер 24.23) не бяруць, а з крыміналкай тым болей. А інспектар патрабуе, ты абавязаны працаваць.

І, канечне, яны ствараюць умовы, каб ты адтуль з’ехаў. Людзі і з’язджаюць. А я разумеў – я ж ужо адсядзеў – не хачу там сядзець без справы. І ў мяне ў Беларусі нічога, куча пазыкаў і ніякіх магчымасцяў.

А як у цябе справы складваюцца ў Польшчы?

Калі глядзець агулам, файна. Але ўвогуле я гляджу, калі размаўляю са сваім псіхолагам ці псіхіатрам. А звычайна я гляджу не ўвогуле, а з цэнтру. І з цэнтру – гэта трэш. Я ў дэпрэсіі. Мне ўсё лянота, але я кайфую.

Магу праляжаць увесь дзень. Але нічога не магу з гэтым зрабіць. Словы вылятаюць з памяці, магу самае банальнае забыцца і паўгадзіны прыгадваць.

Але мінімум адну справу ў дзень я раблю, але там-сям і атрымліваецца рабіць даволі шмат. Мне толькі трэба саспець, трохі ўмацавацца, у мяне ўжо ёсць шэраг праектаў, і я не сумняюся, што знайду пад іх грошы.

А што думаеш пра Беларусь? Ёсць мара вярнуцца?

Канечне. Я думаю, як бы ў мяне тут не папёрла, як бы развілася – можа я праз два гады якім мільянерам стану… Будзе бізнес працаваць, дык узяць кіраўніка справамі, яго можна пакінуў і сам едзь.

Мая вёска – гэта маё месца сілы, і яно будзе заўсёды мяне да сябе цягнуць.

Увага! Падтрымаць Сяргея Гуня можна праз збор на bysol.org

! Людзям унутры Беларусі пры пераводзе грошай варта клапаціцца пра бяспеку (не пераводзіць сродкі з картак беларускіх і расейскіх банкаў).

Штодзень

Related posts

Бізнесмен з Гомеля, які прыдумаў лозунг пратэстаў “беларус беларусу беларус”

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў