Чысты чацвер ва ўсім свеце бывае раз на год – напярэдадні Вялікадня, а ў Гомелі – штотыдзень. І спрыяе таму не рэлігійная, а савецкая традыцыя. Чаму супрацоўнікі розных арганізацый, замест сваіх прафесійных прылад, раз на тыдзень бяруць у рукі мётлы ці пэндзлі, разбіраўся “Штодзень”.
З 2023 года, па ініцыятыве кіраўніка гарвыканкама Уладзіміра Прывалава, кожны чацвер да прыборкі гарадскіх тэрыторый, акрамя камунальных службаў, далучаюцца працаўнікі розных дзяржаўных прадпрыемстваў. Жаданне зрабіць горад чыстым можна толькі ўхваліць. Але спосабы дасягнення гэтай мэты – рэч дыскусійная.
У першую чаргу неабходнасць прыцягнення старонняга персаналу сведчыць аб дрэннай арганізацыі працы камунальнікаў. Зразумела, выкарыстанне дадатковай колькасці асоб для ліквідацыі нейкіх разавых, нечаканых наступстваў непагадзі – снегападу, урагану і г.д. Не мае сэнсу трымаць у штаце вялікую колькасць супрацоўнікаў дзеля разавых выпадкаў, тут лагічна прыцягнуць валанцёраў. Але звычайная прыборка, якая ладзіцца штотыдзень, павінна рабіцца сіламі адпаведных службаў. Трэба разбірацца, што не так у іх працы і выпраўляць недахопы, а не маскіраваць іх прыцягненнем “памочнікаў”.
Другое сур’ёзнае пытанне – чаму працоўны час выдаткоўваецца не на выкананне службовых абавязкаў, а на прыборку тэрыторыі?
Альбо на прадпрыемстве ёсць тыя, хто не загружаны працай (тады трэба скараціць штат, бо заработная плата незанятых закладваецца ў цану тавару, робіць яго значна даражэйшым і, адпаведна, неканкурэнтаздольным).
Альбо асоба, што дзень патраціла на клінінг, вымушана будзе заставацца на працы ўвечары ці працаваць на выхадных, бо працу за яе ніхто не зробіць. Гэта ненармальна, бо працоўныя абавязкі трэба выконваць выключна ў працоўны час, а вольны час прысвячаць асабістаму жыццю. Рабіць нешта, карыснае для іншых – добра, калі валанцёрствам чалавек займаецца па ўласным жаданні і ў непрацоўны час.
Вырашэнне праблем не праз аналіз і паляпшэнне арганізацыі працы, а праз выкарыстанне бясплатнай рабочай сілы – добра ўсім знаёмая савецкая практыка. Напрыклад, студэнты, замест таго, каб атрымоўваць веды, гнулі спіну на ўборцы ўраджаю бульбы ці буракоў, бо стратныя калгасы не маглі дазволіць сабе наём персаналу на гарачы тэрмін (прыватнікі-фермеры даюць з гэтым рады, бо ўмеюць правільна распланаваць сваю дзейнасць і не мусяць атрымоўваць на гэта дазвол ці загад ад упраўленняў і міністэрстваў). І пакуль сістэма дзяржкіравання базіруецца на савецкай мадэлі (і падначаленыя бездакорна выконваюць загады), такая практыка будзе ў актыўным ужытку.