“Сенсацыя” ад СБ аказалася фэйкам

Неверагоднай інфармацыяй падзялялася калумністка «Беларусь Сёння» Алена Красоўская. Па яе звестках, Беларусь ўвайшла ў ТОП-30 уплывовых краін свету за 2025 год па версіі U.S.News & world report. І гэта выдатны прыклад таго, як прапаганда стварае «сенсацыі» на падставе відавочнай хлусні і невуцтва.

 

Артыкул ад Алены Красоўскай на «Беларусь сёння»

 

Адзіная праўдзівая інфармацыя ва ўсім артыкуле – гэта тое, што такі рэйтынг сапраўды існуе. Каб яго скласці, апытваюць больш за 17 000 рэспандэнтаў з 36 краін. Даследаванне лічыцца даволі аўтарытэтным.

Ці сапраўды сёлета Беларусь знаходзіцца на 29 месцы (усяго аналізуецца каля 90 краін), адказаць немагчыма, бо рэйтынга за 2025 яшчэ няма. Яно і лагічна: адкуль даныя за ўвесь 2025 год, калі на дварэ толькі травень? Ды й правядзенне даследавання вымагае часу.  Спасылку на старонку са спісам краін Красоўская не дае. Усё, што змаглі знайсці мы, гэта рэйтынг за 2024 год, і тое не цалкам, а толькі 5 першых пазіцый. Рэйтынг цалкам на сайце U.S.News & world report не апублікаваны.

 

Больш інфармацыі можна знайсці на іншых рэсурсах. Так, The New York Post паведамляе, што ў 2024 годзе Беларусь апынулася… на апошнім 89 месцы.

Што цікава, Красоўская абураецца… хлуснёй. Яна апісвае, што інфармацыю пра Беларусь праілюстравалі немаладой кабетай ля вясковага дома з драўляным дэкорам. Што за дом – незразумела, бо спасылкі на здымак ці скрыншоту публікацыі ў артыкуле прапагандысткі няма.

 

Шкада, што Красоўская не разумее, што хата з драўляным дэкорам – не састарэлая асацыяцыя з жыццём беларусаў, а адметнасць, якой можна было б ганарыцца, развіваць як архітэктурную традыцыю. А што магло б быць на фота (калі б яно, канешне існавала), аўтарка не піша. Мо незразумелай формы бібліятэка ці бязлікія панэлькі, якімі масава забудоўваюцца беларускія гарады?

Фантазёрка Алена Красоўская

 

Красоўская лічыць, што аўтары даследавання думкамі засталіся ў мінулым. Але падобна, што ў ХХ стагоддзі засталася яна сама, паколькі не разумее, што кожны чытач можа з лёгкасцю пашукаць нібыта апублікаваны рэйтынг ці папрасіць пацвердзіць інфармацыю ШІ. І такім чынам лёгка выкрые праўду. Але яе гэта не цікавіць, бо акрамя саміх прапагандыстаў СБ усё роўна ніхто не чытае.

Штодзень

Related posts

У Гомелі міністру прапанавалі з’есці “бацьку”

Гісторыя антываеннай песні, якая перамагла на Еўравізіі

Эспрэса макіята з прысмакам Еўрабачання