Лета – час, калі хочацца правесці шмат часу на прыродзе, ці хаця б на ўласным падворку. Калі шукаеце прыватны дом, але сучасная архітэктура падаецца вам простай і невыразнай, прапануем падборку самых нестандартных дамоў, што прадаюцца ў Гомельскай вобласці.
Аграсядзібу спецыфічнай архітэктуры прадаюць у Гомельскай вобласці за 400 000 долараў. Нетыповы будынак размешчаны ў вёсцы Гранаўка Рэчыцкага раёна. Бачна, што будынак будаваўся ў 1990-я, і неаднакратна дабудоўваўся і перабудоўваўся. Рамонт таксама з 1990– 2000 гадоў. Рэчыцкая эклектыка – так мог бы называцца гэты стыль. Пры гэтым гэта другая па вышыні цаны прапанова (даражэй толькі катэдж у цэнтры Гомеля за 500 000 долараў).
На фота бачны ці то гном, ці то Санта-Клаус. Мабыць, гэта амулет, які павінен спрыяць абыходжанню цяжкасцей у вядзенні агратурыстычнага бізнесу, выкліканых нядаўнімі зменамі ў заканадаўстве.
Дом-замак плошчай 290 м.кв. пабудаваны ўсяго на 18 сотках (месца, каб выкапаць адпаведны для замка роў і ўзвесці абарончыя муры, не хопіць) таму і давялося будаваць увышыню. Знаходзіцца патэнцыйнае радавое гняздо в. Дразды Мазырскага раёна. Цана 150 000 долараў – для рыцара, мабыць, не так ужо і шмат.
Дом з манументальнай (мо нават больш манументальнай, чым у слынных прыбіральнях гомельскага парка) лесвіцай на дах і комінам, што ідзе ад лесвіцы. Падобна, што новы ўласнік мог бы прапаноўваць жыллё ў арэнду як дэкарацыю да кіно ў стылі фэнтэзі ці казак. Месца знаходжання – Мазыр. Кошт 115 000 долараў.
Фота: www.moyareklama.by, kufar.by