Навошта лаўкі ў парку? Калі адзіны адказ, які прыходзіць вам у галаву, гэта “каб на іх сядзець”, раім завітаць у гомельскі парк Фестывальны, тут вас чакае шмат неспадзяванак!
Яшчэ 10 год таму ў гэтым папулярным сярод жыхароў Савецкага раёна месцы адпачынку пачалі з’яўляцца незвычайныя месцы для сядзення. Быў абвешчаны конкурс на дызайн-праекты лавак. Паўдзельнічаць мог любы ахвотны (большасць гомельцаў, на жаль, даведалася пра гэты конкурс, калі ён завершыўся, але гэта ўжо зусім іншае пытанне). Потым праекты-пераможцы былі рэалізаваныя. У 2022 г. традыцыю вырашылі прадоўжыць. На гэты раз стаць аўтарамі прапанавалі розным прадпрыемствам горада.
Здавалася б, пераўтварыць звычайныя рэчы ў арт-аб’екты – цудоўная ідэя. Але свет паляпшаюць не задумы, а іх рэалізацыя. А тут выявіліся пэўныя праблемы. Пачнем з падзей дзесяцігадовай даўніны.
На прыкладзе Гомеля спраўдзілася прымаўка “першы блін комам”. Толькі лічаныя экзэмпляры лаваў можна ацаніць станоўча. Большасць жа належыць да адной з дзвюх катэгорый. Першая мае сумнеўныя эстэтычныя якасці. Як піша “Белка”, пераможцаў выбіралі з васьмі дзясяткаў эскізаў. Цяжка нават уявіць, што ж прапанавалі іншыя ўдзельнікі, калі ў лік пераможцаў увайшло вось гэта:
На лаўкі, што належаць да другой катэгорыі, паглядзець часам прыемна, ды толькі карыстацца імі па прызначэнні цяжкавата. Як усядзець на лаве, што гушкаецца, як арэлі, ці схіляецца ўніз?
Зашыфраваць слова “Гомель” у зэдліку – цікава. Але такі зэдлік больш прыдатны, каб запосціць яго ў Інстаграм, чым для выкарыстання па прызначэнню.
Не магу не ўзгадаць лаву, якая адразу стала мэмам для жыхароў мікрараёна. Літары “Х”, “У” і “Z” спачатку ніяк не замацавалі, таму тутэйшыя гумарысты рэгулярна пераварочвалі “зэд” і складалі зусім іншае слова. Камунальшчыкам увесь час даводзілася прыводзіць лаву ў цэнзурны стан, таму праз нейкі час літары забетанавалі.
На шчасце, другую спробу стварэння лаў аматарамі можна прызнаць удалай. Значная частка месцаў для адпачынку выглядае прывабна і заахвочвае прысесці. Але…
Як вам падаецца, калі на алеі, дзе шпацыруюць у асноўным мамы з маленькімі дзеткамі, усталяваць лаву з педагагічным ухілам, чаму можна вучыць? Літарам і лічбам, сузор’ям ці літаратурным персанажам? Магчыма, але гэта не пра Гомель. Па тутэйшых паняццях галоўнае, што павінны ведаць малечы – гэта Другая сусветная вайна.
Канешне, памятаць страшнечу вайны трэба. Але лава побач з дзіцячай пляцоўкай – не адпаведнае месца для такіх успамінаў. Бо, як паказала жыццё, такая памяць не вучыць галоўнаму – рабіць усё магчымае, каб пазбегнуць паўтарэння рукатворнай катастрофы ў будычыні.
Дарэчы, падобна, што гэты “помнік” будаваўся для атлантаў, а не для людзей: вышыня ў лавы гэткая, што з камфортам тут размесціцца толькі асоба, вышэйшая за 170 см. А дзеткі дык і ўвогуле не здолеюць ускараскацца без дапамогі бацькоў.
Некатарыя новыя лавы можна назваць цалкам годнымі. Яны і эстэтычныя, і камфортныя.
Але частка з гэтых месцаў адпачынку выклікае пытанні па функцыяналу. Напрыклад, прытуліцца да металічных прутоў можна хіба што ў зімовай вопратцы. Але хто сядзіць на лавах узімку?
Галоўная праблема такіх лаваў – не ўлічана суразмернасць розных частак цела чалавека. Так, у некаторых лаваў месца для сядзення настолькі шырокае, што спінка выключна дэкаратыўная, скарыстацца ёй па прызначэнні не атрымаецца.
Але лавы для Фестывальнага праектавалі не прафесійныя мебельшчыкі, а рознагаліновыя прадпрыемствы. Між тым вулічная лава – гэта малая архітэктурная форма, якая мае ўтылітарнае значэнне. Гэта не інсталяцыі ў музеі сучаснага мастацтва. То бок, каб запраектаваць добрую лаву, трэба не толькі мець багаты мастацка-дызайнерскі досвед (каб была эстэтыка), але й добра ведаць эрганоміку.
Эрганоміка – навука аб прыстасаванні розных да пісхічных і фізічных патэб чалавека, суаднясенню іх з антрапаметрычнымі асаблівасцямі асобы.
Эрганоміка як навука ўзнікла яшчэ ў ХІХ ст, актыўна развівалася ў ХХ ст. У савецкія часы мэбля і іншыя рэчы маглі быць не сучаснымі, зробленымі з танных матэрыялаў. Але ў большасці сваёй яны абавязковы былі эрганамічнымі. На гомельскіх вуліцах яшчэ багата засталося лаў, зробленых па старых праектах.
Што такое эрганамічная лава? Сядзенне на ёй павінна быць камфортным як для спіны, так і для ног, не павінна стварацца напружанне для мышцаў. Паназірайце, як звычайна сядзяць людзі. Ніхто не сядзіць пад вуглом 90°С, ніхто не выцягвае спіну раўнютка. Натуральная поза для сядзення – плаўны выгіб. Вышыня лавы павінна быць такой, каб лёгка было садзіцца і падымацца, ногі не павінны звісаць, шырыня сядзення не павінна быць занадта глыбокай, бо іначай спіну не прытуліш. Старыя лавы цалкам адпавядаюць гэтым крытэрыям. Шкада, што на даўно вядомыя навуцы рэчы цяпер забыліся.
Дарэчы, менавіта старыя лаўкі ў сасонніку займаюцца ў першую чаргу. А новыя, нават у гадзіны максімальнай запоўненасці парку, нярэдка пустуюць.
Стымуляваць гараджан да актыўнага ўключэння ў вырашэнне ўрбаністычных пытанняў, безумоўна, трэба. Але, на наш погляд, такое ўключэнне добрае там, дзе не трэба мець нейкія спецыфічныя веды. Справы ж, якія патрабуюць грунтоўнага навуковага падыходу ды пэўнага досведу, варта давяраць прафесіяналам.