Гомельскія ўлады, як выглядае з данясенняў прапагандысцкіх СМІ, зацята вырашаюць праблему пакосу травы ў горадзе ў спецыяльна арганізаваным аператыўным штабе.
Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by
Іншыя рэгіёны, мабыць, вырашылі не адставаць і паказаць, што і тутака могуць аператыўна вырашаць найсур’ёзнейшыя праблемы. Новае слова ў змаганні за правы работнікаў сказалі прафсаюзныя структуры Беларусі: у Магілёве змаглі вырашыць драматычную праблему… малых памераў ботаў.
Так, у адной з арганізацый горада, па словах галоўнага тэхнічнага інспектара працы прафсаюза ЖКГ Юліі Дайнэка, адважны працаўнік не пабаяўся звярнуцца з просьбай: памяняць спецабутак, бо той цісне. Сапраўды, сур’ёзная пагроза бяспецы працы і, чаго ўжо там, жыццю.
Паводле сведчання работніка, на новай працы яму выдалі спецвопратку. Куртачка – добра. Штаны – шыкоўна. А вось боты, на вялікі жаль, аказаліся памерам меншыя.
– Іншых няма, разнасі, – параілі яму. Але герой нашай гісторыі не стаў мучыць ногі, а звярнуўся… у прафсаюз! І вось тут здарылася сапраўдная перамога працоўных сіл: наймальнік атрымаў адпаведнае прадпісанне, патрэбны памер ботаў у план закупак быў унесены. Пытанне вырашана! Дакладней, будзе вырашана, калі будзе знойдзена фінансаванне, праведзены тэндар, будзе рэалізаваная закупка – усё згодна з заканадаўствам.
Калі бачыш, што беларускія прадпрыемствы да таго бездапаможныя, што нават набыццё пары ботаў патрабуе старонняга кантролю, пачынаеш разумець, наколькі значнай арганізацыяй з’яўляюцца дзяржаўныя беларускія прафсаюзы. Без іх у такой сітуацыі, сапраўды, ніяк.