Бескультур’е. Трэш-фестываль “Славянскае адзінства”

Здавалася б, сцэнарый кожнага свята, што адбываецца ў Гомелі, пішацца па адным і тым жа шаблоне. Але кожны раз свята здзіўляе, бо пытанне «Што гэта было?» штораз становіцца ўсё больш актуальным. Не стаў выключэннем і фестываль «Славянскае адзінства».

 

 

Любое мерапрыемства патрабуе нейкай канцэпцыі. Але цяжка абгрунтаваць ідэю агульнай славянскай еднасці, калі з больш чым тузіна славянскіх народаў удзел бяруць толькі два. Прычым адзін з іх вядзе жорсткую вайну з суседняй славянскай краінай, а ад другога суседзі (таксама, славяне) адгароджваюцца плотам па ўсёй мяжы.

 

 

Мо і лагічна, што лейтматывам «Славянскага адзінства» стала Другая сусветная вайна. Бо гэта той момант, у які беларускі і рускі народы – ці не ўпершыню ў гісторыі? – сапраўды аб’ядналіся, каб перамагчы агульнага ворага. Бо ў ранейшых часах немагчыма знайсці стагоддзе, калі не было б узброеных канфліктаў паміж беларусамі і ўсходнім суседам.

 

Цяжка арыгінальна рэалізаваць у грамадскім мерапрыемстве добрую ідэю. Але рэалізаваць адсутнасць канцэпцыі яшчэ цяжэй. Таму градус фантасмагарызму і бутафарызму быў у Гомелі найвышэйшы.

 

 

Што можа сімвалізаваць танец дзеўчын, убраных па модзе 1940-х, якія шалёна, энергічнымі рухамі, лупяць хусткамі асфальт? Не вядома, як бы гэта выглядала ў іншае надвор’е, але наяўнасць лужын стварала ўражанне, што машына часу перанесла нас у гады савецкага дэфіцыту. Калі партыя сказала «Трэба прыбраць ваду», але лапат забракла і ў справу пайшла ўласная вопратка. У тыя часы загады кіраўніцтва, нават самыя бязглуздыя, ніхто не аспрэчваў. Падобна, што традыцыя пакорнасці жыва і дагэтуль, іначай навошта было ў моцную залеву выходзіць і маршыраваць па вуліцах з транспарантамі?..

 

А лапат не засталося, бо іх забралі хлопцы, каб ствараць грукат на сцэне. Мо гэта быў татэмны танец «Закапаем нашых ворагаў»?

 

 

Раз у назве фестывалю ёсць слова «славянскі», значыцца, абавязкова трэба ўпіхнуць народныя строі (ці хаця б нешта на іх падобнае). А наколькі гэта пасуе да зместу – не мае значэння, бо немагчыма не ўпісацца ў канцэпцыю, калі канцэпцыі няма.

 

Народныя строі на сцэне добра выглядаюць, альбо калі выконваецца народная музыка, альбо калі нешта сучаснае інтэрпрэтуецца ў народным стылі. Падобна, што арганізатары палічылі «Расцветали яблони и груши…» народнай песняй, раз ёй віталі чыноўнікаў у касцюмах.

 

 

Яшчэ больш дзіўна выглядаюць строі на ўдзельніках кавер-шоу, якія спяваюць сучасныя песні так, як у звычайным караоке, нават не спрабуюць надаць выступленню нейкую народнасць. Падобна, што «батарэйка села» ў рэжысёраў і сцэнарыстаў шоу, калі яны зацвердзілі такі канцэпт.

 

 

Квінтэсэнцыя псеўданароднага бескультур’я – песня са словамі «Царыца… царыца…» Пакінем на ўзбоччы густоўнасць расійскага арыгіналу кампазіцыі. Але ў перакладзе на беларускую мову ступень вульгарнасці ўзрасла да максімуму. Не «князёўна» ці «каралеўна», а «царыца»… Перакладчык нават не задумаўся над тым, што царыц на беларускіх тэрыторыях ніколі не было.

 

 

Але падобна, што адчуць сябе «царом», хаця б у нейкай ступені, хацелася б многім беларусам. Паглядзіце, як па-царску крочаць пад парасонамі асобы ў касцюмах і гальштуках, а побач, пад голым дажджлівым небам, васалы, якім трэба ўсміхацца. Парасоны яны ўжываць не могуць, бо рукі павінны быць занятыя маханнем сцяжкамі.

 

З такой «беларускай культурай» няма чаго дзівіцца, што частка беларусаў лічаць яе вульгарнай і грубай. Магчыма, яны проста сутыкаліся з «народнасцю» толькі на гарадскіх святах.

Штодзень

Фота і відэа: v.e.s.na, tvr_gomel, belkagomel, tatjana_trofinova. Гомельская праўда

Related posts

Гомель ці Гуанчжоў? Як горад пераймае кітайскую гарадскую эстэтыку

Што не так з першым гомельскім хмарачосам

“Сірэны 2-10 разоў за ноч”. Як жыве Ізраіль на фоне вайны з Іранам