Правал работы камунальных служб Гомеля. Зімова-ўрбаністычныя вынікі

 

За мінулы месяц стала відавочна, што камунальныя службы Гомельшчыны не здольныя даць рады снегападу. У тыя пару тыдняў, падчас якіх панавала сапраўдная зіма, бракавала тэхнікі, супрацоўнікаў і, самае галоўнае, належнай арганізацыі працы. Зразумела, што прыбраць адначасова снег ва ўсім горадзе цяжка, таму трэба было рацыянальна расстаўляць прыярытэты. Але часам на найбольш залюдненых месцах (напрыклад, на найбуйнейшых прыпынках грамадскага транспарту), снег ляжаў некрануты, пакуль не растаяў.

Ва ўсіх выпадках перавагу аддавалі транспарту, а не мінакам. Снег з дарог скідвалі на ўскраек ходнікаў, нават не задумваючыся, як будуць хадзіць людзі.

Вялікіх памераў ледзяшы ўтварыліся на дахах будынкаў адразу з надыходам маразоў. Але, за выключэннем мо асобных гмахаў па вул. Савецкай, іх нідзе не збівалі. Пры гэтым было зразумела, што халады прыйшлі ненадоўга. Толькі з пачаткам адлігі, калі пачаўся сапраўдны лёдасход, была дадзеная каманда масава збіваць ледзяшы. Зразумела, што аднамомантна немагчыма выканаць  такія працы па ўсім Гомелі. На жаль, у выніку ў горадзе былі зафіксаваны некалькі выпадкаў атрымання траўм ад падзення ледзяшоў.

З пазітыўных момантаў хацелася б адзначыць тое, што ходнікі перасталі без меры пасыпаць хімічнымі сумесямі. У мінулыя гады ўвесь цэнтр быў без патрэбы, нават калі пагрозы з’яўлення наледзі зусім не існавала, шчодра “аздоблены” чымсьці рудым, што шкодзіла і экалогіі, і выгляду вуліц, і абутку гомельцаў.

Прыемна здзівіла і адкрыццё галоўнай гомельскай ялінкі толькі 15 снежня. Тое, што калядныя агеньчыкі зіхацяць ажно з лістапада, мо прыемна для вока, але шкодна для бюджэту. У іншых краінах можна пабачыць, як рыхтавацца да Раства (ладзіць кірмашы, упрыгожваць вітрыны) пачынаюць значна раней, чым у Беларусі. Але там усё гэта арганізуе бізнес, якому патрэбна паспець прадаць да Калядаў як мага больш тавараў. Калі святочная мітусня прыносіць гораду грошы, чаму б не. Але мы, наадварот, толькі губляем на асвятленні і набыцці розных “драконаў” ці “свіней” за бюджэтны кошт. Горад, якому заўсёды бракуе грошай на самае неабходнае, павінен улічваць і гэты фактар і не марнаваць сродкі.

Ці з’яўляюцца адзначаныя пазітыўныя моманты вынікам дбайнага стаўлення з боку гарадскіх уладаў, ці наўпрост сведчаць аб крытычным стане гомельскай (і агульнабеларускай) эканомікі, невядома.

Штодзень 

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Фалацэнтрычны прымітывізм, або архітэктура Гомеля за апошнія 30 гадоў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі