Пра што мараць беларусы на Каляды

Нездарма ў самы чарадзейны час — на Каляды — прынята загадваць жаданні. Нягледзячы на цяжкія часы, чалавеку  хочацца верыць, што ўсё лепшае яшчэ будзе. І таму мы верым, марым, уяўляем і з надзеяй загадваем. Бо надзея ж – памятаеце?! – ідзе побач з верай і  любоўю.

Праца мастачкі Вольгі Якубоўскай

Кажуць, што ажыццявіць жаданні нашмат прасцей, чым здзейсніць мары. Гэта сцвярджаюць тыя, хто не ўмее ставіць мэты, не мае смеласці, мэтанакіраванасці, настойлівасці, выразнага плана і вялікага жадання дамагчыся вызначанага.

Напрацягу года беларусы ўпарта крочылі наперад, да сваіх мар: давалі прытулак і матэрыяльную падтрымку ўкраінскім бежанцам, дапамагалі несправядліва абвінавачаным суайчыннікам і іх сем’ям, пісалі паштоўкі палітвязням, распаўсюджвалі і тлумачылі “сонным” людзям праўдзівыя навіны, дзейнічалі, як маглі, у цяперашніх складаных умовах і абставінах. І не пераставалі верыць у лепшае. Чым нас, вялікіх і маленькіх герояў больш — тым святлей робіцца навокал. За кожнай вялікай агульнай справай стаяць звычайныя маленькія людзі-пясчынкі з ліхтарыкамі ў руках.

А пра што марыць беларус?

Пра тое, каб настаў мір, а ў дом прыйшоў дабрабыт, каб блізкія былі побач, шчаслівымі і здаровымі, і каб ніхто не ўмешваўся ў прыватнае  жыццё сям’і.

Каб Беларусь вызвалілася ад тэрору і страху, каб  расквітнелі новыя выдавецтвы, кавярні і крамы, з’явілася месца для творчых пляцовак, ініцыятывы і прадпрымальніцтва.

Каб развівалася новая сістэма адукацыі, у якой кожнае дзіця магло б атрымаць той узровень падтрымкі, які яму неабходны. Каб вучні маглі смела дыскутаваць з настаўнікамі , вучыліся  думаць і выказваць сваё меркаванне. Каб у праграме было больш годных беларускіх твораў і аўтараў.

Каб людзі цікавіліся беларускай мовай і спадчынай. Каб у Беларусі стала больш адрэстаўраваных замкаў і сядзіб, музычных і літаратурных фестываляў, месцаў для сямейнага адпачынку.

Каб усе палітвязні выйшлі на волю. Каб сумленныя журналісты  маглі надалей праўдзіва асвятляць навіны.

Каб усе, хто з’ехаў з Беларусі, як мага хутчэй змаглі сюды вярнуцца  і ўздыхнуць вольна . Каб расцілі тут сваіх дзяцей і ведалі пра іх бясхмарную будучыню.

Каб слова “чалавек” не з’яўлялася пустым гукам. Каб перамагло дабро, справядлівасць і здаровы сэнс. Каб у краіне пачаў праваць закон і за кратамі апынуліся толькі злачынцы. Каб улада пачыналася з кожнага грамадзяніна — з кожнага з нас.

Каб вуліцы нашых гарадоў і вёсак былі названыя ў гонар беларускіх герояў, спартсменаў і творцаў, а не савецкіх палітычных дзеячаў.

Каб Беларусь нарэшце зажыла пад сваім сапраўдным сцягам, са сваім гербам і гімнам,

Пра што марыць беларус?.. Выходзіць, што  не так многа нам і патрэбна:

ХЛЕБА, СОЛІ, ЗЯМЛІ, ВОЛІ.

З маімі суачыннікамі мне не страшна загадваць і рухацца наперад, у новы год (год коцікаў, дарэчы), да сваіх мар. Я веру, што  разам мы дзейснім іх.

І няхай Неба пачуе нас!

Штодзень

Аўтар: Мар’яна Ліс

 

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны