Пра розных беларусаў і ўкраінцаў

Фота: razam.de

Я сустракала розных беларусаў:

Тых, хто ў спякотны дзень пашкадуе ўліць сабаку вады, і тых, хто пачастуе бяздомнага шыкоўным абедам;

Тых, хто ганарыцца сваёй краінай і тых, хто лічыць сябе малодшым братам рускіх;

Тых, хто да канца жыцця будзе адстойваць праўду і тых, хто мяняе свае погляды і прынцыпы ў адрозненне ад таго, адкуль падзьме вецер;

Тых, хто купляе для ўкраінскага уцекача планшэт, і тых, хто абураецца, што бежанцы маюць патрэбу не толькі ў пачаку аўсянкі, але і ў кухоннай мэблі ды новых фіранках;

Тых, хто сцвярджаецца за кошт чужой бяды, выстаўляючы напаказ фоткі сваёй дабрачыннасці, і тых, хто ананімна пералічвае грошы ці моўчкі прывозіць торбы з прадуктамі.

Украінскіх мігрантаў я таксама бачыла розных:

Тых, хто скардзіцца праўладным СМІ на валанцёраў, і тых, хто моліцца за беларускіх палітвязняў;

Тых, хто шчыра дзякуе за шакаладку, і тых, хто піша “мяне ванітуе ад вашага печыва, мне патрэбна дамская торбачка і пыласос”;

Тых, хто кажа, што ў беларускіх глыбінках “чысценька і стабільна” і тых, хто здзіўляецца, як выжываюць людзі ў нашых вёсках на мізэрны саўгасны заробак, які ніколі не даюць своечасова.

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Палітвязень змешчаны за краты за дапамогу рэпрэсаваным

 

Людзі ўвогуле розныя… Большасць з нас існуе ў сваёй мыльнай бурбалцы – сваёй рэальнасці – і не заўважае паралельныя.

Але ж ёсць і тыя, хто здольны не проста цвяроза ацэньваць сітуацыю і шматлікія змены ў ёй, але і дзейнічаць – бескарысліва дапамагаць іншым. Не разважаць, навошта гэта патрэбна, і чаму наша дзяржава не вырашае праблемы бежанцаў, а пераходзіць да рэальных дзеянняў. Нягледзячы на тое, што за дабрыню і самааданасць у нас не тое што не дзякуюць, але яшчэ і караюць.

Усё болей беларусаў далучаюцца да дабрачыннасці. Не трэба баяцца даваць сябрам спасылкі на тэлеграм-каналы і старонкі, дзе можна даведацца, каму і якая дапамога неабходна. Я не пытаюся ў знаёмых: “ці ёсць у цябе абутак у добрым стане, які можна перадаць украінскім бежанцам?” Я кажу, што перадала дзіцячыя цацкі – а сябры цікавяцца, як можна далучыцца і што перадаць.

Хто мае магчымасць – дапаможа з набыццём планшэта ці пыласоса, хто не мае – прынясе бляшанку згушчонкі і крэм для рук. Проста так, таму што лічыць дапамогу нормай і не можа прайсці міма чужой бяды.

Той, хто дае, і той, хто атрымлівае – аднолькава адчуваюць радасць, светлую надзею і веру ў лепшае – у дабрыню, шчырасць і чалавечнасць.

Падтрымка выяўляцца не толькі ў грашах. Часам можна дапамагчы справай (завезці, падвезці, працаўладкаваць) ці нават душэўнай размовай. У шматлікіх выпадках важна проста пачуць фразу: “Усё будзе добра, мы побач, і нас многа”.

Не ведаю, ці здольныя людзі, якія вышукваюць недахопы ў дабраахвотнай валанцёрскай дапамозе, на спачуванне, шчырасць і велікадушнасць.

Але дакладна ведаю, што калі (крый божа) давядзецца патрапіць у складаную жыццёвую сітуацыю, то побач будуць рукі і плечы неабыякавых беларусаў – і гэта грэе мне сэрца.

Штодзень https://t.me/shtodzien

Мар’яна Ліс

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі