Пра значнае скарачэнне колькасці беларускіх земляў, забруджаных радыеактыўным цэзіем прадстаўнікі ўладаў паведамілі на адмысловай прэс-канферэнцыі 22 красавіка. «Штодзень» паразмаўляў пра гэта з радыяцыйным хімікам Сяргеем Бесарабам, які кажа, што з лічбамі не ўсё так проста.
Наколькі сэнсоўныя гэтыя заявы пра скарачэнне забруджаных радыяцыяй тэрыторый?
Сэнс у гэтым ёсць, таму што перыяд паўраспаду цэзія-137 – 30,17 гадоў. То бок атрымліваецца, што ў 1986 годзе 1 грам гэтага цэзію меў актыўнасць 88 кюры, прайшло 1,23 перыяду паўраспаду, і ад той масы, якая была выкінутая з рэактара, засталося 43.5% – трохі менш за палову. Атрымліваецца, што радыеактыўнасць стала ў 2,35 разы меней. То бок лічбы 1,8 і 2,35 плюс мінус неяк умоўна карэлююцца.
Але тут справа ў тым, што гэтыя лічбы гэта яшчэ не ўсё.
Акрамя цэзія ёсць яшчэ стронцый-90. Ён не так далёка паляцеў як цэзій, але, напрыклад да Лунінца (Брэсцкай вобласці) яго данесла, прытым забрудзіла 25% тэрыторыі. У яго перыяд паўраспаду меншы, чым у цэзія (28,8 гадоў), але большая актыўнасць. 1 грам стронцыя ў 1986 годзе выдаваў 150 кюры, а ў 2023 – 61,5 кюры. Актыўнасць стала ў 2,44 разы меней. Яго засталося прыкладна столькі ж, колькі цэзія, а яшчэ ён вельмі добра назапашваецца ў дрэвах і яго аб’ёмную актыўнасць немагчыма вызначыць побытавымі дазіметрамі, патрэбны вельмі рэдкія прылады з палістырольнымі дэтэктарамі…
Другое, у мінулым годзе была гісторыя пра тое, што ў баварскіх дзікоў знайшлі вельмі высокі ўзровень радыяцыі, ахавую канцэнтрацыю цэзія ў мясе. Пачалі выясняць, у чым справа. Аказалася, што яны рыліся ў зямлі, асабліва зімой, калі не было чаго есці, і шукалі, так званы аленій труфель – грыб, які расце на глыбіні 10-15 сантыметраў.
Гэты алені труфель выступаў як неверагодны канцэнтратар чарнобыльскага цэзія. Заўважу, што ад ЧЭАС да Баварыі недзе 2 тысячы кіламетраў. Тым не меней, гэты чарнобыльскі цэзій даляцеў нават туды і за 37 год міграваў пад глебу на глыбыню недзе 15 сантыметраў. Уявіце, якая зараз колькасць таго цэзію на той жа глыбіні, але ў Беларусі, у сотнях кіламетраў ад ЧАЭС, а не ў тысячах.
Тое што амаль ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці перавышэнні ў грыбах і ягадах у дзясяткі разоў – пра гэта і казаць не трэба. Гэта пацвярджаюць і мясцовыя цэнтры гігіены. Тут больш цікава, што 70 тысячаў уласнікаў дамоў рэгіёна грэюць свае будынкі пячным ацяпленнем. А лес – гэта адмысловы канцэнтратар цэзія і стронцыя. Калі драўніну з назапашанымі радыенуклідамі спальваюць, то зафіксаваныя ізатопы ізноў становяцца мабільнымі. Тое ж тычыцца спальвання травы. Радыеактыўныя іоны, якія за 37 год пасля аварыі больш-менш зафіксавалася ў раслінах, мы пераводзім у той жа выгляд, у якім ён быў у 1986 годзе, – лятучы.
Улічваючы, што памяншаецца колькасць вёсак, не апрацоўваецца зямля, то вонкавага забруджання становіцца меней, але на самой справе той жа цэзій проста змяняе свой стан і чакае, каб яго выкарысталі. Агучаныя лічбы пра скарачэнне забруджаных тэрыторыяў ні да чаго не прывязваюцца і ні аб чым не кажуць. Мне падаецца, яны самі не разумеюць, навошта гэтыя звесткі былі агучаныя.
Цалкам верагодна, што гэта звязана з ідэяй Лукашэнкі распрацоўваць землі, якія былі забруджаныя радыяцыяй. Наколькі гэтая ідэя мае сэнс?
Калі яны пачнуць апрацоўваць, араць гэтыя землі, то тое, што зафіксавалася на глыбіні 10-15 сантыметраў у нейкай лугавой расліннасці, падымуць наверх. І тады ўжо гэтыя мабільныя формы радыенуклідаў з прадуктамі пойдуць да людзей. Хутчэй за ўсе забруджанае тады будуць разбаўляць чыстым, як раіла ў 1986 годзе рабіць з радыеактыўным малаком пастанова ЦК КПСС №32 ад 22.08
Нейкіх новых даследаванняў наконт дэзактывацыі ці распрацовак у галіне прыродакарыстання забруджаных тэрыторый у апошні час у прынцыпе няма, ды і не можа быць, улічваючы тое, што зрабілі з беларускай навукай. Так што нешта выгадуюць, змяшаюць, атрымаюць невялікі эканамічны эфект.
Дарэчы, гэтая вечная спрэчка, якая згушчонка лепей, рагачоўская ці глыбоцкая. Я калісьці змерыў іх аб’ёмную актыўнасць па цэзію-137. Атрымалася, што ў абсалютных лічбах у рагачоўскай узровень ніжэйшы, хаця і там, і там радыеактыўнасць нават ніжэй за норму. Зараз калі яны пачнуць актыўна вяртаць у сельскагаспадарчае выкарыстанне забруджаныя землі, то рагачоўская ўжо магчыма і не будзе такая добрая, бо завод збірае малако з ваколіцаў, дзе шмат розных радыяцыйных плямаў-анамалій.
Ці ёсць хоць нешта, што можна рабіць на гэтых землях?
У свой час беларускія навукоўцы падрыхтавалі сур’ёзныя рэкамендацыі, і агратэхнічныя, і зааінжэнерныя наконт таго, што трэба рабіць, каб знізіць колькасць радыяцыі ў прадуктах і глебе. Гэтага ніхто не робіць. Я пытаўся дзеля цікаўнасці ў аграномаў, яны смяюцца з гэтых рэкамендацыяў. Гэта занадта складана, дорага. Калі б яны выкарыстоўваліся хаця б цягам двух дзесяцігоддзяў, магчыма, мы б жылі бы ўжо ў іншай Беларусі, быў бы забруджаным толькі невялікі кавалак палескага радыелагічнага.
Але першы час людзі баяліся і нешта рабілі, а пасля самасёлы з’явіліся, уся агратэхніка легла. Зараз я не здзіўлюся, калі проста дазіметры забароняць. Радыяцыі не бачна, значыць, яе няма.
На сёння на гэтых тэрыторыях нельга нічога паліць. Трэба пазбягаць любых пажараў, выкошвання і спальвання травы, выпасу жывёлаў, высечкі леса, любога будаўніцтва. На 100% пазбягаць усяго, што пераводзіць цэзій у мабільны выгляд.
Калі расіяне напалі на Украіну з боку забруджанай тэрыторыі, я казаў тады, што яны коламі грузавікоў уздымаюць пыл, разбураюць слой глебы, робяць цэзій, стронцый і ўсе ізатопы больш мабільнымі. І лукашэнкаўскае асваенне земляў дасць радыенуклідам такое ж другое жыццё. Можна толькі сцяўшы зубы на гэта глядзець.
Самы лепшы варыянт тое, што існуе на месцы аварыі ЧАЭС. Месца, дзе жывуць нейкія жывёлы, развіваюцца біягеацэнозы, расліны звязваюцца, і радыеактыўныя рэчывы апускаюцца ніжэй і ніжэй. Яшчэ 30 гадоў яны заглыбяцца на паўметра, да 10-15% скароцяцца плошчы забруджанай тэрыторыі. Тады ўжо ў тэорыі можна разглядаць пытанне пра нейкую сельскагаспадарчую актыўнасць.
Радыяцыі спех чалавека смешны. Лукашэнка адчувае, што яго час падціскае, ён спяшаецца. А ва ўрана перыяд паўраспаду мільярды гадоў, што яму тыя жаданні.