Калі ў 2020-м годзе па ўсёй Беларусі людзі выходзілі на вуліцы з патрабаваннем праўды і справядлівасці, многія не здагадваліся, што наступствы гэтых падзей будуць адчувацца гадамі. За гэты час свет зрабіў гіганцкі крок наперад — у тэхналогіях, навуцы, міжнароднай палітыцы. А Беларусь… засталася ў сваіх турмах, на “сутках” і ў вымушанай эміграцыі.
Тэхналагічны рывок
Пакуль палітвязні праводзілі і праводзяць свае дні ў карцарах і калоніях, чалавецтва зрабіла крок, які параўноўваюць з прамысловай рэвалюцыяй. Штучны інтэлект — найперш моўныя мадэлі накшталт ChatGPT — пачаў выконваць працу праграмістаў, перакладчыкаў, юрыстаў, дызайнераў. У 2022 годзе GPT-3 уразіў свет, а ўжо ў 2023-м OpenAI прэзентаваў GPT-4, здольны пісаць код, вершы, рэкламныя слоганы і нават здаваць экзамены лепш за людзей. У 2024-м тэхналогія стала паўсядзённай. За лічаныя месяцы штучны інтэлект стаў паўсюднай з’явай: 40% офісных прафесій у развітых краінах цяпер узаемадзейнічаюць з ШІ кожны дзень.
Беларусь у стылі кіберпанк. Карцінка створаная chatgpt
Кампаніі кшталту NVIDIA выраслі ў 5–10 разоў па капіталізацыі. З’явіўся новы сегмент рынку: генератыўны штучны інтэлект.
З’явіліся магчымасці генерацыі малюнкаў і відэа на аснове тэксту, новыя інтэрфейсы працы з інфармацыяй. Мы ўжо жывём у свеце, дзе віртуальны памочнік можа быць роўным чалавеку па многіх інтэлектуальных задачах.
Медыцына і вакцыны
Пандэмія COVID-19 у 2020–2021 гадах забрала паводле афіцыйных звестак САЗ больш за 7 мільёнаў жыццяў. Але ўпершыню чалавецтва настолькі хутка распрацавала вакцыну: першыя дозы mRNA-вакцын ад Pfizer і Moderna з’явіліся ўжо ў канцы 2020.
Вайна, якая змяніла свет
У 2022 годзе Расія распачала поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны. Гэта не толькі развязала найбуйнейшую вайну ў Еўропе з часоў Другой сусветнай, але і змяніла глабальны расклад сілаў, уключаючы статус Кітая, ЗША і НАТА. Беларусь стала саўдзельніцай у ваенным уварванні, што зафіксавана ў дакументах міжнародных структур. Большасць краін свету працягвае ўспрымаць рэжым у Беларусі як аўтарытарны і небяспечны.
Беларусь: рэпрэсіі, эміграцыя, апатыя
У самой Беларусі працягваюцца жорсткія рэпрэсіі. Паводле праваабаронцаў, за гэты час у краіне былі асуджаныя дзясяткі тысяч чалавек, многія сядзяць другі або трэці раз. Па стане на ліпень 2025 года статус палітзняволенага маюць каля 1 500 чалавек, але рэальная лічба — значна вышэй.
Прыкладна 400–500 тысяч беларусаў вымушана пакінулі краіну — гэта цэлая вобласць. Яны пабудавалі новыя медыя, школы, грамадскія структуры, універсітэты ў эміграцыі. Але сама краіна ўсё больш зачыняецца, ператвараючыся ў вайсковую зону пад маскай стабільнасці.
У адукацыі — дэфіцыт кадраў, выкладанне становіцца інструментам ідэалагічнага кантролю. Нядаўна прыняты закон, які назаўжды забараняе людзям з са статусам палітвязняў працаваць з дзецьмі. Інакш кажучы, сотні інтэлігентных, адукаваных, адданых сваёй прафесіі настаўнікаў будуць выкінутыя з сістэмы адукацыі.
Скрадзены час палітвязняў — гэта разбуральны час для грамадства. Свет паспеў увайсці ў эпоху штучнага інтэлекту, а Беларусь — у эпоху інстытуцыялізаванага цемрашальства. Пакуль палітвязні не вызваленыя, краіна застаецца ў мінулым. Але яны — не мінулае. Яны — наш боль.