“Штодзень” паразмаўляў з былым жыхаром Рэчыцы Барысам Балтэ, які пражывае ў Ізраілі, пра прычыны вайны і наступствы ад яе.
— Барыс, як вы ацэньваеце ўзровень прагназаванасці апошніх падзей? Шмат хто быў здзіўлены, калі прыйшлі паведамленні пра сігнал трывогі ў Ізраілі…
– Каля 3-й ночы загучалі сірэны — па ўсёй краіне, а не толькі ў пэўных рэгіёнах. Акрамя таго, людзі атрымалі SMS-паведамленні пра надзвычайную сітуацыю. Раней такое бывала, калі стралялі з Газы. Але гэтым разам высветлілася, што ўдары ішлі з Ірана. І вельмі хутка ў навінах з’явілася інфармацыя: пачалася маштабная ваенная аперацыя. Гэта сапраўды было нечакана. Ніводзін эксперт не прадказваў падзеі ў такім маштабе. Цяпер, зразумела, усе аналітыкі кажуць, што «мы ж папярэджвалі», але ў рэальнасці прадбачыць такое было немагчыма.
Былы жыхар Рэчыцы Барыс Балтэ
Адразу ў эфір выйшаў праўладны 14-ы тэлеканал, які працуе кругласутачна і транслюецца таксама на YouTube. Там з’явіўся зварот прэм’ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нэтаньягу, які падкрэсліў: «Мы не ваюем з іранскім народам, мы выступаем супраць рэжыму Аятол. Мы падтрымліваем іранцаў. Гэта не пра слабасць — гэта пра прынцыпы.»
Перад грамадскасцю таксама выступілі міністр абароны і начальнік Генштаба, якія афіцыйна пацвердзілі: так, гэта ваенная аперацыя. У эфіры з’явіліся штодзённыя зводкі — пра сітуацыю на поўначы, поўдні, працу СПА і г. д.
— Барыс, але многія зараз кажуць пра «пачатак Трэцяй сусветнай вайны». Ці вы падзяляеце гэтыя страхі?
— Не думаю, што гэта Трэцяя сусветная вайна. Яна пачнецца толькі, калі ў канфлікт уступяць ЗША або Кітай. А пакуль гэта — рэгіянальны канфлікт.
У Ізраілі ўсё прайшло досыць ціха. Першы этап аперацыі прайшоў эфектыўна:
– знішчаны амаль увесь іранскі Генштаб;
– забіты камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі Ірана;
– знішчаны кіраўнік Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі;
– паводле некаторых крыніц — таксама начальнік Генштаба Ірана;
– забіты вучоны, які займаўся распрацоўкай ядзернай зброі;
– удары нанесены па ключавых прамысловых і вайсковых цэнтрах, а таксама па «элітных кварталах» Тэгерана.
Іран можа спрабаваць адказаць. Але трэба разумець: Ізраіль і Іран не маюць агульнай мяжы. Паміж імі — Сірыя, Іарданія, Ірак. Да таго ж шэраг краін ужо закрылі паветраную прастору для іранскіх дронаў, а Ізраілю дазволілі выкарыстоўваць неба для сваіх самалётаў. Таму ўдары прайшлі праз паветраную прастору гэтых краін.
— А калі б коратка патлумачыць беларусу, у чым сутнасць цяперашняй эскалацыі?
— Мінімальная мэта Ізраіля — не дапусціць стварэння Іранам ядзернай зброі. Максімальная — звяржэнне рэжыму Аятол. Ужо з’яўляюцца паведамленні пра магчымыя пратэсты ў Іране. Улады прывялі паліцыю і сілавікоў у баявую гатоўнасць.
Асноўны мэсэдж, які можна вынесці: “Не спадзявайцеся на іншых. Калі нехта адкрыта пагражае вам знішчэннем — верце яму. І дзейнічайце першымі. Жыццё — адно. І яно вартае таго, каб за яго змагацца.”