Хто праязджае ці праходзіць па вул. Палескай, хутчэй за ўсё зверне ўвагу на новы будынак, які адрозніваецца ад тыповых шматпавярховікаў у спальных мікрараёнах. Можа, гэта першы гомельскі дом, які можна назваць сапраўды сучасным якасным жыллём? Каб зразумець гэта, прааналізуем, чаго вымагае ад забудовы ўрбаністыка ХХІ века, і наколькі азначаны дом адпавядае гэтым патрабаванням.
Добрае сучаснае жыллё павінна адпавядаць шэрагу крытэрыяў. Вось асноўныя з іх.
НЕВЯЛІКАЯ КОЛЬКАСЦЬ ПАВЕРХАЎ
Высокія будынкі давяць сваім памерам на чалавека і негатыўна ўплываюць на ягоную псіхіку. Прагрэсіўным трэндам ва ўрбаністыцы лічыцца ўзвядзенне хмарачосаў толькі там, дзе зямлі катастрафічна не хапае (у мегаполісах ці перанаселеных краінах). Ва ўсіх астатніх выпадках аптымальнымі лічацца трох-чатырох, ці максімум пяціпавярховыя будынкі. Дом на скрыжаванні вул. Палескай і Кірава мае толькі пяць паверхаў, то-бок, паводле паказчыка габарытаў, гэтая забудова цалкам адпавядае сучасным нарматывам. Пры гэтым, згодна з праектнай дакументацыяй, у доме маецца ліфт. Для гмаху, ніжэйшага за 6 паверхаў, гэта паказчык павышанай камфортнасці.
ЗЯЛЁНАЯ УТУЛЬНАЯ ТЭРЫТОРЫЯ
Ідэал – цалкам агароджаная прастора, дзе нават малыя дзеткі могуць самастойна гуляць, без рызыкі патрапіць пад аўтамабіль, суседзі сустракаюцца за барбекю, пенсіянерам утульна сядзіцца на лаве пад ценям дрэў. Машыны ў гэты час знаходзяцца ў падземным гаражы.
Што мы бачым ля дома на Палескай? Ані дрэўца, ані месца для кветніка. Двор – суцэльная паркоўка. Пры гэтым дом знаходзіцца на адной з самых забруджаных гомельскіх вуліц, вельмі блізка ад праезджай часткі. Пра падземны гараж нават гаворка не вядзецца.
ТЭРАСЫ І БАЛКОНЫ З ЗЕЛЯНІНАЙ, ЭКСПЛУАТАВАНЫ ДАХ
Паколькі двара ў дома фактычна няма, недахоп зеляніны можна было б хоць часткова кампенсаваць вертыкальным азеляненнем – на балконах, тэрасах і даху. Але балконы забудоўшчык адразу ашкліў. Акрамя як дадатковае месца складзіравання і сушкі бялізны, яны ні на што не прыдатныя.
На фасадзе архітэктары прадугледзелі месца для кандыцыянераў (за сінімі рэйкамі). Гэта добра, бо хаатычна раскіданыя металічныя боксы сапсуюць самы прыгожы будынак. Але гэта далёка не ідэал.
Так выглядае адзін з самых прэстыжных (і дарагіх) раёнаў Варшавы, дзе практычна кожны мае кандыцыянер. Але звонку гэтага не бачна, бо прылады схаваныя на балконах, і нішто не парушае агульную эстэтыку. Але невялічкія, адразу ашклёныя, беларускія балконы такой магчымасці не прадугледжваюць.
Агароджа на даху і рызалітах у гомельскім доме дае надзею на наяўнасць некалькіх кватэр з тэрасамі і выхадам на эксплуатаваны дах. Але больш падобна, што на версе месціцца тэхнічны паверх, а не таунхаусы.
ДОБРАЯ ІНСАЛЯЦЫЯ
Чым большы памер акон, тым больш сонечнага святла патрапіць у кватэру і палепшыць мікраклімат. Вокны ў новым доме самыя звычайныя. А праз ашклёныя балконы ў пакой патрапіць нават менш прамянёў, чым магло б.
БЕЗБАР’ЕРНАЕ АСЯРОДДЗЕ
Сапраўднае безбар’ернае асяроддзе – гэта не пандусы ля кожнага пад’езда, а такім чынам спраектаваныя кварталы, што ніякія пандусы не патрэбны.
Першы паверх гэтага нарвежскага дома знаходзіцца на адным узроўні з ходнікамі. Увайсці здолее кожны. Чаму на беразе мора так можна пабудаваць, а ў цэнтры горада, на раўніне з устойлівым грунтам не – невядома. Таму жыхарам новага гомельскага дома давядзецца традыцыйна ўздымацца па прыступках.
Такім чынам, новы дом на Палескай, бясспрэчна, выглядае лепей, чым большасць шматпавярховікаў гомельскіх у спальных мікрараёнах. Ды ўсё ж назваць гэтае жыллё прагрэсіўным і сучасным, на жаль, нельга. Будзем спадзявацца, што гэта толькі першы крок на шляху да ўтульнага і камфортнага горада.