Няздзейсненае антысавецкае паўстанне, вялікія грошы і гульня спецслужб. Жыццё Цімоха Вострыкава

Як гомельскі хлопец кінуў жыццё ў ЗША і вярнуўся на радзіму, каб змагацца з бальшавікамі, чытайце на старонках “Штодня”. У артыкуле мы не раскрываем прозвішчы суразмоўцаў, каб у іх не ўзніклі праблемы ў цяперашняй Беларусі.

Цімох Вострыкаў, Лювэн, 1951. Фота: Радыё Свабода

Як адзначалі гомельскія актывісты, Цімох Вострыкаў мог бы спакойна жыць за мяжой, але пагадзіўся вярнуцца назад, калі савецкая ўлада ўсталявалася ўжо ў Беларусі пасля вайны. Ён вырашыў вызваліць Беларусь ад бальшавіцкай навалы, але быў “прададзены здраднікам” і адсядзеў 25 год лагераў ад званка да званка. Да самай смерці Цімох Вострыкаў жыў пад наглядам спецслужбаў.

 

Раскулачванне бацькі і мабілізацыя на фронт самога Цімоха Вострыкава

 

Нарадзіўся Цімох Вострыкаў у 1922 годзе ў вёсцы Баршчоўка, што ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці.

Для даведкі: вёска вядомая яшчэ з 16 ст., знаходзілася ў складзе Рэчыцкпага павету ВКЛ і да першага падзелу Рэчы Паспалітай была ўлададаннем Чартарыйскіх, Пасля 1772 года гвалтоўна апынулася ў складзе Расейскай імперыі. У савецкія часы многія сяляне з Баршчоўкі не хацелі ісці ў калгасы. Сярод іх – і бацька Цімоха Вострыкава Якім. За адмову працаваць у калгасе Якіма Вострыкава рэпрэсавалі. У 1939 годзе яго асудзілі на тры гады турмы. На той момант Цімоху Вострыкаву было ўсяго 17 год.

Сын Вострыкава Ілля ў свой час згадваў сямейныя ўспаміны, як ягонага дзеда раскулачылі:

Раскулачвалі паслядоўна, пачыналі з маленькіх падаткаў, далей падаткі павялічвалі ўсё болей. А калі дайшлі да такіх памераў, што немагчыма было выплаціць налічаныя падаткі, то забіралі ўсё, што можна было забраць. Спачатку жыўнасць: кароў, свінняў, кураў, коней. Потым забралі гумно і пуню. А потым, калі быў крытычны момант і трэба было вырашаць, ці ісці дзеду ў калгас, то сабралі сямейны кансіліум, каб вырашыць, што рабіць. На сямейным кансіліуме яму сказалі, каб сам вырашаў. І вось калі раніцай па яго прыйшлі ці ў турму, ці падпісваць паперку ісці ў калгас, то ён сказаў, што лепей у турму. І яго забралі, адтуль ён ужо не вярнуўся.

Старажылы Баршчоўкі распавядаюць, што ў вёсцы многія сем’і не хацелі ісці ў калгас. І ўсіх нязгодных мужчын арыштавалі. Якіма Вострыкава, калі ІІ Сусветная вайна прыйшла на савецкую тэрыторыю, не вызвалілі, а этапавалі ў Сібір, дзе ён і загінуў.

Цімох Вострыкаў скончыў настаўніцкія курсы ў 1940 годзе і працаваў настаўнікам да 1941-га, калі яго забралі на фронт. На фронце ён патрапіў у акружэнне і патрапіў у палон. Аднак з палону ён змог уцячы.

Ягоны сын Ілля падзяліўся сямейнай гісторыяй пра ўцёкі бацькі з палону:

– Калі ішла калона ваеннапалонных, ён папрасіўся ў туалет, а там бачком-бачком і ўцёк. У бліжэйшай вёсцы папрасіў сялянскае адзенне і, пераапрануўшыся, праз некалькі тыдняў дайшоў ажно да Баршчоўкі.

Аднак спакойна пажыць не давялося. Тэрыторыя была ўжо акупаваная. А паколькі ён быў дужым хлопцам, то яго прымусова забралі на працы ў Нямеччыну. Там папрацаваў год, працаваў добра і за гэта яму нават дазволілі з’ездзіць на адпачынак на тыдзень дадому.

Для ілюстрацыі таго, якім быў характар у Цімоха Вострыкава.

У 1943 годзе ў Нямеччыне Цімох Вострыкаў працаваў на адным з заводаў. Там адбыўся канфлікт з кіраўніцтвам і ён ударыў у лоб нейкага майстра-немца. Гомельскія актывісты тлумачаць, што “за падобнае можна было апынуцца ў канцлагеры, але Цімох Вострыкаў не пабаяўся. Проста нейкая справа ўзнікла і ён проста “звездануў.”

 

Мара пра вяртанне дамоў

 

У 1944 годзе Цімох Вострыкаў апынуўся ў падкантрольнай амерыканскім войскам частцы Нямеччыны. “Ужо тады пачыналася халодная вайна з СССР. І спецслужбы ЗША рыхтавалі дыверсантаў.” – Адзначае адзін з гомельцаў, які асабіста ведаў Цімоха Вострыкава.

Пасля вайны Цімох Вострыкаў вучыўся ў Міхельсдорфскай беларускай гімназіі імя Янкі Купалы.

Даведка: Міхельсдорфская беларуская гімназія імя Янкі Купалы існавала з 1945 па 1950 гады для перамешчаных асоб. Яны была створаная, каб рыхтаваць моладзь да паступлення ў ВНУ. Сярод вядомых выкладчыкаў гімназіі – кампазітар і дырыжор Мікола Равенскі, мовазнаўца Янка Станкевіч, літаратуразнаўца і сябра Рады БНР Антон Адамовіч. Акурат у гімназіі ў Цімоха Вострыкава і сфармаваўся погляд на гісторыю і незалежнасць Беларусі. Там ужо ў яго канчаткова аформілася негатыўнае стаўленне да савецкай улады. Як адзначалі знаёмыя Цімоха, ён быў “распрапагандаваны тым беларускім атачэннем, якое было ў беларускай гімназіі”.

У 1948 годзе Цімох Вострыкаў паехаў у Англію працаваць на вугальных шахтах. Менавіта там ён знаёміцца з Барысам Рагулем, які аказаў на яго вялікі ўплыў. Барыс Рагуля запрапанаваў яму навучанне ў Лёвенскім універсітэце ў Бельгі. І там Цімох Вострыкаў правучыўся паўтара гады на фізкультурным факультэце. Аднак ён хацеў вярнуцца ў Беларусь. І праз Барыса Рагулю наладжвае кантакт з амерыканскай выведкай, каб патрапіць на тэрыторыю БССР у складзе дэсанту.

Ён ні на што не разлічваў, ён проста хацеў апынуцца дома на радзіме. Калі пачалося нікчэмнае навучанне ў дыверсійнай групе ў ЦРУ, то ён зразумеў, што ўсё скончыцца кепска. Але не мог уключыць заднюю і адмовіцца, бо яму было няёмка. Ён лічыў, што гэта будзе непавагай з яго боку да БНР і тых, хто ўзначвальваў гэтую арганізацыю на той момант. -Тлумачылі рашэнне Цімоха Вострыкаў далучыцца да дыверсійнай групы ягоныя знаёмыя.

У 1951 годзе Цімох Вострыкаў прайшоў спецпадрыхтоўку на амерыканскай вайсковай базе пад Мюнхенам. А ў ноч з 26 на 27 жніўня 1952 года дэсантаваўся ў БССР як прадстаўнік Рады БНР.

Там адбылася гульня ўцёмную. Таму ён і пакрыўдзіўся на іх усіх. Бо яго выкарысталі, выкарысталі Рагулю і ўвесь беларускі нацыянальны рух. Высылка дыверсійнай групы ў Беларусь не была падрыхтаваная як след. Але Цімох Вострыкаў вырашыў прысвяціць сябе барацьбе на Бацькаўшчыне. Ён быў ідэалістам. Лічыў, што ягонае месца не на Захадзе. – Адзначае адзін з гомельскіх актывістаў.

Гомельскі актывіст Уладзімір Шыцікаў (памёр у 2017 годзе) ведаў асабіста Цімоха Вострыкава:

Чалавек вучыўся ва ўніверсітэце ў Еўропе, мог застацца там. Як гаварыцца, жывіце ў сваім балоце. Але вырашыў вызваліць Беларусь ад бальшавіцкай навалы, ад камунякаў. Аднак быў прададзены здраднікам і адсядзеў 25 год.

 

Гомельская апазіцыя ўшаноўвае памяць Цімоха Вострыкава. Фота (да 2017 г.): Радыё Свабода

 

Здрада

 

Дыверсійную групу Вострыкава выкрылі за адзін тыдзень. Як лічаць актывісты, якія ведалі Цімоха, на той момант кіраўнікі школ, дзе рыхтавалі дыверсійныя групы, супрацоўнічалі з савецкімі спецслужбамі: “Гэта быў наладжаны бізнес, за які атрымлівалі вялікія грошы ад савецкіх спецслужбаў і проста здавалі ўсіх”.

Таксама ёсць меркаванне, што група Вострыкава была толькі прыманкай. А ў самалёце разам з імі знаходзіўся сапраўдны разведчык, які “ціхенька скокнуў, ціхенька апынуўся там, дзе патрэбна і ціха выконваў тую працу, якая патрэбная. Гэта быў прафесійны разведчык”.

Паводле афіцыйнай версіі, групу Вострыкава знайшоў нейкі паляўнічы, які ішоў і ўбачыў, што нейкі чалавек закопвае парашут, і пры дапамозе паляўнічай стрэльбы прывёў яго да спецслужбаў. Аднак гомельскія актывісты лічаць, што гэта поўная лухта і дадаюць, што перад самай адпраўкай Вострыкаў ужо ведаў, што акцыя асуджаная на правал.

– Але ён папярэдзіў іншых і даслаў ліст. І гэты ліст потым многім выратаваў жыцці, але пра гэта ён даведаўся толькі ў 1993 годзе, калі патрапіў на Першы з’езд беларусаў свету.”

Падчас падрыхтоўкі іх вучылі, што разведчык мусіць прызямліцца, выйсці з квадрата прызямленне, а потым радзіраваць. Аднак калі садзіліся ў самалёт, то кіраўнік, які рыхтаваў іхнюю групу, загадаў ім адразу па прызямленні адрадзіраваць. Па прызямленні Цімох Вострыкаў сказаў, што ніякіх радзіраванняў і сказаў дзейнічаць паводле інструкцыі, а не загадзе.

Аднак адзін з групы Вострыкава адразу па рацыі паведаміў. Групу заўважылі і пачалі шукаць. Вострыкава з групы ўзялі апошнім.

 

Лёс дыверсійнай групы

Адзін з групы быў застрэлены адразу ў лесе, калі адстрэльваўся.

Другі быў знішчаны атрутамі ў лагеры. Сам Вострыкаў у лагерах бачыў, як у таго літаральна мяса ад касцей адстала.

А той, хто здрадзіў і здаў групу, адсядзеў два гады, пасля чаго выйшаў на волю.

Цімох Вострыкаў казаў, што вытрымаць 25 год лагероў яму дапамагла вера ў Бога.

 

Цімох Вострыкаў з сям’ёй. Фота: Радыё Свабода

Цімох Вострыкаў быў ваўком-адзіночкам, які, калі б яго не пасадзілі, мог бы зрабіць вялікую справу. Ён вельмі асцярожна ставіўся да людзей. Пасля лагераў мала каму давяраў. Аднак жыццё ўсё роўна ўзяло верх. Пасля вяртання ў лагераў у 50 год, ён завёў сям’ю, у яго нарадзіўся сын. Аднак да самай смерці спачатку савецкія, а потым лукашэнкаўскія спецслужбы не здымалі з яго нагляду.

У апошнія гады існавання СССР і ў першыя гады незалежнасці Цімох Вострыкаў удзельнічаў у нацыянальным руху, кантактаваў з актывістамі апазіцыйных арганізацый і ўдзельнічаў у цырымоніях, прысвечаных важным датам беларускай гісторыі.

Штодзень

Related posts

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі

У турму за музыку: год, як рагачоўскаму Tor Band прысудзілі вялізныя тэрміны за іх творчасць

Транспарт Беларусі: хібы і моцныя бакі