Назад, у СССР

Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца“, —  казалі ў сталінскія часы. Цяпер слова “рэпрэсіі” асацыююцца не толькі са сталінскім перыядам – рэпрэсіі супраць уласных грамадзян існавалі ў СССР усе гады існавання гэтай краіны і зводзіліся не толькі да расстрэлаў. Рэпрэсіям у СССР падвяргаліся наогул усе, хто не пагаджаўся з курсам партыі,  лічыў, напрыклад, уварванне ў Афганістан агрэсіяй, а не “дапамогай братэрскаму народу”, і яшчэ за мноства ўсяго іншага. Тыя людзі, якія па сваім інтэлектуальным і маральным развіцці вырасталі з савецкай сістэмы каштоўнасцяў – лічыліся іншадумцамі і пераследаваліся.  Іх прыціскалі, высылалі, садзілі ў турмы і вар’ятні.

Праца Ул. Цэслера. “Назад у будучыню”

СМІ былі толькі дзяржаўнымі і падвяргаліся жорсткай цэнзуры. Адсутнічала свабода слова.

Працаваць ад званка да званка былі абавязаны ўсе грамадзяне, а закон аб дармаедстве прадугледжваў крымінальны пераслед. Прадпрымальнікі лічыліся бандытамі і злачынцамі.

У крамах на прылаўках залежваліся няякасныя савецкія тавары. Калі завозіўся дэфіцытны імпарт, каля магазінаў выстройваліся чэргі ў сотні чалавек. Каб неяк уладкаваць свой дом, прыдбаць якасныя прадукты  і мець прыстойны гардэроб, трэба было мець сяброўскія сувязі з прадаўцамі і загадчыкамі магазінаў.

Звычайныя грамадзяне, асабліва ў правінцыях, жылі вельмі сціпла, ад заробку да заробку. Шмат працавалі і марылі аб тым, што іх дзеці будуць жыць нашмат лепей.

Савецкая прапаганда неаднаразова заяўляла, што ў СССР усе грамадзяне роўныя, забываючы дадаць — што роўныя не ў багацці і свабодзе, а ў бяспраўі і беднасці. Чалавек меў права нарадзіцца, працаваць на дзяржаву, потым выйсці на пенсію і пажадана хутчэй памерці, каб не нагружаць і без таго слабую эканоміку. Задачамі прапаганды быў паўсюдны доказ таго, што СССР — гэта найлепшая краіна ў свеце, а ўсе астатнія проста зайздросцяць, ад таго шалеюць і нападаюць. Усе савецкія эканамічныя поспехі існавалі толькі на паперы і ў тэлевізары, тады як у магазінах быў дэфіцыт, у апараце – карупцыя, на прадпрыемствах — бардак і, а ў калгасах — п’янства.

Адна з яркіх характарыстык савецкага жыцця — гэта поўная пагарда да асобы  чалавека. Статкам кіраваць нашмат лягчэй. Помніце, «асоба нішто, а калектыў — гэта ўсё»? Пра венік і асобныя пруткі? Калі ў дзяцінстве мне казала такое настаўніца, міжволі думалася: «Паасобку вы разнастайныя пруткі, а разам – паганая мятла».

Нязменная савецкая ўлада адчувала сябе гаспадарамі зямель і насельніцтва, што спараджала яе поўную беспакаранасць. Улада рабіла, што хацела, прымала якія заўгодна законы, лаялася на міжнароднай арэне з тымі ці іншымі краінамі і сунула свой нос у чужыя дзяржавы.

Як усё знаёма… Пішу гэтыя радкі і разумею, што гаворка ідзе не толькі пра былыя часы, але і пра нашу з вамі рэчаіснасць.

 

Праца Ул. Цэслера “Бурлакі на Неве”

 

Прыхільнікі СССР і «ўз’яднання вялікай дзяржавы» так моцна па тых часах настальгавалі, упрыгожвалі іх, захапляліся, зачароўваліся — і таму яны вярнуліся. Вярнуліся і рэпрэсіі.

Увогуле тэма рэпрэсій супраць беларускага народа не менш трагічная за гісторыю ІІ сусветнай вайны. Я не буду прыводзіць тут лічбы, прозвішчы і факты – іх лёгка знайсці ў інтэрнэце. Ды і мала сем’яў, у якіх не разыгрывалася б падобная драма – з бабулямі, прабабкамі, дзядамі і прадзедамі. Пасля вайны многія былі рэабілітаваныя — але ад гэтага не лягчэй. Сталінізм нельга лічыць пераможаным, пакуль не адноўленыя добрыя імёны ўсіх ахвяр і пакуль не названы паіменна ўсе каты.

Наш народ пакарылі сілай і да сёння ціснуць і запалохваюць. Часам  здаецца, што пры ўладзе цяпер нашчадкі тагачасных забойцаў з чырвонымі зоркамі на шапках, іх дзеці, унукі і праўнукі. Яны забілі, згнаілі на катаргах нашых найлепшых людзей, а самі – нікчэмнасці – занялі іх месцы. Яны зубамі трымаюцца за ўладу, бо сёння ім ёсць што губляць. Не засталося ў сістэме сумленных чыноўнікаў ці афіцэраў. Хто не мог хлусіць – сышлі. Астатнія прыстасаваліся. Узамен усяго толькі трэба падпарадкоўвацца загадам, абараняць дзяржаву ад нападу ўсярэдзіне гэтай самай дзяржавы, у першую чаргу ад уласных грамадзян (таму што вораг не дрэмле і ён даўно сярод нас).

Праца Ул. Цэслера “7 лістапада”

Мяне цікавіць іншае: суддзяў жа не выбіраюць сярод адсталых вучняў?  Яны ж вучацца, атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Чаму іх не вучаць думаць наперад? Не на год-два, а на дзесяць-дваццаць год? Ці яны думаюць, што злачынная незаконная ўлада будзе вечнай? Ці яны ўвогуле нічога не думаюць пра сваю будучыню?

На жаль, зноў сталі актуальнымі цытаты расейскага пісьменніка Аляксандра Салжаніцына:

«Неабмежаваная ўлада ў руках абмежаваных людзей заўсёды прыводзіць да жорсткасці…»

«Што даражэй за ўсё ў свеце? Аказваецца: усведамляць, што ты не ўдзельнічаеш у несправядлівасцях. Яны мацнейшыя за цябе, яны былі і будуць, але хай — не праз цябе…»

Вазьму на сябе смеласць і дадам: «Жыць па праўдзе і дзейнічаць па справядлівасці  не цяжка – цяжка тлумачыць сваім дзецям, чаму ты гэтага не рабіў.»

Штодзень 
Аўтар: Мар’яна Ліс

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны