Навуменка: «Праца з яхтамі часам няпростая, але глядзіш на вынік і задаволены»

Актывіст з Рэчыцы Аляксандр Навуменка, які паўгода таму быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед, памяняў у Польшчы некалькі працаў і цяпер удзельнічае ў будоўлі яхтаў. «Штодзень» паразмаўляў з ім пра тое, як гэта працаваць на караблях, якія каштуюць мільёны еўра, і ці не з’явілася мары пашукаць карабель сабе.

Аляксандр Навуменка

Распавядзі, дзе табе даводзілася працаваць у Польшчы і ў Беларусі? Якія ў цябе ўражанні засталіся?

 У Беларусі мне давялося працаваць шмат дзе. Заўсёды шукаў большы заробак, бо меў сям’ю. Самыя цікавыя працы – сісадмінам у “ХайнекенБеларусь” і кіраўніком вытворчай лабараторыі ў «Гомельэнэрга».

У Польшчы працаваў на сонечных панэлях. Там меў добры заробак. На гэты раз, пасля ад’езду з Беларусі, працаваў на розных будоўлях электрыкам. З Новага Году пераехаў у Гданьск, дзе працую электрыкам на яхтах.


Як патрапіў туды? Якія маеш там абавязкі?

Атрымалася гэта так. Па прыездзе адразу пачаў шукаць працу, у Viber знайшоў тэлефон, набраў туды. І праз некалькі дзён пачаў працаваць на яхтах, ад фірмы-падвыканау́цы. Спачатку быў на прадпрыемстве «Галеон», дзе мы збіралі сярэднія яхты. Праз чатыры месяцы перайшоў на «Санрыф», дзе збіраюць вялізныя, амаль караблі. Тут маю вышэйшы заробак і праца больш цікавая.

Мае абавязкі такія – пракладка кабеляў, падключэнне электрычных шафаў, іншага абсталявання. Месца працы на яхце – машыннае аддзяленне.

На «Галеоне» за месяц у нашым цэху рабілі 3-4 яхты. Для Амерыкі і Еўропы. Розніца ў іх вялізная. Амерыканскія – даражэйшыя, бо там выкарыстоўваецца даражэйшы матэрыял.

На «Санрыфе» яхту робяць не адзін месяц. Бо то сапраўдныя караблі. Але тут, што для Амерыкі, што для Еўропы адзіны стандарт.

А што рабіць тым, хто захоча таксама будаваць яхты? Ці лёгка патрапіць на прадпрыемства?

Скажу пра электрыка. Трэба ўмець чытаць схемы, разбірацца ў розным абсталяванні, мець досвед электрамантажу, бо там ніхто вучыць не будзе.

Пры прыёме на працу таксама трэба будзе прайсці тэхнічныя тэсты. Проста з вуліцы не возьмуць.

Тут жорсткая дысцыпліна, варта быць гатовым да стрэсу. Праца электрыка – даволі цяжкая, у тым ліку фізічна. Шмат людзей і месяца не вытрымліваюць.

Хацеў бы мець такую яхту сваю?

Можна, канешне, марыць пра тое (усміхаецца). Але самая танная з тых, што мы рабілі на «Галеоне», каштуе 500 тысячаў еўра, а тут яшчэ даражэйшыя.

На такіх можна жыць і круглы год, калі арандаваць нейкі пірс. Гэта як вялізная кватэра на вадзе.

Хоць праца часам няпростая, але глядзіш на вынік і задаволены. Я пачынаў яхту 80 Sunreef Power рабіць, калі толькі прыйшоў на працу паўтары месяцы таму. Каштуе такая прыгажосць ад 4 900 000 еўра. Прыязджала пакупніца, доўга глядзела на нашую працу, пайшла задаволеная. Дзесьці праз тыдзень лодка будзе гатова.

 

Якая твая мара працы? Кім сябе бачыш праз пяць год?

Я не гляджу так далёка. Праз пяць год дакладна будзе штосьці іншае.

Мяне зараз клічуць на тую працу, дзе я рабіў пяць гадоў таму. Там і заробак вышэйшы, і праца часам лягчэйшая. Вось думаю.

Штодзень
Фота прадастаўлена героем гутаркі

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Уладзіслаў «Нож» Наважылаў выпусціў новую песню Rinkimai («Выбары»), упершыню на літоўскай мове