Ці ўдала размешчаныя гомельскія бальніцы?

Ацэнка гарадскіх бальніц, у першую чаргу, канешне ж, вядзецца па якасці медычных паслуг. Але ўрбаністычныя паказчыкі таксама маюць істотнае значэнне. Ці ў прыдатных месцах пабудаваны гомельскія стацыянары, і што можна было б палепшыць, аналізаваў “Штодзень”.

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

 

Месца знаходжання бальніцы можна лічыць добрым, калі яно адпавядае шэрагу паказчыкаў.

У першую чаргу, блізкасць да прыпынку грамадскага транспарту. Гэта важна, бо сярод хворых значную частку складаюць сталыя асобы, якія часцей за ўсё не маюць аўтамабіляў, а выклікаць таксі не прызвычаеныя. Грамадскім транспартам карыстаюцца і пацыенты, што прыехалі ў Гомель з іншых гарадоў, і значная частка гомельцаў. Пры гэтым варта ўлічваць, што адлегласць, якую з лёгкасцю пераадолее здаровы чалавек, хвораму, ды яшчэ з рэчамі на тыдзень-другі (а некаторым пацыентам катэгарычна забаронена насіць цяжкае), дасца складана.

Вялікае значэнне маюць таксама наяўнасць зялёнай зоны для шпацыру хворых; адсутнасць у акрузе забруджвальнікаў навакольнага асяроддзя (прамысловых прадпрыемстваў, транспартных зон і г.д.); наяўнасць гандлёвых кропак, каб набыць неабходнае.

Паспрабуем разабрацца, ці ёсць усё гэта ў гомельскіх бальніцах.

Зялёная зона ля Кардыялагічнага дыспансера. Фота: водгукі на www.google.com

 

Амаль ідэальнай можна назваць арганізацыю Медгарадка ў Савецкім раёне. Ёсць дзе падыхаць свежым паветрам (на жаль, маецца і адваротны бок сасоннікаў – засілле камароў улетку). Прыпынкі грамадскага транспарту размешчаны фактычна побач з кожнай установай. Далечыня звычайных гарадскіх крам кампенсуецца тутэйшымі буфетамі і кіёскамі. Выбар, канешне, меншы, чым у гіпермаркетах, але неабходны мінімум ёсць. Да прамысловай зоны не менш чым 5 км, гэта паказчык далёка не ідэальны, але цалкам прымальны.

РНПЦ у Гомелі

 

Добра выглядае і Цэнтр радыяцыйнай медыцыны. Аўтобус даязджае да самой установы. Тэрыторыя вялікая, зялёная, з добрым ландшафтным дызайнам. Будынак запраектаваны так, што набыць усё неабходнае можна, не выходзячы з яго.

Выстава ваеннай тэхнікі ля шпіталя інвалідаў. Фота: водгукі на www.google.com

 

Бальніца №3 і Клінічны шпіталь інвалідаў маюць тэрыторыю для шпацыру. Але яны трохі аддаленыя ад прыпынкаў грамадскага транспарту. Той, хто прыехаў упершыню, можа не адразу зразумець, у які бок ісці ад прыпынку. Калі ў шпіталі ёсць неблагі буфет, то ў бальніцы, дзе маюцца і радзільнае, і гінекалагічнае (куды кладуць, у тым ліку, і цяжарных з неблагім апатытам) аддзяленні, з набыццём дадатковага харчавання цяжка. Давядзецца ісці ў крамы ў раёне Крышталя, што зусім не зручна (асабліва ўзімку, калі верхняя вопратка і абутак здадзеныя на захоўванне).

Корпус для дарослых абласной бальніцы. Фота: водгукі на www.google.com

 

Яшчэ горш выглядае медычная забудова па вул. Лізюковых (абласныя бальніцы для дарослых і дзетак, радзільны дом). Ад прыпынкаў па пр. Кастрычніка трэба крочыць каля 500 м праз цэлы жылы квартал (транспарт, што ідзе на Шведскую горку, спыняецца трохі бліжэй, але пра гэта не ўсе ведаюць, таму і едуць да прыпынку з назвай “Абласная бальніца”). Шыльды, якія б дазвалялі зарыентавацца, куды ісці, адсутнічаюць. Прылеглая тэрыторыя невялічкая, а гуляць паміж жылымі дамамі ці ўздоўж вул. Гельман, побач з актыўным транспартным рухам, не кожнаму даспадобы. Улетку (ці тое ад нізіны, што месціцца паміж Лізюковых і Шведскай горкай, ці тое ад “Мілкавіты”, у раёне можа з’яўляцца ўстойлівы непрыемны пах. Тады ў палатах (без кандыцыянераў, канешне ж) немагчыма адчыніць вокны. Падобна, што забеспячэнне крамкамі і буфетамі ў абласных стацыянарах не наладжана, як належыць, бо цяжарныя жанчыны, якія ў любое надвор’е бегаюць па пр. Кастрычніка ў шлёпанцах і халаціках у пошуках крам, стала мемам для тутэйшых жыхароў. Відавочна, што шмат чаго тут варта было б палепшыць.

Іншыя бальніцы выглядаюць горш. Чытайце пра гэта ў наступным артыкуле.

Штодзень

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

Фалацэнтрычны прымітывізм, або архітэктура Гомеля за апошнія 30 гадоў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі