Пра тое, якія з гомельскіх бальніц выглядаюць няблага з пункту гледжання ўрбаністыкі, “Штодзень” пісаў тут. У гэтым матэрыяле распавядзём пра няўдалыя прыклады гарадской забудовы.
Бальніца хуткай дапамогі не цешыцца папулярнасцю сярод гомельцаў. У тым ліку, і паводле ўрбаністычных паказчыкаў. Ад прыпынкаў “Камінтэрн” ці “ЗІП” (паспрабуйце прайсці ў непагадзь па Ільінскім спуску!) каля 1 км. Ад плошчы Леніна, праз увесь парк, трохі бліжэй – каля 850 м. Той, хто прымаў рашэнне аб ліквідацыі прыпынку “Гагарына” і дыяганальнага пераходу праз плошчу Леніна (пакуль ён дзейсны, але анансавана ягонае закрыццё), дакладна забыўся на наяўнасць у Гомелі бальніцы на Камісарава. Ад вул. Пралетарскай трохі бліжэй, але маршрутаў там вобмаль, давядзецца ехаць з перасадкамі. А як зразумець, куды ісці, іншагароднім? Не ўсе беларусы, нават цяпер, актыўна знаёмыя з сучаснымі тэхналогіямі, каб скарыстацца анлайн-мапамі, шмат хто яшчэ па-старадаўняму пытаецца пра шлях у мінакоў.
Сваёй тэрыторыі для прагулак бальніца амаль не мае. А выходзіць у парк, дзе ўсе пры парадзе, а ты ў нейкім прасцюткім адзенні, няголены ці без фрызуры і макіяжу (не кажучы ўжо пра бледны твар, кастыль ці іншыя наступствы хваробы), не заўсёды прыемна. Да пабудовы новага корпуса ўнутры не было магчымасці набыць ні лекаў, ні ежы, ні гігіенічных сродкаў. Выбар у міні-крамах насупраць быў невялікі, ды й не кожны (шмат хто пасля аперацыі) здольны выйсці на вуліцу. Хочацца спадзявацца, што аптэка і буфет у новым будынку будуць забяспечваць патрэбы пацыентаў.
Гомельская гарадская клінічная бальніца №1, якая ў народзе вядомая як сяльмашаўская бальніца, месціцца недалёка ад прыпынку. Зялёная тэрыторыя тут ёсць, але назваць яе дастатковай для штодзённых прагулак нельга. Ды і размяшчэнне стацыянара недалёка ад чыгункі і ў раёне, які стаўся галоўным прамысловым сімвалам Гомеля, не надае аптымізму. Набыць нешта, не выходзячы з будынка, немагчыма. Унутры няма ані буфета, ані крамы.
Бальніца, якой больш за ўсё баяцца гомельцы, – гэта, бясспрэчна, чацвёртая, у Касцюкоўцы. Мала таго, што яна знаходзіцца далёка ад горада, дык яшчэ і ад прыпынку трэба ісці калі 650 м па зусім незнаёмай дарозе. Месца для шпацыру не самае прыемнае. Буйное прадпрыемства на адлегласці менш чым 1 км, прыблізна столькі ж да загружанай чыгуначнай веткі. У самой бальніцы можна штосьці набыць, але ў большасці выпадкаў давядзецца шукаць крамы ў самой Касцюкоўцы, што не так ужо і проста. Наведваць пацыентаў гэтай бальніцы, з улікам месца яе знаходжання, родныя будуць куды радзей. З пункту гледжання ўрбаністыкі гэта найгоршая бальніца ў горадзе.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што бальніцы, пабудаваныя пазней за 1990-я, размешчаныя ў Гомелі даволі ўдала. Стацыянары ж, узведзеныя ў савецкія часы, маюць шмат праблем, часам невырашальных.
Так, стацыянар у Касцюкоўцы і бальніца хуткай дапамогі настолькі не адпавядаюць сучасным стандартам, што варта было б узвесці для іх новыя, сучасныя, будынкі ў больш прыдатных месцах. Рэканструкцыя ці перабудова не дапамогуць. Напрыклад, адкрыццё новага корпуса бальніцы хуткай дапамогі на вул. Камісарава, не вырашае праблему як непрыдатнасці палат і калідораў для медыцынска-побытавых патрэб у савецкай частцы будовы, так і размяшчэння некалькіх аддзяленняў у асобных будынках. Паўмільённы горад заслугоўвае на вялікі агульны будынак бальніцы хуткай дапамогі, збудаваны па сучасных (не беларускіх, заніжаных, а сусветных) стандартах. Але пры хранічным дэфіцыце бюджэту гэта нерэальна.
Некаторыя ж праблемы цалкам вырашальныя. Можна пусціць транспарт па вуліцы Лізюковых, дзе знаходзяцца не толькі шпіталі, але і жылыя дамы, школа і дзіцячыя садкі. Хаця б у прамежак часу, калі звычайна кладуць у бальніцу і выпісваюць з яе, добра было б стварыць маршрут і ў Касцюкоўцы. Транспартную праблему маглі бы вырашыць маршруткі, якія патрабуюць меншага пасажырапатоку (у 90-я гады па вуліцы Лізюковых хадзіла маршрутка). Але гэтая галіна, праз залішняе дзяржрэгуляванне, перажывае не лепшыя часы. Таксама як і дробны бізнес, які мог бы забяспечваць таварамі і паслугамі ўсе шпіталі. І тут добра бачна, што вырашэнне ўрбаністычных праблем немагчымае без комплекснага рэфармавання сацыяльна-эканамічнай парадыгмы Беларусі. І пакуль значная частка насельніцтва будзе казаць “Пры чым тут палітыка?” ці “Не чытаю навіны, мне гэта не цікава”, палепшыць узровень жыцця не атрымаецца.