“Найганебнейшая старонка гісторыі Царквы”. Святар Уладзімір Драбышэўскі рэагуе на сітуацыю ў БПЦ

“Штодзень” публікаваў матэрыял, у якім вялася гаворка пра імкненне прыхаджанаў БПЦ адхіліць ад служэння епіскапа Стэфана. У артыкуле прыводзіліся адыёзныя цытаты з выступу ўладыкі. Сітуацыю каментуе святар Уладзімір Драбышэўскі, які ў 2020 годзе некалькі разоў адбываў арышт за сваю пазіцыю і быў вымушаны з’ехаць з краіны.

Уладзімір Драбышэўскі ў жніўні 2020 года пратэставаў супраць гвалту сілавікоў прама насупраць абласнога ўпраўлення СК. Фота: КП

Вядома, няма нічога дастойнага ў такім стылі камунікацыі епіскапа з вернікамі. Царква — гэта і месца сустрэчы, і прастора для дыялогу. Асабліва калі, спусціўшыся з амбона, звяртацца да прыхаджанаў на роўных, якімі ўсе сябры Царквы Хрыстовай і з’яўляюцца. Больш за тое, ёсць такія словы Хрыста: “Вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы пануюць імі; але паміж вамі хай не будзе так: а хто хоча сярод вас быць вялікім, хай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, хай будзе вам рабом; бо Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на адкупленьне многіх” (Мф. 20: 25-28). І вось тут пачынаюцца рэаліі сучаснай Царквы… Каму служаць епіскапы і каму аддадзены іх душы? Пытанне ўжо рытарычнае…

У гэтым канкрэтным выпадку мы чуем маналог. Зносіны епіскапа з паствай, у пераважнай большасці выпадкаў, — гэта маналог, зверху ўніз. А гэты канкрэтны маналог мае на мэце сфармаваць патрэбнае епіскапу меркаванне, пэўны пункт гледжання на падзеі выдаць за адзіны дарэчны. І ў гэтым мне бачыцца маніпуляцыя, якая, да таго ж, грунтуецца на абразе людзей. І ўсе, хто рызыкнуць заняць супрацьлеглую пазіцыю, аўтаматычна падпадуць пад выстаўлены дыягназ… Паводзіны ганебныя для любога чалавека, што ўжо казаць пра хрысціяніна, тым больш пра іерарха. Але вось так склалася ў нашай краіне, што іерархі БПЦ добраахвотна і свядома адмовіліся выступіць на баку евангельскіх каштоўнасцяў і ў абарону тых, каго пераследуюць, хто пакутуе і каго забіваюць. І гэта не нейкая рэзкая метамарфоза 2020 года. Уся атмасфера ўнутранага царкоўнага жыцця паслядоўна выбудоўвалася такім чынам, што прывяло да такіх сумных вынікаў, бачных ужо ўсім навокал.

Епіскапы лёгка і даўно маніпулююць царкоўным правам, цалкам атаясамляючы сябе саміх з Царквой. “Кіруючы Архірэй”, уладар лёсаў, душ і цела. Яго ўлада велізарная. Гэты чалавек прызначае чальцоў царкоўнага суда (фармальна праводзячы сваіх кандыдатаў праз галасаванне), сам ініцыюе абвінавачванні, сам жа зацвярджае рашэнні гэтага “суда”, і да яго ж, у канчатковым выніку, вернуцца і ўсе магчымыя апеляцыі на рашэнні гэтага “суда”. Цяпер вы можаце зразумець усю хітрасць фразы: “Майго ў царкве няма нічога, толькі б пахавалі не ў надта старым адзенні”. І побач з вось гэтым: “Усё, што трапляе праз парог у храм, становіцца ўласнасцю Царквы!..”

“Я ведаю царкоўныя каноны…” — гэта альбо хлусня, альбо прызнанне ў кананічных злачынствах. Па канонах, епіскап не можа змяніць кафедру, сыходзячы са сваіх жаданняў. Стэфан (Нешчарэт) пакінуў сваю першапачатковую мазырскую і дабіўся, пасля смерці епіскапа Арыстарха (Станкевіча), пераводу на гомельскую. Па царкоўных канонах, публічна абвінавачаны клірык абавязаны апраўдацца ў кароткі тэрмін перад царкоўным судом ці пакінуць сваё служэнне. Пра гэта вельмі падрабязна пісаў дыякан Андрэй Кураеў у 2014 годзе (падрабязней пра абвінавачанні Андрэя Кураева на адрас Стэфана пачытаць можна тут). У Кураева, акрамя абвінавачанняў, меліся неабходныя 2 сведкі, гатовыя сведчыць суду пра гомасэксуальнасць Нешчарэта. Але епіскап Стэфан чамусьці так і не звярнуўся ў царкоўны суд, каб абараніць сваё імя і рэпутацыю царквы. Які ён павінен быў зрабіць крок у гэтым выпадку? Але атрымаў крыху пазней крыжык на клабук.

Неяк асвячаючы пабудаваны з нуля навюткі храм, Нешчарэт, здавалася б, у святочны дзень трэс перад прыходам антымінсам (антымінс — гэта плат з выявай Хрыста ў дамавіне, своеасаблівы мандат ад епіскапа, падпісаны ім на канкрэтны храм. На гэтым плаце выстаўляюцца свяшчэнныя сасуды і здзяйсняецца таінства еўхарыстыі — заўвага рэдакцыі). Уладыка вяшчаў грозна, што калі гэтага антымінсу не будзе ў храме, то і храма як бы няма, служба не можа ў ім здзяйсняцца. І з гэтага часу гэты храм уласнасць епархіі! А грошай епархіі там не было ні капейкі. Да абсурду — святар друкаваў стос падзяк і грамат — уручаць спонсарам і дабрачынцам, а грошай сам не меў ні на друк, ні на рамачкі… І ў выніку гэта было аформлена на тыя ж спонсарскія грошы… Але найважнейшае і страшнае — у сістэме епіскапскіх каардынат – пераступаючы парог храма, і затрымліваючыся ўнутры, гэта вы самі становіцеся ўласнасцю епархіі. Не Царквы, як многія спадзяюцца і застаюцца паслужыць пасільна і шчыра ў той ці іншай форме, а менавіта вось такіх епіскапаў, якія падмяняюць сабой і Царкву і Самога Хрыста. Вамі будуць маніпуляваць і лічыць уласнасцю, у вас будуць развіваць стакгольмскі сіндром. Пакуль вы карысныя і маўчыце, вы — “добрыя”, а не — без шкадавання вас, выкарыстаўшы, выкінуць. Узнагародзіўшы яшчэ парай комплексаў.

Апошнія гады свайго служэння я ўсяляк стараўся засцерагаць тых, хто ўваходзіў у храм, ад занадта цеснага кантакту з такой царквой. І калі таталітарная дзяржава можа спрабаваць пазбавіць вас сродкаў да існавання, свабоды, то такая царква працягвае свае чэпкія рукі і да вашай душы, замахваючыся на кантроль і кіраванне самым інтымным і далікатным.

Глупства, хлусня, маніпуляцыя, прыстасаванства, прага нажывы, захапленне асабістай уладай і грэбаванне людзьмі. Вось магчымы кароткі партрэт епіскапа Стэфана (Нешчарэта). Але, як мне падаецца, і даволі шырокага кола епіскапату РПЦ/БПЦ. Не ведаю, хто і як усё яшчэ можа ўспрымаць іх як служыцеляў Хрыстовых?! Гэта найганебнейшая старонка гісторыі Царквы — іерархі, якія адвярнуліся ад Евангелля, якія адкрыта служаць дракону таталітарызму і ўзначаленыя ваенным патрыярхам.

 

Штодзень 

Аўтар: Уладзімір Драбышэўскі

 

 

 

Related posts

Бортнік: «Гэтыя выбары будуць самымі важнымі за ўвесь час існавання ЗША. На кон пастаўленая будучыня дэмакратыі»

“СТАЯЦЬ НЕЛЬГА СЯДЗЕЦЬ”

Тое, што хтосьці “сядзіць за палітыку”, з’яўляецца “часткай пейзажа”. Беларуска, якая была на радзіме да рэвалюцыі, падзялілася ўражаннямі