Напярэдадні 9 мая па краіне праходзяць мерапрыемствы, прызначаныя Дню Перамогі. Часцей за ўсё ў дзяржарганізацыях і навучальных установах іх праводзяць прапагандысты і БРСМ-аўцы.
У Гомельскім БелДУЦе некалькі дзён таму такое мерапрыемства таксама прайшло. Для студэнтаў ваеннай кафедры правялі сустрэчу з ветэранам вайны Расціславам Цімафеенкам.
«Моладзь слухала з цікавасцю. Жадаючых паспрабаваць кавалачак Ленінградскага хлеба таксама было нямала», — напісалі аб мерапрыемстве арганізатары. Яны ж выставілі ў інтэрнэт і фотасправаздачу. На адным фотаздымку з хлебам пазіруе хтосьці з педагогаў. На іншым студэнты паказальна і з задаволенцымі тварамі частуюцца хлебам, які, паводле арганізатараў, «выпечаны па спецыяльным рэцэпце і перададзены ў Гомель з Санкт-Пецярбурга».
Усё б нічога, і, вядома, магло выглядаць не так сумна (асабліва з улікам сенняшняй геапалітычная сітуацыі), калі б не гарачае жаданне прапагандыстаў адсправаздачыцца «за очэнь харашо прадзеланую работу, і паказаць, што ўсім ўсё очэнь панравілась».
Дарэчы, «Штодзень» пашукаў той самы рэцэпт блакаднага хлеба ў інтэрнэце. І вось ён: харчовая цэлюлоза, баваўняны жмых, вытрускі з мучных мяшкоў, бярозавыя пупышкі і сасновая кара. Хлеб меў травяніста-горкі смак.
Ёсць сумневы, што хлеб для студэнтаў спяклі менавіта па арыгінальны рэцэпце.