“Можа і з Гомеля самалёты пачнуць лятаць у Лондан..” Павел Шаўцоў пра родны горад і знакамітую Скарынаўку

У размове з Мова Гомель Павел дзеліцца сваімі ўспамінамі пра родны горад, прыгадвае, як дзед адпраўляў яго “ў Гомель пад хванхвары”, тлумачыць, чаму яму не падабаюцца “брэжнеўкі”, і, канешне, распавядае пра знакамітую Скарынаўку ў Лондане.

ЧАСТКА І. ГОМЕЛЬ

Павел Шаўцоў паходзіць з самога Гомеля, дзе і правёў раннія гады свайго жыцця да 1990 года. І кажа, што гомельскія ўспаміны захаваліся самыя цёплыя.

– У мяне ўся радня паходзіць з Гомельшчыны: з Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага раёнаў. І прабабуля мая жыла на Сельмашы ў прыватным сектары, у яе быў прыгожы дом з грушамі. У дзеда з бабкай, па бацьку, якія жылі ў Веткаўскім раёне, таксама быў прыгожы дом, і Сож у тым раёне вельмі прыгожы. А вось кватэра савецкая мне не вельмі падабалася, у сваім доме я сябе лепей адчуваў у прабабулі і ў дзеда з бабкай, чым у нашай “брэжнеўцы”. Добрыя засталіся ўспаміны. Я адтуль і беларушчыну падчапіў, бо ў тыя часы ўся радня, якая жыла ў вёсках, размаўляла па-беларуску. Гэта ўжо як у горад пераязджалі, то на рускую мову пераходзілі, бо беларуская мова тады лічылася, што гэта “дзяроўня” і “калгас”. Таму і мой бацька, як ужо паехаў у Гомельскі ўніверсітэт, то перайшоў на рускую мову. Калі ў мяне пытаюць, адкуль мая беларуская мова, то вось адтуль. Прабабка і дзед з бабкай у мяне выдатна па-беларуску размаўлялі.

“Праўда, дзед ужываў і рускі мат, у яго было шмат варыяцый бруднага рускага мату”, – з усмешкай дадае Павел. “Доўгія летнія месяцы, вакацыі, як мы з раднёй гулялі ў садах, на Сож бегалі, вось такія прыемнасці ўспамінаюцца”.

Бабуля была настаўніцай беларускай мовы, таму ў яе была чыстая беларуская мова. Я прыгадваю розныя фразеалагічныя выразы іх цікавыя, наколькі яны гомельскія, я не ведаю. Вось прыгожае слова “цяміць”. Можа памятаеце, былі такія “генсэкі” (генеральныя сакратары ЦК КПСС, заўв. рэд), што іх ставілі, а яны усё паміралі. І быў такі смешны выпадак, калі па тэлебачанні паказвалі, як генсэк Канстанцін Усцінавіч Чарненка сустракаўся з маскоўскімі рабочымі. Ён там стаіць і ледзь-ледзь нешта гаворыць. А ў мяне прабабка была акурат яго ўзросту, яна і кажа: “Да ні халеры ж ён ужо не цяміць”. І мне гэта вельмі запомнілася, такое прыгожае слова “цяміць”.

– А ў дзеда было такое, калі мы сябе дрэнна паводзілі, то ён заўсёды казаў: “Паедзеце ў Гомель пад хванхвары”. Я думаў, што гэта фары, і заўсёды ўяўляў гэтыя фары. Толькі пасля зразумеў, што ён меў на ўвазе музычныя гукі.

З непрыемнага запомніўся, безумоўна, Чарнобыль і 1986 год.

– Я ўжо быў дастаткова дарослым, мне было 13 гадоў. Чарнобыль цяпер многія параўноўваюць з сітуацыяй з кавідам, калі моцны псіхалагічны ціск і невядома, да чаго гэта прывядзе, які будзе эфект. Адныя людзі казалі, што хутка ўсе памром, іншыя – што нічога страшнага. Няпэўнасць. Чуткі…

Ваша сям’я не планавала пасля Чарнобыля з’язджаць з Гомеля?

– Не, мы не планавалі. Нас, школьнікаў, эвакуіравалі. Спачатку камуністычныя ўлады тады хавалі інфармацыю, ладзілі парады, і памятаю, што парад у Гомелі нават паказалі па цэнтральным савецкім тэлебачанні. Паказалі першамайскую дэманстрацыю ў Гомелі, чаго раней ніколі не рабілі. Маўляў, усё там “нармальна, мама”, такая савецкая прапаганда. Але па-ціхаму пачалі школьнікаў эвакуіраваць, і ўжо ў пачатку лета нас вывезлі ў літоўскі горад Электранай. Там быў піянерскі лагер, і мы там сядзелі. Літоўцы добра да нас ставіліся. Але людзі самі некаторыя пасля Чарнобыля пачалі выязджаць, а некаторыя казалі, што ерунда, гарэлку выпі, у лазню схадзі.

У 1990 годзе Павел паехаў з Гомеля ў Мінск вучыцца ў БДУ, а пазней -“шукаць шчасця” у свеце. “У дзяцінстве зразумеў, што не змагу стаць каралём, і таму выехаў”, – жартуе ён, цытуючы аднаго амерыканскага коміка брытанскага паходжання.

То бок Гомель застаўся такім горадам дзяцінства можна сказаць?

– Канешне. Я з тых часоў быў у Гомелі, і заўважна горад папрыгажэў. Там з’явіліся сучасныя рэстаранчыкі, гатэлі, такога раней не было, Гомель маіх часоў, на жаль, быў вельмі савецкі. Прыгожай была заўсёды прырода, сады. Канешне, мяне заўсёды дабівалі гэтыя “брэжнеўкі”. І цяпер вельмі турбуе, што ў Гомелі надалей будуюць брыдкія дзевяціпавярхоўкі. Столькі ж зямлі навокал! Заўсёды думаў, дайце ж людзям зямлі, як у Брытаніі людзям набудавалі. Маглі б планава зрабіць прыгожае катэджнае паселішча, але, на жаль, яны штампуюць гэтую панэльную брыдоту, якая стаіць там ужо ўся патрэскаўшыся. З іншага боку, сфера паслуг змянілася, цэнтр папрыгажэў. Прыгожы горад, канешне. Можа, я не аб’ектыўны, але мне Гомель заўсёды больш падабаўся за Мінск. Некаторыя кажуць, што ў Гомелі савецкая архітэктура, а я кажу, што шмат будавалі заходнія архітэктары і парк яны заклалі. Зладжанасць архітэктурная адчуваецца ў Гомелі, асабліва ў цэнтры, дзе парк, дзе пачатак Савецкай. Вельмі прыгожа.

Таксама вельмі цёпла Павел ўспамінае зборкі “Талакі” у Гомелі ў канцы 1980-х гадоў. Была такая адраджэнская суполка з Вольгай Цярэшчанка, з якой яны разам калядавалі па хатах і рабілі шматлікія іншыя цікавыя рэчы.

ЧАСТКА ІІ. ЛОНДАН. “СКАРЫНАЎКА”

Ужо каля 30 гадоў Павел Шаўцоў жыве ў Лондане. Тут развівалася прафесійная кар’ера як міжнароднага юрыста і паралельна віравала беларускае жыццё. Цяпер Павел – адзін з апекуноў Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны ў Лондане.

– Жыву тут ужо большасць жыцця. Адразу далучыўся да беларускіх арганізацый, было ж вельмі цікавае беларускае жыццё ў Лондане. Я застаў яшчэ тое старое пакаленне пасляваеннай эміграцыі, якое заклала тут усё. Мы ад іх гэта ўсё перанялі, бібліятэкай цяпер апякуюцца людзі больш-менш майго ўзросту, майго пакалення. І наша пакаленне пераняло ўсё ад заснавальнікаў бібліятэкі, такіх,  як айцец Аляксандр Надсан. Гэта было вельмі цікавае пакаленне, вельмі ахвярнае. Яны не шмат зараблялі, але апошняе аддавалі, каб было месца беларускае. Хоць таксама былі такія ж дэбаты пасля вайны, як і цяпер, бо некаторыя казалі, што вось заўтра Сталін памрэ і мы ўсе вернемся ў свае вёскі і гарадкі, а другія толькі сварыліся паміж сабою, быў разлад. Але было багата людзей, якія рабілі нешта пазітыўнае. У іх была пазіцыя такая: можа Сталін памрэ, а можа не памрэ, але трэба жыццё беларускае тут рабіць, пакуль мы тут жывём. Яны закладалі арганізацыі, зараблялі “тры шылінгі”, і “шылінг” аддавалі на беларускія справы. Таму ўжо некалькі гадоў пасля вайны тут паўстала ажно тры беларускія дамы ў Лондане, Брэнтфардзе і Манчэстэры, то бок у тым ліку на поўначы краіны, куды багата беларусаў паехала працаваць на тэкстыльных фабрыках. Тады яшчэ Брытанія была вялікай тэкстыльнай індустрыяй. Беларусаў узялі на фабрыкі, і там паўсталі беларускія цэнтры. А скарынаўская бібліятэка паўстала ў 1971-м годзе, спачатку калекцыя збіралася пры царкве, біскуп Часлаў Сіповіч столькі кніг сабраў, што ажно столь правалілася. Тады вырашылі набыць дом і па ўсёй дыяспары кліч кінулі, купілі будынак для бібліятэкі. Так паўстала “Скарынаўка”.

Што такое на сёння Скарынаўская бібліятэка ў Лондане?

Шмат тут чаго. Па-першае, калекцыі. З канца вайны збіраліся беларускія кнігі, ёсць цікавая калекцыя мастацтва, цікавая калекцыя мапаў часоў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі, 20-га стагоддзя, калекцыя марак, ёсць унікальныя архівы (у асноўным дыяспары). Гэта, напэўна, найбуйнейшая спецыялізаваная беларуская бібліятэка па-за межамі Беларусі. І дзесьці палова нашых кніг ёсць і ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, але паловы там няма.  У нас шмат выданняў ёсць, якія выдаваліся па-за межамі БССР і РБ, у даваеннай Вільні, напрыклад, у даваеннай Польшчы, эміграцыйныя выданні, і цяперашнія выданні, якія ў Беларусі не прымаюцца па палітычных прычынах, а ў нас яны ёсць. Шмат у нас скарбаў, якіх няма ў Беларусі. На сёння ў нас дзесьці 40 тысяч кніг і перыядычных выданняў, калекцыі іншых рэчаў. Калекцыя музыкі цікавая таксама ў нас ёсць, архіў кампазітара Мікалая Куліковіча, да прыкладу, які жыў у Чыкага, архіў, які сям’я пасля яго смерці нам перадала. За 50 год у нас шмат накапілася такіх скарбаў.

Акрамя таго, Скарынаўка заўсёды была цэнтрам беларусазнаўства. Яна прыцягвала навукоўцаў, асабліва не беларускіх. У часы Савецкага Саюза тут стварыўся цэнтр беларусазнаўства на англійскай мове, тут пачаў выдавацца часопіс беларускіх студыяў, гэта была адзіная публікацыя пра Беларусь на англійскай мове. Гэты часопіс дасылаўся па ўсім свеце і нават у Савецкі Саюз. Тут працавалі такія постаці, як Гай Пікарда, Вера Рыч, Арнольд Мак-Мілін… Яны перакладалі беларускую паэзію, пісалі пра беларускую літаратуру, пра беларускую музыку, гісторыю. Тут стварыўся найбуйнейшы зноў жа ў свеце цэнтр англамоўнага беларусазнаўства. Гэта было вельмі важна ў тыя часы і цяпер вельмі важна, бо, вядома, пра Беларусь ведаюць і цяпер мала, а тады… Ведаеце, як падчас “халоднай вайны” усе ведалі, што пад Берлінам стаяць рускія танкі, а за імі ўжо нібыта пачынаецца тайга. Такое было ў людзей паняцце і вельмі важна было адукоўваць, што там не тайга, а старажытная культура. Таксама ў нас ладзяцца канферэнцыі розныя, імпрэзы, да нас прыязджае шмат даследчыкаў з усяго свету. Нашымі калекцыямі цяпер займаюцца прафесіяналы, нашымі маркамі, нашымі мапамі і так далей.

Будынак Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане

Скарынаўка заўсёды была “вакном на Беларусь”:

– Раней даследчыкам заходнім было цяжка трапіць у Савецкі Саюз, то яны сюды прыходзілі. Пасля стала лягчэй, але цяпер зноў жа не ўсе хочуць ехаць у сучасную Беларусь. А па-другое, не ўсё ў Беларусі ёсць, што мы маем. У нас шмат рэдкіх старадрукаў, якія на аўкцыёнах купляліся, і таму маем арыгінальныя старонкі, што Францыск Скарына друкаваў. Яны былі купленыя ў 1975 годзе на аўкцыёне ў Манака. Сабралі грошы ў дыяспары, айцец Надсан паехаў і так купілі арыгіналы Скарыны. У нас ёсць два арыгіналы Статута ВКЛ: па-старабеларуску і па-польску. І мы працягваем нашы калекцыі папаўняць. Прыходзяць да нас палітыкі, дыпламаты, якія таксама больш даведваюцца пра Беларусь. Мы працягваем быць культурнай амбасадай Беларусі.

Будынак бібліятэкі ў апошнія гады перанёс грунтоўны рамонт, атрымаў і сучасную сістэму кандыцыянераў, што асабліва важна для захавання старадрукаў. Цяпер арганізуецца каталагізацыя і алічбоўванне калекцый, каб іх маглі глядзець ва ўсім свеце. “Каб і з Гомеля людзі маглі паглядзець на нашу калекцыю, а можа і прыляцелі б да нас. Некалі можа і з Гомеля самалёты пачнуць лятаць у Лондан”, – спадзяецца Павел Шаўцоў.

 

Штодзень

Фота прадстаўленыя Паўлам Шаўцовым.

skaryna.org

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі