Гамяльчанцы Валянціне Міронавай ужо 73 гады. Яна да апошняга працягвала дапамагаць палітвязням, насіла перадачы ў СІЗА. Але пасля таго, як яе зрабілі падазраванай у справе па садзейнічанні экстрэмізму ёй давялося самой тэрмінова з’ехаць з радзімы. Сын Валянціны, вядомы гомельскі актывіст Ілля Міронаў на той момант быў таксама ў Літве. «Штодзень» спытаў у яе пра абставіны ад’езду, пра тое, як гэта ў сталым узросце наладжваць жыццё ў новай краіне, чаму з’явілася неабходнасць у зборы.
Чаму давялося бегчы з Беларусі?
Я толькі 22-га студзеня вярнулася з Вільні, праведвала Іллю. Увечары прыехала, у 7 раніцы прыйшлі супрацоўнікі КДБ, РАУС. Прад’явілі мне пастанову на вобшук. Там я ў іх фігуравала як сведка «па справе Dissidenty.by». Правялі вобшук, нешта забралі, галоўнае, што грошы ўсе забралі. Я і не хавала іх, бо яны былі з продажу дома.
Пасля цэлы дзень мяне там дапытвалі, да 7 вечара. Заадно склалі адміністрацыйны пратакол. Быццам бы ў мяне была падпіска на «Стоп Лука». Але з таго часу, як мяне ў сакавіку затрымалі за нейкі лайк, я вельмі старанна, ледзь не кожны дзень усё гэта праглядала, каб не дай Бог. Але аднекуль з’явіўся ён.
Ужо хацелі мяне ў ІЧУ весці, прыйшла жанчына стала завушніцы здымаць, па кішэнях лазіць. Быў там КДБшнік, увесь з сябе інтэлігентны, харошы, сказаў мне: «Ну што тут у вас… Напэўна, абыдзецца штрафам». Кшталту, паклапоціцца. Хаця я як сведка была.
Ён заходзіць, кажу: «Ну дзякуй, паклапаціліся». Ён зноў выйшаў, схадзіў невядома куды, вярнуўся і кажа: «Усё, вас у ІЧУ ўжо не забіраюць». Прыйшла дадому і чакаю, бо пратакол жа складзены.
Суд прызначылі на 2 лютага. А 29-га студзеня выклікаюць у Следчы камітэт і мне прад’яўляюць ужо пастанову, што я падазраваная па ст. 361- 4 ч.2 (cадзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і даюць падпіску пра нявыезд. Але пашпарт не забралі. Можа, спецыяльна выпіхваюць людзей з краіны.
Я прыйшла ў той дзень дадому. Не ведала з кім параіцца, каму паказаць паперы. Але 30-га звязалася з BYSOL. Мне сказалі: «Тэрмінова, усё тэрмінова». Я на наступную ноч ужо дома не начавала.
Заплечнічак сабрала. Кватэру проста кінула, зачыніла і з’ехала. І праз нейкі час апынулася тут, у Літве.
Я, канечне, не думала, што на старасці гадоў такое здарыцца. Разумею, што для мяне гэта можа быць квіток у адзін бок. Плакала, так не хацела ехаць. За мяжой жа зусім іншае жыццё, усё іншае. А мне кажуць: «Лепей памерці на волі, чым у турме». Выбару фактычна не было, нават адкупіцца не прапаноўвалі.
Дзякуй і тым, хто дапамагаў з эвакуацыяй, як быццам за руку вялі.
Як на новым месцы? Як абжываецеся?
Быццам бы ўсё ёсць. Жывая-здаровая. Дах ёсць, месца, дзе паспаць ёсць. Але, напэўна, не для майго ўзросту гэта ўсё. Неяк цяжкавата. Дома я ведала, чым я магу займацца, той жа дапамогай палітвязням. Тут на маршы хадзіць, але падаецца, што там была дапамога больш важная.
Таму цяжка, не ведаеш, куды сябе падзець. Пакуль дакументы аддала, Дэпартамент міграцыі вырашае. Праблема, што ў мяне яшчэ не літоўская віза, нешта, магчыма, трэба будзе рабіць.
Гэта я ў РАУСе, Следчым камітэце смелая, што думаю кажу, не саромеюся. Але па жыцці закамплексаваная, мне ў нейкую службу звярнуцца цяжка вельмі. Я не вельмі валодаю, як карыстацца інтэрнэтам. Яшчэ ад гэтага цяжка. Таксама зрок кепскі, раней было кепскаваты, а цяпер прама катастрофа. У снежні была ў другога сына, дык дзве кнігі прачытала, а цяпер у тэлефоне прыглядаюся, не бачу. Са слыхам такая ж гісторыя. Сяджу, чую, што гучна кажуць, але не магу разабраць пра што. Сядзіш з разумным тварам, а ўнікнуць не можаш.