Кошт ілжы. Што пісалі савецкія газеты ў першыя дні пасля Чарнобыльскай аварыі

26 красавіка 1986 года на атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі адбыўся выбух на чацвёртым энергаблоку. У Савецкім Саюзе і саму катастрофу, і яе жахлівыя наступствы спрабавалі схаваць, а многія камуністычныя бюракраты нават не ўнікалі ў тое, што адбывалася насамрэч: або не разумелі, або свядома прымалі рашэнні, якія пагражалі жыццю соцень тысяч людзей.

 

ЧАЭС. Фотахроніка ТАСС / Уладзімір Рэпік, Ігар Косцін і Валерый Зуфараў

Мова Гомель вырашыла паглядзець, калі ўпершыню насельніцтва дазналася пра аварыю на ЧАЭС, і што ў першыя дні пасля катастрофы пісалі галоўныя газеты СССР.

Адразу пасля таго, як на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі здарыўся выбух і пажар, нават жыхары Прыпяці не ведалі, якога маштабу катастрофа адбылася пад іх вокнамі. Што ўжо казаць пра мільёны жыхароў Савецкага Саюза, якія заставаліся ў няведанні яшчэ пэўны час, надзвычай важны для таго, каб прынамсі забяспечыць сябе і дзяцей ад уздзеяння радыеактыўнага ёду.

28 КРАСАВІКА – ПЕРШАЕ ПАВЕДАМЛЕННЕ

Першае паведамленне пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС было распаўсюджана ТАСС і перададзенае ў праграме “Время” толькі 28 красавіка. Гэтае паведамленне стала вынікам націску міжнароднай супольнасці, якая патрабавала патлумачыць прычыну павышэння ўзроўню радыяцыі на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Першымі трывогу ўзнялі супрацоўнікі шведскай АЭС “Форсмак”. Сістэма бяспекі гэтай атамнай станцыі пачала падаваць сігналы аб радыяцыйным забруджванні, якое, як аказалася, не было звязана з работай самой станцыі. Спробы даведацца нешта па дыпламатычных каналах не далі выніку, і толькі пасля таго, як шведы заявілі пра намер зрабіць афіцыйны запыт у МАГАТЭ, Савецкі Саюз быў вымушаны паведаміць пра аварыю.

На гэты момант ужо адбылася эвакуацыя Прыпяці, жыхарам якой далі ўсяго дзве гадзіны на тое, каб сабрацца. 43 тысячы жыхароў горада вывезлі за 3,5 гадзіны.

Першай цэнтральнай газетай, якая надрукавала гэта першае ўрадавае паведамленне пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС стала газета “Известия”. Так у №120 (вечаровы выпуск) за 29 красавіка 1986 года на першай старонцы ў правым ніжнім кутку было змешчана кароткае паведамленне ад Савета міністраў СССР.

Газета “Известия” за 29 красавіка 1986 года, першая старонка


Змест паведамлення
:

“Ад Савета Міністраў СССР. На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася аварыя, пашкоджаны адзін з атамных рэактараў. Прымаюцца меры па ліквідацыі наступстваў аварыі. Пацярпелым аказваецца дапамога. Створаная ўрадавая камісія”.

У гэты дзень, 28 красавіка 1986 года, у Маскве ў шостай клініцы інстытута біяфізікі ўжо знаходзіліся першыя ліквідатары аварыі, сярод якіх быў і камандзір аддзялення 6-й самастойнай ваенізаванай пажарнай часткі па ахове горада Прыпяць Васіль Ігнаценка, ураджэнец вёскі Спярыжжа Брагінскага раёна.

Васіль Ігнаценка, фота belnovosti.by

У гэты дзень, 28 красавіка, родныя Васіля Ігнаценкі атрымалі з Масквы тэлеграму, каб дзве сястры і брат Васіля тэрмінова прыехалі ў Маскву… яны былі патрэбныя для здачы касцявога мозгу. Гэта была іх апошняя сустрэча з братам.

29 КРАСАВІКА

Праграма “Время” шостай навіной распавяла пра тое, што ў выніку аварыі на ЧАЭС загінулі два чалавекі, частка будынка рэактара разбураная, жыхары Прыпяці і трох бліжэйшых гарадоў эвакуіраваныя.

Першая старонка газеты “Гомельскі ўніверсітэт, №15 за 29 красавіка 1986 года


30 КРАСАВІКА

Галоўная савецкая газета “Праўда” апублікавала другое паведамленне “Ад Савета Міністраў СССР” пра Чарнобыльскую аварыю. Паведамленне з’явілася толькі на другой старонцы газеты, у ніжнім правым куце. На працягу некалькі трагічных дзён, калі на атамнай станцыі яшчэ тушылі пажар, калі гарэў графіт, калі людзі атрымлівалі смяротныя дозы радыяцыі, галоўная газета СССР не заўважала падзей у Прыпяці.

Газета “Праўда” ад 30 красавіка 1986 года, другая старонка

 

Змест паведамлення ў “Праўдзе” ад 30 красавіка 1986 года


1 МАЯ

На наступны дзень, 1 мая 1986 года, калі насельніцтва ўсіх рэспублік СССР адправілі на святочныя дэманстрацыі, як бы нічога не адбылося, у святочным нумары газеты “Праўда”, зноў жа на другой старонцы ў правым ніжнім куце было размешчанае яшчэ адно паведамленне.

Вось яго змест: “Ад Савета Міністраў СССР. На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі працягваюцца работы па ліквідацыі наступстваў аварыі. У выніку прынятых мер за мінулыя суткі выдзяленне радыеактыўных рэчываў зменшылася, узроўні радыяцыі ў раёне АЭС і ў пасёлку станцыі знізіліся. Вымярэнні, якія праводзяць спецыялісты з дапамогай кантрольнай апаратуры сведчаць пра тое, што ланцужковай рэакцыі дзялення ядзернага паліва не адбываецца, рэактар знаходзіцца ў заглушаным стане. Разгорнутыя працы па ачыстцы забруджаных участкаў прылеглай мясцовасці, да іх выканання прыцягнутыя спецыялізаваныя падраздзяленні, абсталяваныя неабходнай сучаснай тэхнікай і эфектыўнымі сродкамі.

Некаторыя агенцтвы на Захадзе распаўсюджваюць чуткі пра тое, што нібыта пры аварыі на АЭС загінулі тысячы людзей. Як ужо паведамлялася, фактычна загінулі два чалавекі, шпіталізаваныя ўсяго 197; з іх 49 пакінулі шпіталь пасля абследавання. Работа прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў і ўстаноў ідзе нармальна”.

У гэты час у нямецкім горадзе Вісбадэн былі зачыненыя ўсе дзіцячыя пляцоўкі з прычыны павышанай радыяцыі, а польскія ўлады яшчэ 29 красавіка ва ўсходніх рэгіёнах краіны пачалі раздаваць дзецям таблеткі з ёдам. Але ў Гомелі, а таксама Нароўлі, Ветцы, Брагіне ды іншых мясцовасцях праходзяць дэманстрацыі.

Фота з першамайскай дэманстрацыі 1986 года з Нароўлі, апублікаванае ў газеце “Прыпяцкая праўда”


Аляксей Камай
, які ў 1986 годзе быў першым сакратаром Гомельскага абкама КПБ, у інтэрв’ю газеце “СБ. Беларусь сегодня” за 24 красавіка 2021 года распавядаў, што яшчэ 27 мая 1986 года, атрымаўшы інфармацыю, што адбылася аварыя, і пацвердзіўшы яе праз тэлефон у першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Мікалая Слюнькова, вырашыў праляцець на верталёце да месца аварыі. Што праўда, даляцець удалося толькі да Лоева, бо паступіў загад вяртацца. Аднак Камай паспеў пабачыць на гарызонце клубы попелу і дыму, і зразумеў, што адбылося нешта складанае. Тым не менш, 1 мая яго жонка і дачка ішлі ў святочнай калоне…

2 МАЯ

2 мая 1986 года газета “Праўда” ў тым самым месцы на другой старонцы зноў дала кароткае паведамленне, што ўзровень радыяцыі змяншаецца, але пры гэтым адзначалася, што “працягвае аказвацца дапамога пацярпелым, сярод якіх 18 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане”. У гэты самы час прымаецца рашэнне пра эвакуацыю 90 тысяч жыхароў з 30-цікіламетровай зоны вакол рэактара.

У наступныя дні з’яўляюцца паведамленні ў “Правде” і газеце “Известия”, агульны тон якіх падобны – наступствы аварыі ліквідуюцца, але пры гэтым гучаць закіды ў бок Захаду, у прыватнасці  ЗША, якія нібыта пашыраюць чуткі і няпраўду.

Так, у газеце “Праўда” №124 ад 4 мая 1986 года на пятай старонцы быў размешчаны тэкст аўтара В. Бальшакова. Невялікая вытрымка з гэтага тэксту:

“…Адказныя палітычныя дзеячы, аб’ектыўныя журналісты за рубяжом падышлі да падзей сур’ёзна, без ажыятажу. Тым не менш у Злучаных Штатах Амерыкі, а таксама ў шэрагу іншых краін НАТА, пэўныя колы распаўсюджваюць домыслы і небыліцы, даходзяць да абсурду ў сваіх “каментарыях” адносна аварыі. Яе спрабуюць прадставіць амаль як нейкі міжнародны крызіс. У амерыканскім друку, па тэлебачанні нагнятаецца кампанія страху…”

Толькі 6 мая ў газеце “Праўда” з’яўляецца рэпартаж з Чарнобыля, падобны рэпартаж на наступны дзень, 7 мая, з’яўляецца ў газеце “Известия”.

8 мая паведамленне ўрадавай камісіі па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС разглядаецца на пасяджэнні Палітбюро ЦК КПСС, у выніку чаго на наступны дзень тэма Чарнобыля ўпершыню трапляе на першую старонку галоўнай савецкай газеты “Праўда”.

Міхаіл Гарбачоў выступіў па савецкім тэлебачанні толькі 14 мая 1986 года.

“…Сур’ёзнасць абстаноўкі была відавочнай. Трэба было тэрмінова і кампетэнтна ацаніць яе. І як толькі мы атрымалі надзейную першапачатковую інфармацыю, яна стала здабыткам савецкіх людзей, была накіравана па дыпламатычных каналах урадам замежных краін… У сітуацыі, якая склалася, мы палічылі самым першым доўгам, доўгам асаблівай важнасці – забеспячэнне бяспекі насельніцтва, аказанне эфектыўнай дапамогі пацярпелым…”, – запэўніваў Гарбачоў у сваім выступе савецкае насельніцтва.

Штодзень

Выкарыстаныя матэрыялы савецкіх газет красавіка – мая 1986 года, размешчаныя ў адкрытым доступе.

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»