Катрыншчык без рукі: у Навабеліцы вандалы пашкодзілі вядомую скульптуру

 

Першая ў свеце скульптура аднарукаму катрыншчыку

 

У 2008 годзе ў скверы каля навабеліцкага Дома культуры ўстанавілі новую скульптуру — старога катрыншчыка (часам яго называюць “Сляпы катрыншчык”). Яе аўтарам стаў Вячаслаў Далгоў, які ўжо паспеў паставіць у Гомелі скульптуры клоўну Карандашу каля цырка, “першаму гамяльчаніну” на набярэжнай, пасажыру на валізцы каля вакзала ды пасажыру з клункамі каля аўтавакзала.

Для большай інтэрактыўнасці ў скульптуры прадугледзелі рухомы элемент – ручку катрынкі. Кожны ахвотны мог загадаць жаданне і пракруціць ручку — тады ўсё загаданае спраўдзіцца.

Даведка /цікавы факт:

Як музычны інструмент катрынка стала папулярнай у XVII-XVIII ст. Па сутнасці гэта — невялічкі пераносны арган з мяхамі, трубамі ды валікам з занатаванай механічным шляхам мелодыяй. Вынаходніцтва прыпісваюць італьянскаму майстру Джавані Барб’еры. Першапачаткова катрынку выкарыстоўвалі для навучання пеўчых птушак і называлі “драздоўка” ці “чыжоўка”. Але, паколькі, найбольш папулярнай мелодыяй з часам стаў матыў французскай песні “Чароўная Катрын” (фр. Charmante Catherine), то ўзніклі і назвы “шарманка” ці “катрынка”. У сілу спецыфікі канструкцыі музыкам не заўжды ўдавалася мяняць мелодыі, таму некаторым катрыншчыкам пасля гадзінных “канцэртаў на вечным паўторы” нават даплочвалі, каб яны змянілі лакацыю.

Джордж Генры Сторы, Катрыншчык

 

Па сканчэнні некалькіх гадоў “катрыншчык” візуальна знасіўся і няспынна цярпеў ад рук вандалаў: то металёвы капялюш з дробяззю адламаюць, то адпілуюць палец, так і не здолеўшы адрэзаць усю руку.

 

 

Катрыншчык на ранейшым месцы і яшчэ з рукой

 

Пасля рамонту ў 2014-м годзе скульптуру было вырашана пераставіць, бо на старое месца “прапіскі” ўсталявалі бюст Паўла Галавачова (створаны яшчэ ў 1975) — савецкага лётчыка-аса, двойчы Герой Савецкага Саюза. Ідэя суседства вядомага аса з катрыншчыкам не прыйшлася да спадобы мясцовым чыноўнікам і скульптуру паставілі па правы бок ад кінатэатра “Мір”.

На новым месцы катрыншчык візуальна згубіўся – у ценю дрэваў ён не служыць кропкай прыцягнення для гараджан.

Бачыш скульптуру? А яна ёсць!

 

Але галоўная праблема ў тым, што на сённяшні дзень катрыншчыку наўпрост “адрубілі” правую руку.

Мяркуючы па слядах, драбязу з капялюша вандалы таксама спрабавалі скрасці

 

Ці знойдуць навабеліцкія чыноўнікі сродкі на рамонт скульптуры невядома, бо грошай на падобныя працы бракуе праз санкцыі і неэфектыўную эканоміку, а на культурніцкую сферу і так выдаткоўвалі небагата. Што казаць, калі напрыканцы 2021-га года нават на аднаўленне помніка Уладзіміру Леніну — ўлюбёнцу сённяшняга беларускага кіраўніцтва — у цэнтры Навабеліцы не знайшлі запланаваных для гэтага 34 тысячы рублёў. На бессэнсоўнасці марнавання такім шляхам сродкаў у адмысловай петыцыі настойвалі гомельцы і прасілі тады перанакіраваць грошы на медычныя патрэбы.

 

 

 

 

Падковы, вадаправодчыкі, звяры ды іншыя фантастычныя стварэнні

Наогул пры выбары таго, якімі скульптурамі ўпрыгожваць горад, гомельскія ўлады працягваюць старую савецкую традыцыю ўшанавання абстрактных прафесій і заняткаў (вадаправодчыкі, даішнікі, дворнікі, дворнікі, студэнты), фігур звяроў (рысі, мядзведзі, краты) ці літаратурных персанажаў (Гулівер, Бураціна, Карабас Барабас і т.п.).

Адметныя помнікі гістарычным асобам сталі рэдкасцю, а калі і з’яўляюцца, то прысвечаны ў першую чаргу тэме Другой Сусветнай вайны. Так, каля абласной бібліятэкі ў 2019 годзе паставілі помнік тром братам Лізюковым, якія загінулі за часамі вайны, баронячы родны край. Але гэты помнік апынуўся максімальна стэрэатыповым, у вобразе бравых салдацікаў на пастаменце, для каторых вайна — вясёлая забава. Ад рэальных прататыпаў у помніку амаль нічога не засталося і ўсталяваны ён быў нават не на месцы, дзе стаяла іх родная хата (даследнікі мяркуюць, што гэта была вул. Сялянская непадалёк ад сённяшняга Цэнтральнага рынка), што было б, прынамсі, сімвалічна.

У выпадку Навабеліцы, дзе размешчаны катрыншчык, можна было б даўно ўшанаваць памяць Палуты Бадуновай – адзінай жанчыны-міністаркі ва ўрадзе БНР, дзяячцы, якая шмат высілкаў прыклала да станаўлення беларускай дзяржаўнасці або праславіць памяць этнографа Еўдакіма Раманава, які цяпер ушанаваны толькі ў выглядзе названай у яго гонар тутэйшай бібліятэкі.

Нараджэнка Навабеліцы Палута Бадунова. Была адзінай кабетай-міністрам ва ўрадзе БНР

 

 

Знакаміты зямляк, этнограф Еўдакім Раманаў

 

 

 

У сквер каля помніка Леніну перацягнулі фігуры “дзеда і бабы”, якія з тых часоў ужо столькі разоў расфарбоўвалі яскравымі і неаўтэнтычнымі колерамі, што ад арыгінальных фігур мала чаго засталося

 

 

 

 

 

 

Зрэшты, славутых імёнаў і падзеяў, якія можна ўвасабляць у скульптурах хапае. Але гомельскія ўлады паслядоўна цураюцца ўласных герояў і гісторыі. Ці ведаюць яны яе наогул, канешне, асобнае пытанне. Але ў выніку падыход «абы чаго не выйшла», калі любая ініцыятыва па ўшанаванні «складаных» персаналій або эпізодаў нашай мінуўшчыны можа адлюстравацца ўжо на тваёй працы і кар’еры, прыводзіць да сумных вынікаў. Менавіта па гэтай прычыне Гомель паслядоўна папаўняецца абстрактнымі малымі архітэктурнымі формамі ды скульптурамі, якія не заўжды адпавядаюць узроўню паўмільённага горада.

 

 

 

 

У выніку адсутнасці публічных абмеркаванняў таго, каму і дзе паставіць новую скульптуру ці помнік, падобныя аб’екты ў Гомелі часта размяшчаюць у дзіўных лакацыях, без прывязкі да мясцовай гісторыі ды асаблівасцяў. А выкананне часта не адпавядае высокаму мастацкаму ўзроўню яшчэ і праз адсутнасць адкрытых конкурсаў па распрацоўцы эскізаў. Наўмыснае ігнараванне і страх перад пераасэнсаваннем уласнай гісторыі і яе выбітных дзеячоў, а таксама вечная эканомія, прыводзяць да таго, што горад усё больш нагадвае адзін вялікі спальны раён, у якім часцей за ўсё ушаноўваюцца падковы, звяры, казачныя персанажы і выключна ваенныя героі.

Ланшдафтныя дызайнеры чамусьці высадзілі перад скульптурамі хмызняк і цяпер яны яшчэ менш заўважныя з дарогі.

Навабеліцкія рысі выглядаюць трохі наіўна

 

Хочацца спадзявацца, што хаця б на аднаўленне рукі катрыншчыка ва ўладаў знойдуцца грошы і гомельцы зноў змогуць загадваць свае жаданні, пакруціўшы ручку яго інструмента.

Штодзень 

Аўтар: Юліян Доўгабародаў

Related posts

Фалацэнтрычны прымітывізм, або архітэктура Гомеля за апошнія 30 гадоў

У Гомелі ад гарачыні сохнуць дрэвы

Падарожжа па таямнічых завуголлях трохкутніка Рэчыцкі-Сасновая-Барыкіна