Касцюкоўка як брэнд. Феномен гомельскага раёна

Якое месца ў Гомелі цесна звязана з выяўленчым мастацтвам? Шмат хто згадае галерэю ім. Г.Х. Вашчанка, музей Палацава-паркавага ансамбля ці мастацкі каледж. А мы параім вам пільней прыглядзецца… да Касцюкоўкі, ускраіннага раёна Гомеля, які да 2016 года быў гарадскім пасёлкам.

Касцюкоўка сёння

 

У большасці гомельцаў гэтыя мясціны асацыююцца толькі са шклозаводам ды з самай аддаленай бальніцай. Але Касцюкоўка магла б слынуць яшчэ і з колькасці мастакоў, што нарадзіліся альбо пачалі вучыцца маляваць тут. Вось некаторыя вядомыя нам імёны.

ПАВЕЛ НІЧЫПАРАВІЧ ГАЎРЫЛЕНКА (1902–1961). Скончыў Віцебскую народную мастацкую вучэльню. Працаваў у жанры сацрэалізм, адлюстроўваў гістарычныя падзеі (рэвалюцыйныя, партызанская дзейнасць і інш.), працоўныя будні беларусаў. Працаваў і ў пейзажным жанры. Паспеў пабыць старшынёю Саюза мастакоў БССР (1956–1961) і Дэпутатам Вярхоўнага савета БССР (1951–1955).

 

Эшалон ідзе. П. Гаўрыленка

Да 100-годдзя Гаўрыленкі Белпошта выпусціла памятны канверт.

 

УЛАДЗІМІР ПАЎЛАВІЧ ІСАЧАНКА (1956 г.н.). Вучыўся ў Мінскай мастацкай вучэльні і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Кірункі прафесійнай дзейнасці – станковы жывапіс, пейзаж, нацюрморт, партрэт, кніжная графіка. Асобна варта адзначыць працы мастака па стварэнні ікон для праваслаўнай царквы.

Выстава мастака ў 2018 годзе

 

УЛАДЗІМІР АЛЯКСЕЕВІЧ ЕЎТУХОЎ (1948 г.н.). На манументальным аддзяленні Мінскага тэатральна-мастацкага інстутута вучыўся ў такіх педагогаў, як Гаўрыла Вашчанка і Май Данцыг. Каб пабачыць працы мастака, не трэба кіравацца да музея. Дастаткова прайсціся па вул. Савецкай, каб падзівіцца на серыю пано ля Дошкі гонару, зайсці ў будынак чыгуначнага вакзала (роспісы, вітражы) ці ў залю цырымоній ЗАГС Савецкага раёна і г.д.

 

 

ІГАР НІКАЛАЕВІЧ ЦІШЫН (1958 г.р.) жыве і працуе ў Бельгіі, але пачаў вучыцца маляваць таксама ў Касцюкоўцы. У ягоных працах рысы футурызму і канструктывізму спалучаюцца з элементамі артэ повера і ар брут. Персанальныя выставы ладзіліся ў Англіі, Францыі, Кувейце, Германіі, Швейцарыі і іншых краінах.

Крызіс у раі

Лені Рыфеншталь. Чырвоны капялюш

Хто ведае, у якой прафесіі рэалізаваліся б Еўтухоў і Цішын, каб у дзяцінстве іх, вясковых хлопчыкаў, не заўважыў і не запрасіў у студыю выяўленчага мастацтва пры касцюкоўскім шклозаводзе таленавіты педагог УЛАДЗІМІР СІЛЬВЕСТРАВІЧ КАМОЎСКІ (1917–1968). Па ўспамінах вучняў, ён не толькі прывіваў любоў да мастацтва і даваў прафесійныя навыкі. Уладзімір Сільвестравіч лёгка знаходзіў падыход як да дзіцячай псіхікі (пасля студыі шмат каму хацелася больш ведаць, вучыцца лепей у звычайнай школе), так і да бацькоў (няпроста было патлумачыць працоўным людзям з глыбінкі, якія жылі вельмі сціпла, што набыццё не танных пэндзляў, фарб і іншага – гэта інвестыцыя ў будучае дзіцяці). Колькі хлопчыкаў і дзяўчынак прайшло праз студыю Камоўскага – і не падлічыць…

На жаль, працы самога Камоўскага не захаваліся. Усё, што захоўвалася ў студыі, згарэла падчас пажару.

Адных толькі гэтых імёнаў дастаткова, каб паспрабаваць зрабіць выяўленчае мастацтва брэндам Касцюкоўкі. Не толькі турысты, але й жыхары іншых раёнаў Гомеля не бачаць Касцюкоўку месцам, вартым наведвання. Што можна было б арганізаваць, каб павысіць турыстычны патэнцыял? Розныя імпрэзы, звязаныя ў мастацтвам.

Напрыклад, калектыўныя пленэры для маладых мастакоў, выставу-продаж карцін сучасных мастакоў. Можна заснаваць прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва або навучання дзетак у гэтай галіне. Паколькі да нядаўняга мінулага Касцюкоўка заставалася працоўным пасёлкам, можна было б паралельна зрадзіць і конкурс мастацкага адлюстравання ў фотаздымках прамысловай забудовы. Карціны тутэйшых мастакоў лёгка можна было б візуалізаваць у графіці і розных сувенірах.

Калі падысці да пытання творча і крэатыўна, хто ведае, мо праз нейкі час тыя, хто наведаў Гомель, захавалі б ва ўспамінах не толькі парк і палац над Сожам, але і… Касцюкоўку.

Штодзень

Related posts

Таямніцы гомельскага “Зімовага саду”

Няздзейсненае антысавецкае паўстанне, вялікія грошы і гульня спецслужб. Жыццё Цімоха Вострыкава

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць