Калісьці ў Чэске-Будзеёвіцы быў “Гомель”

У свой час сярод гарадоў-пабрацімаў Гомеля былі шатландскі Абердын, французскі Клермон-Феран, Чэске-Будзеёвіцэ, так і ўкраінскія Чарнігаў і Данецк ды безліч кітайскіх і расійскіх гарадоў. Аднак пасля пачатку ў Беларусі грамадска-палітычнага крызіса ў 2020 г. і няспынных рэпрэсій шматлікія гарады пачалі скасоўваць афіцыйнае сяброўства з горадам над Сожам.

Разбураны гатэль “Україна” ў Чарнігаве (да 2022 года горад-пабрацім Гомеля)

 

Першым афіцыйным гарадам-пабрацімам Гомеля стаў чэшскі горад Чэске-Будзеёвіцэ. У 1966 годзе горад над Сожам падпісвае адпаведную дамову. Але горад над Сожам выбудоўваў пабрацімскія сувязі не толькі з гарадамі сацыялістычнага блока. У 1977 годзе горадам-пабрацімам Гомеля стаў французскі Клермон-Феранам. Сувязі з французскімі сябрамі падкрэслілі і ў тапаніміцы горада ды назвалі ў гонар горада-пабраціма вуліцу. На ёй жа размясцілася і сярэдняя школа з паглыбленым вывучэннем французскай мовы.

Гарады ўзаемадзейнічалі ў адукацыйнай і культурніцкай сферах, а пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ўзмацніліся і кантакты ў плашчыні эканомікі. Гомельскія вучні і студэнты ездзілі з абменам у Абердын ды Клермон-Феран, а пры ГДУ ім. Ф. Скарыны ў 1995 годзе нават быў адкрыты Франка-Беларускі інстытут кіравання (т.зв. “Франкабел”), партнёрам каторага выступіў універсітэт Авернь-Клермон.

Пабрацімскія сувязі Гомель у 2001 годзе заключыў і з гарадамі-суседзямі Бранскам ды Чарнігавам. А пазней колькасць пародненых гарадоў і гарадоў-партнёраў у абласнога цэнтра стала расці штогод і амаль дасягнула 30 адзінак. У залежнасці ад палітычных сімпатый дадаваліся кітайскія ці расійскія гарады, а часам дык наогул часткі гарадоў. Напрыклад так у сябрах Гомеля з’явіўся Салам’янскі раён Кіева, Чаромушкі ў Маскве і адразу два раёны Санкт-Пецярбурга: Васілевостраўскі і Краснасельскі.

У цэнтры Гомеля стаіць памятны знак з пазначэннем некаторых гарадоў-пабрацімаў і дыстанцыяй да іх.

 

Наяўнасць пабрацімаў, калі з імі сапраўды падтрымліваюцца дзейсныя праграмы супрацоўніцтва — гэта значная нагрузка на гарадскі бюджэт, а таму нават буйныя еўрапейскія гарады маюць не больш за 5-6 гарадоў-пабрацімаў, а маленькія — усяго 1-2. Разабрацца хто ў спісе гомельскіх сяброўскіх гарадоў менавіта горад-пабрацім, а хто — усяго толькі партнёр няпроста. Напрыклад, на сайце Гомельскага гарвыканкама пазначана, што горадам-пабрацімам Гомеля дагэтуль з’яўляецца Шатландскі горад Абердзін. Аднак, як паведамляла Scottish Dailyexpress, у 2022 годзе Абердзін разарваў пабрацімскія сувязі з Гомелем.

Увогуле пасля жнівеньскіх падзей 2020 года  ў Беларусі і пачатку вайны ва Украіне многія еўрапейскія гарады пачалі разрываць пабрацімскія сувязі з Гомелем. У выніку пабрацімамі Гомеля перасталі (магчыма, да лепшых часоў) быць шатландскі Абердын, французскі Клермон-Феран, польскі Радам, украінскі Чарнігаў.

Чэске-Будзеёвіцэ калісьці меў свой уласны “Гомель” – 16-павярховы гатэль. Такую назву тутэйшыя ўлады абралі ў гонар падпісання чэшскім і савецкім гарадамі дамовы аб пабрацімстве ў 1966 годзе.

Будова “Гомеля” распачалася ў 1978 годзе, адкрыццё адбылося ў 1982 годзе. Максімальная колькасць гасцей – 465 асоб. Нумары былі з адным ці двума ложкамі. Пры гатэлі дзейнічалі 3 рэстарацыі, кавярні, аперытыў-бары, начныя бары. Тутака можна было пакаштаваць стравы рэгіянальнай, савецкай і інтэрнацыянальнай кухань.

У ХХІ стагоддзі “Гомель” было вырашана перабудаваць. “Гомель” стаў Clarion Congres Hotel České Budějovice. Неўзабаве знікла і само пабрацімства.

Штодзень
Фота: @belarusmodernism

 

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»