Калектыўная віна як хімера, альбо чаму ахвяры не могуць несці адказнасць за чужыя правіны

Акцыя гомельскіх партызанаў у падтрымку Украіны. Людзі, якія выходзяць на такія акцыі ў Беларусі, надзвычай рызыкуюць.

 

Вы спрабавалі напісаць камент у падтрымку Украіны на ўкраінскім рэсурсе?

Асабіста мне прыляталі такія адказы:

“Колькі цынізму! Ідзіце лепш з Мазыра ракетамі пастраляйце!”

“Вашая гуманітарка мёртвым не патрэбная”

“Дык што вы на канапе сядзіце? Айда Данецк вызваляць! Слабо?”

“Ведаем мы вас, беларусікаў”

Калі мысліць такімі катэгорыямі, то выходзіць, што ўсё без выключэння цыганы – злодзеі, галандцы – наркаманы, індыйцы – жабракі, габрэі – махляры, арабы – тэрарысты і гэтак далей. Паўсюль злыдні і ворагі.

Днямі я адфрэндзіла ўкраінку, якая хвалілася тым, што на дзіцячай пляцоўцы Палтавы давяла да слёз шасцігадовую рускую дзяўчынку апавяданнямі пра тое, што яна і яе бацькі вінаватыя ў забойствах.

Калектыўная віна – даўно вядомая ў свеце хімера і немач. На яе пакутуюць многія пакаленні немцаў – нават тых, чые продкі не мелі ніякага дачынення да фашызму.

Канцлер ФРГ Вілі Брандт перад помнікам героям паўстання ў Варшаўскім гета падчас візіту ў Польшчу ў 1970 годзе

 

Вылучыўшы тэорыю калектыўнай віны, напачатку нацысты прымянілі яе да габрэяў. Пасля перамогі над Германіяй, ЗША і Вялікабрытанія, па сутнасці, прынялі гэтую ж тэорыю і прымянілі ў адносінах да нямецкага народа. Яшчэ раней савецкая ўлада раcстрэльвала і зганяла ў канцлагеры безліч людзей, якія “маглі быць небяспечнымі” праз сваё паходжанне альбо дзейнасць. Мабыць, ні адна вайна ў гісторыі не абыходзілася без масавых тэрораў грамадзянскага насельніцтва ў адказ на атакі іх воінаў і абаронцаў.

У 2020 годзе ў рамках масавых пратэстаў руху Black Lives Matter белыя амерыканцы прыхілялі калені і прасілі прабачэння перад чарнаскурымі за свой колер скуры.

“Калектыўная віна” вельмі зручная, таму што гэтае паняцце размытае і безразмернае. Яно не патрабуе ведання фактаў і высноў на іх аснове. Патрэбныя толькі палаючыя ахвярнікі – як у старадаўніх язычнікаў, калі людзі часам не ведалі маральнага сэнсу грахоў, але баяліся ўгнявіць багоў і шукалі вінаватых.

Калектыўную віну можна зрабіць настолькі калектыўнай, што ў ліку вінаватых апынуцца ахвяры. Ён скраў ці ў яго скралі – якая розніца?! Раз уліп у гісторыю – значыць, благі чалавек. Раз звалтавалі – значыць, нельга шалахвостцы ў спадніцы па вуліцах хадзіць.

Народ у якасці калектыўнага вінаватага – гэта ўвогуле нонсэнс, які нараджаецца ў перакручаным мозгу.

Мяне лаяць – значыць, я ў чымсьці вінаваты”, – калі віна прыводзіць да самабічавання, то ў гэтай асобы занадта шмат жалю да сябе. Калі ты заняты толькі ўласным станам і болем – можна пасыпаць галаву попелам, залезці пад коўдру і не вылазіць з-пад яе ніколі.

Складаней папрацаваць над сабой, прыняць, усвядоміць, перажыць. Адпусціць свой асабісты боль, накіраваць позірк па-за і падумаць, што ты можаш зрабіць. Каму і чым дапамагчы (дапамагчы! а не загладзіць чужую віну) Гэта здорава матывуе.

Мне не сорамна, што я – беларуска. Я ганаруся гэтым, як і тысячы маіх суайчыннікаў і суайчынніц. Тых, хто так ці інакш дапамагае не толькі сваім блізкім, але і суседскім народам. Я паважаю і тых расейцаў, якія працягваюць выходзіць на антываенныя пікеты і пішуць словы падтрымкі ўкраінцам.

 

На фота — праграміст з Гомеля Зміцер Жалезнічэнка, які ўдзельнічае ў дабрачынных праектах па набыцці аўтамабіляў хуткай дапамогі для ўкраінскіх бальніц

 

Паліваць брудам сваіх саюзнікаў – не лепшая задума. Больш мудрае рашэнне – аб’ядноўвацца і падтрымліваць адно аднаго па дарозе да агульнай перамогі.

На маё стаўленне да людзей ніяк не ўплывае іх нацыянальнасць, пашпарт, веравызнанне ці колер скуры. Маё стаўленне да людзей вызначаецца толькі іх словамі і ўчынкамі. Таму што ніякай калектыўнай віны ў рэальнасці не існуе. Існуе асабістая адказнасць. І выбар ёсць заўсёды – нават у ваенных.

Вось з гэтых маленькіх “цаглінак” асабістай адказнасці фарміруецца малюнак той самай, калектыўнай і агульнай адказнасці, па якой нас як нацыю ацэньваюць у свеце. І малюнак гэты не перастае здзіўляць і змяняцца, як майскі вецер.

Штодзень 

Мар’яна Ліс

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі