Кацярына Ваданосава: “Народны строй можа падкрэсліць нацыянальную прыналежнасць”

Вядомая культурная дзяячка, майстрыха, заснавальніца Школы традыцыйнага строю Кацярына Ваданосава захапілася аднаўленнем неглюбскага строя. Паразмаўлялі з Кацярынай пра ўсплёск цікавасці да народных строяў, а таксама адметнасць неглюбскага адзення.

Кацярына Ваданосава. Фота: з архіву Кацярыны Ваданосавай

Ты аднаўляеш Неглюбскі строй. Пачнём з таго, чаму вырашыла звярнуцца менавіта да Неглюбкі?

Гэта даволі спантаннае рашэнне. Мне цікава спрабаваць штосьці новае. А рэгіёнаў у Беларусі шмат. Адпаведна, нецікава займацца тым, чым я ўжо займалася. А Неглюбкі ў маім арсенале яшчэ не было.

А што менавіта з неглюбскага строя атрымалася ў цябе рэканструяваць?

Ён яшчэ ў працэсе, таму што неглюбскі строй вельмі працаёмісты. Праз тое, што ў мяне вялікая колькасць прац, я магу займацца рэканструкцыяй толькі ў вольны час. Вольнага часу ў мяне вельмі мала. Адпаведна, я ўсё яшчэ на этапе вышывання кашулі. Там вельмі шмат вышыўкі, агромністая проста колькасць. Таму ў мяне на сённяшні момант вышыты адзін рукаў, манкеты, каўнер, усё раскроенае, сатканы пояс спрэнгам (спосаб пляцення пояса – заўв. Рэд.) і сплеценая гарлячка (упрыгожанне, якое насілася на шыі – заўв. Рэд.).

Фота: Кацярына Ваданосава

Ці адметны неглюбскі пояс для Беларусі?

Можна сказаць і так. Безумоўна, паясы, тканыя спрэнгам, сустракаюцца і ў іншых рэгіёнах, але вельмі рэдка. А ў Неглюбцы – гэта такі мастхэв, што называецца.

Наколькі было цяжка ўвогуле сплесці гэты неглюбскі пояс, што для гэтага ты зрабіла?

Для гэтага прыйшлося зрабіць адмысловы варштат. Такая драўляная рама, на якую нацягваюцца ніткі асновы. Увогуле спрэнг у Беларусі часам называюць пляценнем на сцяне, таму што майстрыхі, якія займаліся гэтай справай, цягнулі ніткі проста па сцяне, уздоўж яе.

Спрэнг – гэта такая тэхніка ткацтва, дзе не ўдзельнічае ўточная нітка, дзе ніткі асновы пераплятаюцца паміж сабою, адпаведна, атрымлівацца такая пругкая сетка. Пояс атрымліваецца як вельмі пругкі трыкатаж. Пры пляценні заўсёды трэба замацоўваць папярэднія шэрагі. Гэта вельмі цяжка распавесці, тым больш не ў жывую, не на пальцах паказваючы. Але фішка ў тым, што ніткі пастаянна мусяць быць нацягнутыя. Кожная нітка пераплятаецца з суседняй, быццам бы ты іх змяняеш месцамі пастаянна паміж сабою. І, адпаведна, калі ёсць хоць адна памылка, трэба перарабляць не толькі ўвесь шэраг, трэба глядзець, сачыць за тым, каб папярэднія шэрагі не распусціліся, таму што кожны наступны шэраг трымае папярэднія. Адпаведна, выкарыстоўваюцца пруткі для таго, каб замацаваць у працэсе ткання папярэднія шэрагі. То бок, калі ты праплятаеш адзін шэраг, ты яго замацоўваеш, пляцеш наступны, потым дастаеш пруток, устаўляеш у наступны і гэтак далей.

Пры тым, што пляцецца пояс зверху ўніз, але адначасова з гэтым ён пераплятаецца і знізу наверх. То бок тыя ніткі, якія ты сплятаеш паміж сабой, яны сплятаюцца адначасова і зверху, і знізу. І ідуць вось гэтыя шэрагі і спляценні да цэнтру, а ў цэнтры ўсе ніткі, калі становіцца немагчымым прасунуць пальцы паміж гэтымі ніткамі, іх трэба замацоўваць таксама адмысловым чынам, каб не распусціўся ўвесь пояс. Гэта такая карпатлівая праца і вельмі адказная, таму што адзін няверны крок і ў цябе ўся праца можа проста сысці ў нуль.

Увогуле наколькі было цяжка даведацца і навучыцца гэтаму прынцыпу пляцення?

Мне не цяжка. Я люблю вучыцца новаму. І ў прынцыпе нічога такога складанага там няма ў плане тэхнікі, калі мы не бяром ажурнае пляценне. З ажурным пляценнем ужо цяжкавата, там трэба разумець прынцып гэтага ўсяго. А тут можна проста лічыць: два, адзін, два, адзін і гэта далей.

А хто навучыў цябе гэтаму? Як ты зразумела прынцып пляцення?

Ніхто не навучыў, пачытала штосьці, pinterest адкрыла, разабралася, зразумела.

Апошнім часам назіраецца ўсплёск цікавасці да народных строяў з боку беларусаў. Можа, так падаецца? Але калі насамрэч так, то з чым гэта звязана?

Адказ на гэтае пытанне відавочны. Мы цяпер перажываем тое, што, на мой погляд, перажывалі еўрапейскія народы ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Калі там была вясна народаў, мы толькі прачыналіся. А цяпер, пасля 2020 года, у нас свая ўласная вясна, вясна Беларусі. Усплёск цікавасці да ўсяго беларускага, таму што гэта маркер прыналежнасці да канкрэтна гэтай нацыі, канкрэтна гэтага народу.  І людзі нарэшце адчулі патрэбу ў вызначэнні сябе па нацыянальнай прыкмеце. Гэта для іх стала важна. А народны строй – гэта самая відавочная рэч, якая можа знешне падкрэсліць сваю нацыянальную прыналежнасць.

Вернемся да неглюбскага строя. Чым ён адметны і адрозніваецца ад строяў іншых рэгіёнаў?

Самая галоўная асаблівасць, самая відавочная – гэта панёва. Гэты панёўны комплекс – бадай адзіны на тэрыторыі Беларусі. Замест спадніцы выкарыстоўваецца палатно. Дакладней, полкі тканіны, сшытыя напалову паміж сабой, якія абгортваюцца вакол стана. То бок панёва – гэта такая не сшытая спадніца.

На тэрыторыі Украіны панёўны комплекс значна болей сустракаецца. У нас ён бадай што адзіны такі. І гэта, відаць, самы архаічны спосаб нашэння паяснога адзення жанчынамі ўвогуле. Што можа быць прасцей, чым не сшытыя кавалкі тканіны, павязаныя вакол таліі. Хаця павязваюць іх таксама адмысловым чынам.  Спачатку саджаюць на матузок, знізу потым падтыкаюць, і зверху ўсё падвязваецца тканым спрэнгам поясам. Гэта самая вялікая асаблівасць.

Хаця, канешне, існуюць яшчэ іншыя асаблівасці неглюбскага строю. Напрыклад, аксесуары. Толькі ў неглюбскім строі мы можам сустрэць гарлячку. А яшчэ гарлячка можа сустрэцца ў чачэрскім. Але ўсё роўна гэта вельмі рэдкая штука.

Тое, што цяпер носяць усе, хто хоча падкрэсліць сваю беларускасць, гэтыя знакамітыя гарлячкі, – гэта чыста неглюбскі строй. Гэта адметнасць яго і асаблівасць.

Гарлячкі, зробленыя Кацярынай. Фота: Кацярына Ваданосава

Таксама “хрястоўка” – шырокая, муаравая, чырвоная стужка, на якой жанчыны на шыі насілі крыжы. Таксама ў неглюбскім строі сустракаецца ў кашулях вышыўка белым па беламу. Не ва ўсіх, а толькі ў пэўнай катэгорыі кашуль, але і зноў жа, мы яе не сустрэнем у іншых рэгіёнах Беларусі.

Адметныя таксама галаўныя ўборы. Напрыклад, кубак – галаўны ўбор незамужніх дзяўчат са стужкамі ззаду.

Карацей, неглюбскі строй – гэта напэўна такая адметная частка тэкстыльнай спадчыны традыцыйнай культуры строяў Беларусі. Ён не падобны на іншыя строі.

Штодзень

 

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

«У мяне вашы грошы»: як беларусы трапляюцца ў пастку да махляроў