У рацэ Сож быў заўважаны затоплены буксір «Ярмак». Паразмаўлялі з эколагам з Гомеля Дзмітрыем Янковым пра тое, якія наступствы падобных дзеянняў могуць быць для экалогіі і гараджанаў.
Пра затапленне буксіраў у Сажы пагалоска пайшла ў пачатку ліпеня, хоць як пазней стала зразумела, карабель быў на дне як мінімум з траўня. Мясцовы жыхар, які раней быў звязаны з рачным суднаходствам, упэўнены, што гэта адбываецца праз недахоп фінансавання на ўтрыманне. Паводле яго, пад пагрозай яшчэ адзін карабель мясцовага клуба юных маракоў і рачнікоў – «Няптун». У клуба было раней яшчэ некалькі караблёў, але, выглядае, што арганізацыя спыніла сваё існаванне.
– Наколькі небяспечныя для экалогіі ракі Сож затопленыя караблі? Ці дапушчальна ўвогуле пакідаць іх як ёсць? Ці варта даставаць?
– Пабуду трошкі капітанам Відавочнасцю. Плавальныя сродкі павінны плаваць. Калі яны не могуць плаваць па якіх-небудзь прычынах, значыць, яны не плавсродкі і да іх патрэбна адносіцца па-іншаму. Напрыклад, як да другаснай сыравіны.
Самае галоўнае – гэта тое, што судна не павінна быць затоплена ў рацэ. З пункту гледжання экалогіі гэта як мінімум не рацыянальнае абыходжанне з другаснай сыравінай, як максімум – небяспечна, бо на судне маглі быць пакінутыя рэчывы, патэнцыйна здольныя атручваць ваду ракі (акумулятары, прадукты нафтаперапрацоўкі, хімікаты і інш.).
Канешне, гэтае судна павінна быць паднятым на паверхню, і першым органам, хто гэтым павінны быць заклапочаны – гэта інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ну, і калі гэта зроблена наўмысна, то і абавязкова пракуратура.
Які стан ракі з пункту гледжання экалагічнага стану?
– У Гомелі ёсць выдатны пляж у самым цэнтры горада, які прываблівае ў спякоту тысячы гараджан. Вада ў Сожы рэгулярна інспектуецца на хімічнае забруджванне і наяўнасць біялагічных інфекцый. І, ведаючы, як нашая дзяржава любіць забароны, не думаю, што яны б не адмовіліся лішні раз гэта зрабіць, калі б такая магчымасць з’явілася.
– Ці можна нешта зрабіць, каб аздаравіць раку? Чаго ёй не хапае?
– Самае дзейснае, што мы можам зрабіць для рэк – гэта мінімізаваць на іх наш уплыў. Дзяржорганам трэба клапаціцца, каб у камунальных, вытворчых і ліўневых адкідах было як мага менш рэчываў, акрамя вады. Старацца пакінуць у глебе гораду больш ападкаў.
Трэба кантраляваць рэжым выкарыстання водаахоўных зон, каб які-небудзь саўгас не пачаў уносіць хімічныя ўгнаенні і саджаць кукурузу побач з ракой. Бо ўся гэта хімія пасля паводка апынецца ў рацэ.
А нам з вамі варта не пакідаць на беразе смецце, збіраць яго за іншымі несвядомымі жыхарамі і прымаць удзел у экалагічных акцыях па ўборцы тэрыторый.