Як у Гомелі насаджалася архітэктура ў псеўдарускім стылі

У 1870-1889 гг. у Гомелі з’явілася адна з архітэктурных жамчужын – капліца-пахавальня князёў Паскевічаў, узведзеная ў псеўдарускім стылі, незадоўга да таго прыдуманым і які падтрымліваўся на самым высокім афіцыйным узроўні. Менавіта на 1880-1890-я гг. прыпадае перыяд росквіту ў архітэктуры Расейскай імперыі гэтага “нацыянальнага” стылю ў архітэктуры, як лічылі яго стваральнікі.

Ён стаў не толькі спробай асэнсаваць шматвекавыя дасягненні расейскай архітэктуры, але і імкненнем зацвердзіць іх у абавязковым парадку на не так даўно далучаных чужародных ускраінах імперыі.

Капліца роду Паскевічаў у Гомелі

У самым канцы 1880-х гг., амаль адначасова з дабудовай капліцы Паскевічаў, у Гомелі з’явіліся яшчэ дзве каплічкі ў псеўдарускім стылі, праўда, трохі сціплейшыя за княжацкую.

Першая з іх размясцілася літаральна за 200 метраў ад паркавай, на цэнтральнай Рынкавай плошчы дарэвалюцыйнага горада і была ўзведзеная ў гонар памяці цара Аляксандра ІІ, які вызваліў сялян ад прыгону ў 1861 г.

Як высветлілі гомельскія даследчыкі Сяргей Цыкуноў і Ігар Альшанаў, першапачатковая ідэя ўзвядзення ў Гомелі капліцы ў гонар расейскага імператара ўзнікла на агульным сходзе выкладчыкаў і вучняў 6-класнай прагімназіі ўвесну 1879 г. Гэта было звязана з выратаваннем цара Аляксандра ІІ ад нападу рэвалюцыянераў. Аднак пакуль праект узгадняўся, капліцу вырашылі прысвяціць ужо памяці цара-вызваліцеля сялян, бо ў 1881 г. рэвалюцыянеры з сёмай спробы яго ўсё-такі забілі. У гэты ж год адзначалася 20-цігоддзе вызвалення сялян ад прыгону.

Будаўніцтва капліцы пачалося ў 1884 г. У першай палове 1889 г. на ёй быў усталяваны іканастас з цэнтральнай іконай св. Аляксандра Неўскага на залатым фоне і нязгаснай лампадкай перад ёй (верагодна, адсюль бярэ свае карані будучая традыцыя “вечнага агню” савецкіх манументаў).

Капліца ў гонар памяці Аляксандра ІІ перажыла рэвалюцыю 1917 г., але была знесена на пачатку савецкай улады.

Яе ролю як афіцыёзнага культавага аб’екта пакланення ўладзе на цэнтральнай плошчы горада пераняў аформлены ў канструктывіцкім стылі каменны помнік Ул. Леніну, пастаўлены другой палове 1920-х гг. непадалёк ад таго месца, дзе знаходзілася капліца.

Некалькі год таму з прапановы Гомельскай праваслаўнай епархіі гэтая каплічка была “адноўлена” у 2022 г. на тэрыторыі Траецкай царквы Гомеля, побач з месцам перасячэння вуліц Савецкай і Кірава. Яна была асвечана ў гонар князя Аляксандра Неўскага і ў памяць аб воінах-вызваліцелях. Улічваючы, што менавіта ў той жа час тэрыторыя Гомельшчыны актыўна выкарыстоўвалася для нападу расейскіх войск на Украіну, такое прысвячэнне капліцы выглядае больш чым сімвалічным.

Яшчэ адна капліца ў псеўдарускім стылі была ўзведзеная на Сялянскіх Новікаўскіх могілках (зараз Студэнцкі сквер каля ўніверсітэту імя Ф.Скарыны).

Могілкі на гэтым месцы былі заснаваныя ў 1885 г., а могілкавы храм у гонар Раства Багародзіцы быў узведзены толькі ў 1896 г. на сродкі гомельскіх сялян. Храм быў каменны са званіцай, але іх купалы былі драўляныя. Цяпер яго каменная частка з’яўляецца фрагментам касцёла Раства Багародзіцы.

Аднак яшчэ да ўзвядзення храма для абрадавых патрэб на могілках была пабудавана капліца з чырвонай цэглы.

На жаль, абставіны яе ўзвядзення покуль яшчэ невядомы, але вядомы яе праект з указанай датай меркаванага ўзвядзення – 1889 г.

Каплічка перажыла рэвалюцыйныя і ваенныя падзеі першай паловы ХХ ст. Захавалася ўсяго некалькі фотаздымкаў з відамі гэтай капліцы. Фотаздымкі 1960-х гг. сведчаць, што размешчаныя ў фактычна ў цэнтры горада, побач з галоўнай навучальнай установай горада Новікаўскія могілкі, працяглы час падвяргаліся вандалізму, у тым ліку і каплічка.

Канчаткова каплічка была знесеная ў 1960-х гг. разам са знішчэннем саміх Новікаўскіх могілак.

Яшчэ менш інфармацыі вядома пра трэцюю каменную каплічку, узведзеную ў Гомелі ў тым жа псеўдарускім стылі каля гомельскага вакзала. Яна вядома толькі па фотаздымку, змешчанаму ў кнізе “Горад Гомель. Геаграфічна-статыстычны нарыс”, выдадзенай у 1911 г. за аўтарствам Ф. Жудро, І. Сербава і Дз. Даўгяла.

На сёння невядома ні месца, дзе яна знаходзілася, ні імя святога, у гонар якога яны была асвечана. Бо ў кнізе 1911 г. пад фотаздымкам змешчаны толькі лаканічны, але не інфарматыўны подпіс “Капліца на станцыі Гомель Лібава-Роменскай чыгункі”. У гомельскіх краязнаўцаў прынята лічыць, што гэта была Успенская чыгуначная капліца. Бо непадалёк ад вакзала ў 1901 г. была асвечана драўляная царква-школа у гонар Успення Багародзіцы, пабудаваная «тщанием Управления Л.-Р. железной дороги и частных жертвователей». Яе існаванне, мяркуючы па ўсім, спынілася незадоўга пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 г.

Трэба прызнаць, што не толькі Гомель у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. адзначыўся будаўніцтвам каменных капліц у псеўдарускім стылі. Да нашага часу такія каплічкі захаваліся яшчэ ў трох населеных пунктах нашай вобласці.

 

Штодзень
Аўтар: Раман Абуховіч, гісторык

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»