Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка ўзгадвае, як у 2006 годзе яго вылучылі на ўсебеларускі народны сход, але ў апошні момант ягоную кандыдатуру забракавалі.
Леанід Судаленка:
Сёння ў сталіцы пачалося чарговае свята жыцця ці як народ яго трапна называе – беларускі “хурал”. Карысці ад гэтай падзеі для пераважнай большасці беларусаў ніякай, ды і адкуль ёй узяцца, калі збяруцца ўсе тыя ж асобы, якія абяцаюць, але дзесяцігоддзямі ніяк не могуць выканаць кожнаму па “пяцьсот”.
Мужчыны і жанчыны, якіх сабралі з усёй краіны, сапраўды ў сваім жыцці нічога мяняць не жадаюць, прыбыткі ў іх еўрапейскія, выдаткі беларускія. Вось звезлі 1166 чалавек за кошт дзяржбюджэту ў сталіцу, пахлопаюць яны “стоячы” агучанаму з высокай трыбуны “за”, вып’юць шампанскага на вячэрнім фуршэце “за абранага бацьку”, ды і раз’едуцца назаўтра па хатах. Ні за што адказваць не трэба, мерапрыемства фармальнае, прынятыя рашэнні як вада ў пясок …
Падзея вяртае мяне да ўспамінаў 18-цігадовай даўніны, калі 2-3 сакавіка 2006 года праходзіў Трэці Усебеларускі народны сход, дэлегатаў на які пачалі вылучаць яшчэ з восені года папярэдняга. Я ў той час юрыстам у гомельскім “Газпраме” працаваў і маю кандыдатуру тады высунулі на народны “хурал” ад працоўнага калектыву. І паехаў бы я, і казкі ўнукам распавядаў бы пасля пра тое, як “падвялі вынікі рэалізацыі абноўленага стратэгічнага плана краіны на новае пяцігоддзе. Як расставілі акцэнты – ад усебаковага развіцця чалавека, росту рэальных даходаў насельніцтва, інавацыйнага развіцця эканомікі да энерга- і рэсурсазберажэння, росту экспарту і павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, развіцця АПК і адраджэнне вёскі, будаўніцтва жылля і развіццё малых гарадоў”…
Але лёс прызначыў тады іншае! Рассакрэцілі ва мне дэлегата нядобранадзейнага, яшчэ ў 2004 годзе на парламенцкія выбары пад апазіцыйнымі сцягамі хадзіўшага, супраць трэцяга тэрміна Лукашэнка публічна заклікаўшага. Папярэдзілі аб непрацягненні працоўнага кантракта, ды і разлічылі канчаткова за тыдзень да прызначанага “свята жыцця”…
Сёння часы ўжо іншыя. Вакол тэрарысты ды экстрэмісты, якія толькі і ўмеюць крычаць «Жыве Беларусь!» І калі б на галасаванне паставіць пытанне аб прызнанні верша Купалы экстрэмісцкім, няма сумневаў, якім было б сёння рашэнне гэтых людзей:
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, –
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
Сваю матку-зямлю — Беларусь.
А вось як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, –
Гэта енк, гэта крык, што Жыве Беларусь!