Сож – рака ў цэнтры Гомеля, з пляжам і зялёнай зонай – мае неверагодны турыстычны патэнцыял. Доўгая набярэжная і парк выкарыстоўваюцца як жыхарамі, там і гасцямі горада напоўніцу. Чаго не скажаш пра супрацьлеглы бок ракі. Параўналі падыходы да арганізацыі пляжна-рэкрэацыйнай зоны ў Гомелі і значна меншым за яго польскім горадзе. Развагі на тэму, як магла б выглядаць зарэчная зона, чытайце ў артыкуле «Штодня».
Фота: gp.by
Не кожнаму гораду так пашчасціла з водным аб’ектам, як Гомелю. Шырокая рака дае магчымасці і суднаходства (калі няма засухі), і стварэння пляжаў у большасці раёнаў горада. Самы доўгі пляж, з цяністай зелянінай за плячыма – у самым цэнтры.
Рака Бяла, што цячэ праз Беласток, па сутнасці, ручаіна. Купацца тут могуць толькі качкі. Людзі ж могуць нырнуць толькі ў штучны, створаны ў 1960-я гады, вадаём на ўскрайку горада. Але сціпласць таго, што было атрымана ад прыроды, добра кампенсавана разумнай арганізацыяй зоны адпачынку. Па шэрагу паказчыкаў невялічкі беластоцкі пляж значна апераджае шырокі і велічны гомельскі.
Не кожны марскі курорт можа пахваліцца такой інфраструктурай. Пры невялікім памеры пляжа тут маюцца два стацыянарныя будынкі з прыбіральнямі (з цёплай вадой і мылам), пераапранальнямі і вулічнымі душамі. Рамонт просты, але ўсё зроблена так, каб чалавек не стаяў перад выбарам, скарыстацца стацыянарнай прыбіральняй ці прагуляцца ў лес.
Для аматараў водных відаў спорту – пракат байдарак, чаўноў, катамаранаў, дошак для сёрфінга і г.д. Для тых, каму больш даспадобы зямля, – пляцоўкі для валейбола, футбола, трэнажоры, сталы для пінг-понга і нават для шахмат і шашак.
Самыя розныя забаўкі для дзетак. Ёсць вялікі канатны парк і батуты (гэта платна).
Калі прагаладаўся – некалькі кіёскаў з вадой, гофрамі, марожаным і простым фаст-фудам (цэны нават трохі таннейшыя, чым у цэнтры горада) і паўнавартасны рэстаран.
Побач з пляжам, як і ў Гомелі, знаходзіцца зялёная зона. Але тут у ёй праклалі сцежкі, паставілі лавы – можна не толькі схавацца пад дрэвамі ад спёкі, але і прагуляцца, як у парку.
Розныя зоны размешчаны так, каб «курортнікі» па магчымасці не перашкаджалі адзін аднаму. Зоны для барбекю – на ўскрайку, каб дым не ішоў на футбалістаў ці купальшчыкаў.
Для курэння – асобныя зоны.
Тое, што паўсюль, нават на пляжы, павінна сартавацца смецце – для Польшчы ўжо даўно стандарт.
Усё зроблена з густам. Драўляныя ходнікі, масткі, аздабленне гандлёвых кропак спрыяюць рэлаксу.
Істотная рэч – паркоўка і аўтобусны прыпынак ля ўваходу ў зону адпачынку (да гомельскага цэнтральнага пляжа даехаць на аўтобусе можна будзе толькі падчас рамонту моста).
Зразумела, што такія інвестыцыі не мела б сэнсу рабіць толькі на кароткі купальны сезон. Інфраструктура арыентавана на тое, каб па-за сезонам жыццё не замірала. Сюды прыходзяць займацца спортам, дыхаць паветрам бора і шпацыраваць па сцежках, натхняцца краявідамі з драўляных шэзлонгаў. З панарамных акон рэстарацыі з добрай кухняй можна дзівіцца на ваду і аблокі цэлы год. Пасля лазні (маецца і такая паслуга) можна акунуцца ў ваду нават у сцюжу.
Што з інфраструктуры маецца на цэнтральным гомельскім пляжы? Старыя «парасоны», што не ратуюць ад сонца. Занадта адкрытыя пераапранальні, дзе заўсёды адчуваеш дыскамфорт. Лес у якасці санітарнай зоны (цяжка знайсці таго хто наважыцца скарыстацца тутэйшай прыбіральняй, а да залатога платнага туалета ад пляжа далекавата). Мульціфункцыянальныя фантанчыкі (і рукі памыць, і ногі, і вадзіцы папіць), якімі цяжка скарыстацца, каб не намачыць вопратку. Для фізічнай актыўнасці зроблена няшмат. Галоўная дзіцячая забаўка – пясок, з якога можна будаваць палацы.
Размежавання зон няма. Кураць на самім пляжы, недакуркі шпурляюць тут жа. Гучная музыка з платнага кавалка пляжа бянтэжыць не толькі адпачываючых побач пенсіянераў, але нават тых, хто прагульваецца па набярэжнай.
Спробы асучасніць гомельскія пляжы ўдалымі пакуль не назавеш.
Зоны для барбекю на Шведскай горцы побач са сцежкамі для шпацыру і дзіцячай пляцоўкай выглядаюць незразумела.
Відэа @helen___5
Шэзлонгі і лавы на Беліцкім пляжы зроблены з сучасных матэрыялаў, але рэалізацыя падобна на выкананае шкалярамі на траячок практыкаванне на ўроках працы.
Каб палепшыць інфраструктуру на цэнтральным пляжы, зрабіць частку зарэчнай зоны працягам парка, гэтая тэрыторыя магла б куды актыўней выкарыстоўвацца круглы год. Але не падобна, што ў бліжэйшы час нешта зменіцца. Бо нават на адбудову адзінага шляха, што злучае парк з іншым берагам ракі, давялося чакаць столькі, што дзіры ў мосце, якія ззялі, нібыта парталы ў небыццё, сталіся такой жа неад’емнай часткай краявіду, як і бляшаны цмок на амулеце човеншчыка.