Супрацоўнікі дзяржСМІ сцвярджаюць, што менавіта іх публікацыі паскорылі вырашэнне праблемы. Але прасочым, што адбывалася з лесвіцай у адным са шматкватэрных дамоў у Гомелі на прыкладзе самай галоўнай дзяржгазеты рэгіёну.
- Жыхары дома № 22 па вуліцы Багдановіча абласнога цэнтра звярнуліся ў «Гомельскую праўду» з праблемай – «ля ўваходу ў пад’езд рассыпаліся прыступкі». Калі гэты зварот адбыўся, у выніковым матэрыяле не пішуць, часу, падобна прайшло нямала.
- На адрас выехаў супрацоўнік газеты. За кадрам засталіся тое, як была арганізаваная гэтая экспедыцыя.
- Гэты невядомы герой асабіста пераканаўся, што прыступкі разваліліся і зрабіў фота («сітуацыю пагаршаў металічны каркас прыступак, які мог прывесці да траўмы»), а таксама знайшоў прычыны ўсё ж зрабіць рамонт («у пад’ездзе, як высветлілася, пражываюць два інваліды па зроку, дзеці і старыя, якія ўваходзяць у групу рызыкі»).
- У газеце з’явілася публікацыя «Сем прыступак разладу» пад рубрыкай “Крык душы”. Тут дата ўжо вядомая: 12 сакавіка (анлайн гэтага артыкула няма, не шукайце). Дарэчы, чаму «Крык душы»? Калі публікацыя цалкам была падрыхтаваная рэдакцыяй, узнікае пытанне, чыя душа крычала.
- І вось сёння, больш чым праз месяц, напружанай працы («спачатку адрамантавалі асноўныя прыступкі, затым участак з пандусам»).
У «Гомельскай праўдзе» сцвярджаюць, што «выступ газеты паспрыяў хутчэйшаму правядзенню рамонтных работ» (якасць выкананай працы не каментуем, чытачы могуць самі зрабіць высновы, ацаніўшы работы па фотаздымку). Больш за месяц (а тое і два, калі прыгадаць, што мы не ведаем дату звароту) – гэта сёння называецца хутчэйшым вырашэннем. Пытанне, колькі месяцаў чакаюць астатнія жыхары горада застаецца адкрытым.