Як фальсіфікуюць гісторыю Беларусі ўлады на прыкладзе Брэсцкай крэпасці

Летам 2022 г. усе незалежныя СМІ абляцела навіна, што ў Гродзенскай вобласці пачалі зносіць шыльды, помнікі і нават пахаванні польскіх салдат, якія загінулі падчас Другой светавой вайны, асабліва ўдзельнікаў Арміі Краёвай. Вядома пра такія акты вандалізму над пахаваннямі польскіх салдат, якія знаходзіліся каля вёскі Качычы Карэліцкага раёна (знішчаны крыжы на магілах), у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну (зраўнялі з зямлёй магілы), а таксама ў Іўеўскім раёне, у вёсках Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, Ёдкавічы і г. Іўе (знішчаны магілы), у вёсцы Варзяны Астравецкага раёна (сарвана шыльда на помніку). МЗС Польшчы заявіла пратэст супраць апаганьвання помнікаў і магіл палякаў у Беларусі, аднак выкліканаму ў МЗС Беларусі часоваму паверанаму ў справах Польшчы Марціну Вайцяхоўскаму было заяўлена, што занепакоенасць польскага боку не матываваная, бо, напрыклад, каля вёскі Мікулішкі нібыта няма “пахаванняў замежных вайскоўцаў”.

Відавочна, што ажыццяўленне такіх мерапрыемстваў у невялікіх сельскагаспадарчых раёнах Гродзенскай вобласці не магло быць асобнай прыватнай ініцыятывай, такое магло быць выканана толькі з падачы ўладаў самага высокага ўзроўню. Дык што, улады пачалі змагацца з мёртвымі і іх магіламі? Чаму так адбылося?

Сучасныя беларускія афіцыёзныя прапагандысты ўвесь час папракаюць сваіх апанентаў і асабліва “калектыўны Захад” у імкненні перапісаць гісторыю, выкрасліць з яе нязручныя старонкі аб перамогах Чырвонай Арміі і стратах савецкага народа ў змаганні з нацызмам. Паглядзіце “Клуб рэдактараў” ці нешта падобнае прапагандысцкае (калі маеце трывалую нервовую сістэму) і пераканаецеся самі.

Але не сакрэт, што сучаснай беларускай уладзе і яе прапагандысцкаму апарату вельмі не падабаецца тая частка нашай гісторыі, дзе на тэрыторыі Беларусі актыўна дзейнічалі ўзброеныя фармаванні, якія змагаліся як супраць немцаў, так і супраць саветаў (Армія Краёва). Бо ў выніку атрымліваецца нейкая неідэалізаваная карцінка рэспублікі-партызанкі, што самаахвярна змагаецца з фашысцкімі захопнікамі, каб зліцца ў адзіным парыве з таталітарным сталінскім СССР-ам. І ў гэтым і ёсць прычына вандальных дзеянняў па фізічнай падчыстцы тэрыторыі Беларусі ад нязручных сведчанняў прысутнасці польскіх салдат Арміі Краёвай, якія ў тыя крывавыя часы чамусьці змагаліся не за савецкую Беларусь, а за польскае бачанне будучыні сваёй заходнебеларускай радзімы. Гэтыя знішчэнні пахаванняў і ёсць перапісваннем гісторыі Беларусі, толькі ў “правільным”, “ідэалагічна вывераным кірунку”.

Але гэткі падыход не з’яўляецца вынаходніцтвам сённяшняга рэжыму, падчыстка і перапісванне гісторыі актыўна ўжывалася яшчэ ў савецкія часы.

Не так даўно быў я ў гасцях у Брэсце, дзе наведаў крэпасць і па традыцыі зрабіў фота на фоне самых знакамітых аб’ектаў мемарыялу, у тым ліку на фоне Холмскай брамы. Толькі ўжо дома разглядзеў, што над брамай ззяе вялізны выбіты фрагмент, па сваёй форме адпавядаючы геральдычнаму шчыту. Стала цікава, што ж там за герб быў змешчаны?

Высветлілася, што пасля будаўніцтва крэпасці ў 1830-1880-х гг. над Холмскай брамай першапачаткова быў змешчаны вялікі рэльеф з выявай расейскага імперскага герба – двухгаловага арла. Менавіта гэты герб зафіксаваны на шматлікіх фотаздымках крэпасці, зробленых нямецкімі салдатамі Першай светавой вайны пасля захопу горада ў 1915 г.

У міжваенны перыяд Брэст, як і ўся Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, увайшлі ў склад Другой Рэчы Паспалітай (міжваеннай буржуазнай Польшчы, якая аднавіла сваю незалежнасць у 1918 г.). У Брэсцкай крэпасці размясціўся польскі ваенны гарнізон, і герб Расейскай імперыі замяніў герб адноўленай незалежнай Польшчы: рэльеф з двухгаловым арлом замяніўся на рэльеф з аднагаловым арлом.

Менавіта гэты герб бачны на шматлікіх фотаздымках Холмскай брамы часоў лета 1941 г., зробленых нямецкімі салдатамі падчас савецка-германскай вайны 1941-1945 гг.

Як добра бачна на фотаздымках, нягледзячы на пашкоджанні ў час ваенных дзеянняў, герб працягваў трывала трымацца на сваім месцы. Менавіта ў такім выглядзе герб зафіксаваны і на шматлікіх пасляваенных фотаздымках, зробленых савецкімі людзьмі, якія прыязджалі ў Крэпасць-герой.

Амаль 30 гадоў пасля вайны стары міжваенны польскі герб са слядамі ад куль пратрымаўся на Холмскай браме. А зараз яго няма, там пустка.

Брэсцкія краязнаўцы, на аснове аналізу старых фотаздымкаў, высветлілі, што ў 1982 г. герб яшчэ быў, а ў 1985 г. яго ўжо не было. Не ведаю, наколькі дакладны гэтыя даты, бо ў інтэрнэце атрымалася знайсці сувенірныя паштоўкі з фотаздымкамі Брэсцкай крэпасці, выдадзеныя яшчэ ў 1987 г., дзе герб быў, але не факт, што фота было зроблена ў тым жа 1987 г. У любым выпадку праўдападобным выглядае, што ў 1985 г. герба ўжо не было.

Чаму так адбылося? Мабыць, камусьці з мясцовых чыноўнікаў надакучыла тлумачыць гасцям, чаму на браме ўсесаюзнага мемарыяла гераічнай абароны савецкай радзімы змешчаны польскі герб. І вырашылі зарэтушаваць з гісторыі горада і крэпасці той факт, што гэтыя землі трапілі ў саюз у выніку дамовы паміж гітлераўскай Германіяй і сталінскім СССР (пакт Молатава-Рыбентропа). Не забывайце, калі ласка, што менавіта нямецкія войскі Гудэрыяна 14 верасня 1939 г. першымі захапілі ў палякаў горад Брэст, а 17 верасня і Брэсцкую крэпасць. І толькі 22 верасня 1939 г. у час сумеснага парада савецкіх і нямецкіх войск (немцы ўрачыста выходзілі з горада, а саветы ўваходзілі) горад і крэпасць былі перададзены Чырвонай арміі. Як паведамляюць усе тэксты пра гэтую падзею, «Процедура завершилась торжественным спуском германского флага и поднятием советского флага».

Таму ў сярэдзіне 1980-х гг. нехта праявіў сваю ініцыятыву і «падправіў» нязручны выгляд агульнасаюзнага помніка, знішчыў сведчанне складанай і супярэчлівай гісторыі гэтага ўнікальнага месца. 30 гадоў гэты герб нікому не перашкаджаў, адлюстроўваючы частку міжваеннай гісторыі Брэста, яго крэпасці ды і ўсёй Заходняй Беларусі. І ў рэшце рэшт чыесьці кастлявыя рукі дацягнуліся і да яго, каб падправіць гісторыю горада, вызваляючы яго ад нязручных сведчанняў.

Гэты прыклад з польскім гербам, як і са знішчанымі могілкамі польскіх салдат, не пра настальгію па міжваеннай Польшчы, якая, дарэчы, была вельмі шавіністычнай дзяржавай у адносінах да сваіх нацыянальных меншасцяў (хоць і не такой крыважэрнай таталітарнай машынай, як сталінскі СССР). Ён пра бясконцы працэс знішчэння ідэалагічна нязручных ці проста «эстэтычна непрывабных» артэфактаў, гістарычных сведчанняў з мінулага нашай краіны. Ён пра тое, як стваральнікі «ідэалагічна правільнага мінулага нашай Радзімы» першыя ж падымаюць лямант супраць «перапісвання» і «падчысткі» гісторыі заходнімі даследчыкамі і «іх мясцовымі памагатымі», калі тыя агучваюць непрыемныя факты. Ён пра той агульнавядомы факт, што ў натоўпе гучней і прынцыповей за ўсіх «лаві злодзея» заўжды крычаць самі злодзеі.

Штодзень

Аўтар: Раман Абуховіч, гісторык

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны