Як добраахвотная пажарная служба стала апірышчам мясцовага самакіравання ў Польшчы

Аднойчы, нечакана для самога сябе, я зразумеў, што адным з самых моцных маіх уражанняў ад Польшчы сталася знаёмства з мясцовай добраахвотнай пажарнай службай, піша гісторык Яўген Малікаў у блогу Мова Гомель.

Калі едзеш па Польшчы аўтобусам ці аўтамабілем, часта бачыш на будынках надпіс “OSP”. Звычайна гэта будынкі, падобныя на пажарныя часткі – чырвонага колеру, некалькі вялізных дзвярэй. Пасля мне падказалі, што гэта сапраўды пажарная служба, а літары “OSP” гэта “Ochotnicza straż pożarna” – “Охотніча страж пажарна”, альбо ў перакладзе “Добраахвотная пажарная служба”.

У Польшчы дзве службы займаюцца супрацьпажарнымі работамі: “Państwowa straż pożarna” (PSP, “Дзяржаўная пажарная служба”) і “Ochotnicza straż pożarna” (OSP, “Добраахвотная пажарная служба”).

Добраахвотныя пажарныя службы ўзніклі яшчэ ў другой палове 1860-х гг. у розных частках Польшчы (якая на той час была падзелена паміж Расейскай, Аўстрыйскай і Германскай імперыямі). Гэта былі грамадскія аб’яднанні валанцёраў, якія ў вольны ад сваёй асноўнай работы час неслі пажарную службу. Такая форма валанцёрскай работы ў Польшчы праіснавала непарыўна на працягу ўсяго ХХ стагоддзя і паспяхова перайшла ў стагоддзе ХХІ.

Лагічна ўзнікае пытанне: калі ёсць дзяржаўная пажарная служба, дык навошта канкурыруючая недзяржаўная? Сучасныя прычыны для існавання такой добраахвотнай пажарнай службы тыя самыя, што і 150 год таму – пажары заўжды былі праблемай для ўсіх населеных пунктаў. І калі ў вялікіх гарадах дзяржава магла ўтрымліваць пажарныя службы, дык на ўтрыманне такой службы ў невялікіх гарадках і мястэчках грошай не было. Таму жыхары гэтых гарадкоў адказнасць за ўратаванне сваёй маёмасці ўзялі на сябе і самі ўтварылі такую службу, але добраахвотную – валанцёрскую.

Сучасная “Добраахвотная пажарная служба” ў Польшчы гэта высокаарганізаваная, матываваная і матэрыяльна забяспечаная грамадская арганізацыя, якая налічвае дзясяткі тысяч удзельнікаў па ўсёй краіне. Матэрыяльнае забеспячэнне ў татальнай большасці грунтуецца за кошт ахвяраванняў саміх жыхароў альбо мясцовых бюджэтаў, пры гэтым тэхнічная забяспечанасць у іх часам нават лепшая, чым у дзяржаўнай пажарнай службы. І, канешне ж, яны маюць не толькі свае пажарныя аўтамабілі, але і абсалютна сучасныя будынкі пажарнай часткі, якія часта з’яўляюцца і дадатковымі рэгіянальнымі цэнтрамі грамадскай актыўнасці, своеасаблівымі клубамі. Акрамя тушэння непасрэдна пажараў, “OSP” займаецца таксама і ліквідацыяй іншых надзвычайных здарэнняў – наступстваў урагану, паводкі, аўтамабільных аварый і іншых, уключна з ратаваннем каровы, што ўвалілася ў яму, ці ката, што не можа сам злезці з дрэва.

Па аповедах саміх пажарных-добраахвотнікаў, зараз іх служба арганізавана наступным чынам. У мястэчку, дзе ёсць аддзел “OSP”, у будынку пажарнай часткі ўвесь час на тэлефоне знаходзіцца дзяжурны, які прымае выклік. У выпадку паступлення сігналу ён аўтаматычна дасылае сігнал трывогі і кароткае апісанне здарэння на мабільны тэлефон усім удзельнікам добраахвотнай дружыны, якія ў гэты час спакойна займаліся сваімі асабістымі справамі дома ці на працы ў фірме. Тыя з пажарных, якія ў гэты час могуць пакінуць свае хатнія ці працоўныя справы праз 3-7 хвілін збіраюцца ў будынку пажарнай часткі і выязджаюць на выклік. Улічваючы, што сетка “OSP” значна больш шырокая, чым у дзяржаўнай службы, адпаведна і з’яўляюцца на месцы здарэння добраахвотнікі значна хутчэй, чым дзяржаўныя пажарныя.

За 100-150 гадоў існавання ў Польшчы добраахвотнай пажарнай службы ў яе выпрацаваліся наймацнейшыя традыцыі, фактычна нават культ пажарнага-добраахвотніка – служба ў “OSP” з’яўляецца вельмі шанаванай у грамадстве, своеасаблівай школай мужнасці для юнакоў і дзяўчат, прадметам мар маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожнае гарадское свята, урачыстасць і іншае мерапрыемства абавязкова суправаджаецца ўдзелам “OSP” – яны прысутныя і як ахоўнікі-выратавальнікі на масавым мерапрыемстве, так і актыўныя іх удзельнікі. Добраахвотныя пажарныя праводзяць курсы аказання першай дапамогі пацярпелым, паказваюць працу сваёй пажарнай тэхнікі і шмат чаго іншага. У шмат якіх людзей быць актыўным удзельнікам “OSP” – сямейная традыцыя.

Фактычна, пасля афіцыйных мясцовых уладаў (якія абіраюцца мясцовымі жыхарамі на прамых выбарах), добраахвотныя пажарныя з’яўляюцца другой па значнасці службай у сваім гарадку, гміне ці павеце. Разам з мясцовымі ўладамі яны з’яўляюцца арганізатарамі шматлікіх мясцовых святаў, конкурсаў і іншых мерапрыемстваў. Як сказала адна мая польская прыяцелька, “Калі мне трэба нешта арганізаваць у нейкай гміне, дзе я ніколі не была і нікога не ведаю, я знаходжу тэлефон “OSP”, прадстаўляюся і кажу, якая дапамога і навошта мне трэба. І не было ніводнага разу, каб “OSP” мне адмовіла. Яны вырашаюць усе пытанні. Вось таму дзеці нават ужо ў дзіцячым садку хочуць на іх быць падобнымі!”.

У сапраўднасці “OSP” з’яўляецца такой мінімальнай адзінкай грамадскай салідарнасці і актыўнасці на мясцовасці – нават калі ў якім забытым Богам мястэчку ці гміне няма ніводнай грамадскай арганізацыі, але там усё роўна абавязкова будзе “OSP”, у будынку якой будуць збірацца дзеці і іх бацькі, гэта такі абавязковы грамадскі клуб у паселішчы. Зразумела, што ў іх цудоўна наладжана асветніцкая праца са школамі.

Відавочна, што наяўнасць такой разгалінаванай сістэмы грамадскай (гэта значыцца не аплатнай з дзяржаўнага бюджэту) пажарнай службы дазваляе эканоміць краіне велізарныя сродкі – як на яе ўтрыманні, так і па выніках уратаваных ёю матэрыяльных каштоўнасцяў і вырашаных праблем. “OSP” у Польшчы — гэта цудоўны прыклад спеласці грамадства, яго здольнасці браць на сябе вырашэнне важных праблем, а таксама і даверу да грамадства з боку дзяржавы, якая не баіцца сваіх грамадзян, верыць ім і стымулюе іх да вырашэння розных пытанняў.

У канцы ХІХ стагоддзя падобныя добраахвотныя пажарныя дружыны ўзнікалі па ўсёй тэрыторыі Расейскай імперыі. Першая вольная пажарная дружына ў Беларусі ўзнікла ў 1872 г. у Віцебску, у 1876 г. у Мінску, у 1896 г. у Магілёве.

Сябры гомельскай добраахвотнай пажарнай каманды, 1931 г. Фота: МНС

У 1896 г. падобная дабраахвотная пажарная дружына была заснавана і ў Гомелі. Яе кіраўніком доўгі час быў Іван Пятровіч Максімаў – дзейны стацкі саветнік, ганаровы міравы суддзя, гласны гарадской думы і павятовага земскага сходу, сакратар гомельскага педагагічнага савету. Як і іншыя пажарныя дружыны таго часу вольнае пажарнае таварыства і яго кіраўнік адыгрывалі значную ролю ў грамадскім жыцці Гомеля. У кнізе першага гомельскага гісторыка Льва Вінаградава (1900 г.) адзначана, што гомельскае вольнае пажарнае таварыства ў горадзе “… пользующееся симпатиями за свою разностороннюю деятельность”. Значную частку фінансавання таварыства атрымлівала за кошт разнастайных грамадскіх мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў горадзе – вечары, гулянні, спартыўныя мерапрыемствы, але асноўная частка – з сяброўскіх складак саміх добраахвотных пажарных.

Пажар у Гомелі, ХІХ ст. Фота: Гомельскія ведамасці

Сярод заўважных гарадскіх праектаў Гомельскага вольнапажарнага таварыства варта прыгадаць стварэнне імі ў 1902 годзе першага ў горадзе стадыёна – “Трэк вольнапажарнага таварыства” і грамадскага парка пры ім – “Максімаўскі сад” з летнім тэатрам з адкрытай сцэнай, якія былі аднымі з найпапулярнейшых месцаў адпачынку жыхароў дарэвалюцыйнага Гомеля. Гэта паказвае, што агульны накірунак развіцця грамадскага жыцця ў цэлым у Беларусі, і ў Гомелі ў прыватнасці, з некаторым спазненнем, але быў такі ж, як, напрыклад, у Польшчы таго ж часу. Аднак далейшыя гістарычныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя абумовілі розны ход развіцця добраахвотных дружын Польшчы і Беларусі.

У міжваеннай Польшчы, якая аднавіла і адстаяла сваю незалежнасць, і пайшла па шляху буржуазна-дэмакратычнага развіцця, добраахвотныя пажарныя дружыны захаваліся і сталі важнай часткай развіцця традыцый самакіравання на мясцовым узроўні. Яны перайшлі ў ХХІ стагоддзе як важная і неад’емная частка мясцовых супольнасцяў для ўсіх рэгіёнаў краіны.

У савецкай Беларусі (і ў СССР у цэлым) пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны адбывалася паступовае, але няўхільнае татальнае падпарадкаванне любых форм грамадскай актыўнасці дзяржаўным і партыйны структурам, што ў канечным выніку прывяло да поўнага адмірання добраахвотных пажарных дружын у 1930-х гг. І нават выданне ў 1945 годзе загаду Народнага Камісарыяту БССР аб арганізацыі на падпарадкаваных аб’ектах народнай гаспадаркі добраахвотных пажарных фарміраванняў не змагло ўдыхнуць жыццё ў памерлую справу. Добраахвотныя пажарныя дружыны ў Беларусі ў цэлым, і ў Гомелі ў прыватнасці, ужо не мелі таго грамадскага значэння, якое яны мелі на пачатку ХХ стагоддзя. Цяпер гэта былі выключна фармальныя дзяржаўныя грамадскія ўтварэнні, якія нават рэальна ўдзельнічаючы ў змаганні з агнём, усё роўна заставаліся пятым колам у возе дзяржаўнай пажарнай службы.

Дадзены выпадак развіцця добраахвотных пажарных каманд у розных краінах, якія на старце мелі аднолькавыя ўмовы, цудоўна ілюструе, як падзеі стагадовай даўніны і зроблены на іх аснове грамадскі выбар, і сёння аказваюць уплыў на якасць жыцця людзей нават праз векавы адрэзак часу.

Штодзень

Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

 

 

 

 

 

 

 

Related posts

Бортнік: «Гэтыя выбары будуць самымі важнымі за ўвесь час існавання ЗША. На кон пастаўленая будучыня дэмакратыі»

“СТАЯЦЬ НЕЛЬГА СЯДЗЕЦЬ”

Тое, што хтосьці “сядзіць за палітыку”, з’яўляецца “часткай пейзажа”. Беларуска, якая была на радзіме да рэвалюцыі, падзялілася ўражаннямі