Як 7 лістапада 1920 года генерал Балаховіч абвяшчаў у Тураве беларускую дзяржаву

Пакуль афіцыёз святкуе чарговую гадавіну бальшавіцкага перавароту, мы згадаем адну паўзабытую падзею, звязаную з гэтай датай. 7 лістапада 1920 года чалавек, якога называлі беларускім бацькам, абвясціў пра намеры стварэння беларускай рэспублікі ў Тураве. У гэты дзень фактычна палескі гарадок стаў сталіцай БНР. Беларускі гісторык Андрэй Чарнякевіч калісьці публікаваў факт пра тое, як генерал Станіслаў Булак-Булаховіч, які са сваімі аддзеламі добраахвотнікаў наводзіў жах на бальшавікоў, правёў урачыстую цырымонію ўстанаўлення нацыянальнай улады на Палессі.

Станіслаў Булак-Балаховіч у кампаніі афіцэраў свайго штабу

 

“Генерал! Вождь Беларусі! – гэтымі словамі вітаў свайго палітычнага хаўрусніка П. Аляксюк. – Камандуючы народнай арміяй! Сягоння светлы дзень у гісторыі Беларускага народу – дзень, у які ты, вялікі сын нашай зямлі, кроў з крыві, косць з косці нашага народу, зысціў мары нашых дзядоў.

Гэты ты, наш сын, смела і горда падняў штандар незалежнасці над радзімым краям. Сягоння на свабоднай зямлі Беларуская Рэспублікі развіваюць нашые штандары. У гэты гістарычны дзень Беларускі палітычны камітэт даручае скромны дзяржаўны сцяг Табе, Вождь Беларусі, з просьбай аддаць яго Першаму мінскаму беларускаму стралковаму палку, які пад тваім правадырствам здабывае крывёй родную зямлю.

Вождь Беларусі! Ідзі смела ўперад, удрузі беларускіе штандары над гарыстым Смаленскам, нізінамі Вітэбску і бурным Дняпром Магілёўскім… Як адзін чалавек – уся Беларусь паўстане на Твой зоў. Мары пакаленняў – сталі явам… Беларусь уваскросла… Беларусь жыве… Сымвал гэтага жыцця перадаю ў Твае магутныя Вождь, рукі…”

Гэтая спроба абвяшчэння беларускай дзяржавы адбывалася на Рынкавай плошчы Турава. Праз некалькі дзён, 12 лістапада 1920 года ў Мазыры, Станіслаў Булак-Балаховіч абвясціў сябе, па аналогіі з Юзафам Пілсудскім, начальнікам Беларускай дзяржавы.

На жаль, няўдалыя падзеі на фронце так і не далі магчымасці рэалізаваць праект беларускай дзяржавы пад кіраўніцтвам баявога генерала, героя І Сусветнай вайны і аднаго з самых харызматычных беларускіх палітыкаў ХХ стагоддзя Станіслава Булак-Булаховіча. Але мы памятаем гэтую дату. І віншуем суайчыннікаў з 7 лістапада!

Штодзень

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»