“І рогі маманта”. Гомельскія прапагандысты з абласной дзяржаўнай тэлевізіі зрабілі сенсацыйнае адкрыццё ў палеанталогіі

У відэасюжэце Гомельскай абласной дзяржтэлевізіі распавядаецца пра турыстычны патэнцыял рэгіёна. Пры апісанні калекцыі школьнага музея ў Юравічах закадравы голас адзначыў дзіўную анатамічную асаблівасць мясцовых мамантаў, якую не сустракалі нідзе палеантолагі ў свеце.

“Ад першабытнага чалавека да сучаснасці – усё змяшчае музей Юравіцкай сярэдняй школы “Спадчына”… Тут знайшлі сабе месца як рогі маманта (!), так і прадметы быту беларусаў мінулых стагоддзяў…” , – падзялілася сенсацыйнай інфармацыяй пра ўнікальную экспазіцыю дзяржпрапагандыстка. Даследчыкі дагістарычных жывёл, відаць, здзівіліся б, каб пачулі пра тое, што ў прадстаўнікоў вымерлага віду сысуноў з атраду хобатных, аказваецца, былі рогі, у адрозненне ад іншых мамантаў з аграмаднымі біўнямі. Хаця, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе ўсё ж не пра адметнасць шкілету юравіцкіх мамантаў, колькі пра нізкі прафесійны ўзровень прапаганды.

Як тут не згадаць беларускую класічную п’есу “Хто смяецца апошнім”, у якой высмейваюцца прайдзісветы, якія пракраліся ў навуковыя і дзяржаўныя ўстановы. Камедыя Кандрата Крапівы, у якой адлюстравалася таксічная атмасфера часу сталінскіх рэпрэсій, набывае актуальнасць і цяпер. Сучасныя гарлахвацкія на пасадах і ў эфірах ТВ распавядаюць нам пра свае “адкрыцці”, “свінтусаў грандыёзусаў” і “рогі ў мамантаў”.

Штодзень

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»