Хэдлайнерам гомельскага канцэрту 3 ліпеня стала спявачка з санкцыйнага спісу

У Дзень незалежнасці Гомель прадэманстраваў такі ўзровень незалежнасці, што дазволіў сабе быць цалкам незалежным ад традыцыйнага разумення свята незалежнасці. Ва ўсіх краінах у такі дзень дэманструюцца ўласныя дасягненні, у тым ліку і культурніцкія. Але гомельскі дзень незалежнасці завяршыўся канцэртам не беларускай, а расійскай спявачкі.

 

 

Расійскія артысты ахвотна выступяць на любым дні незалежнасці, бо іх праца не залежыць ад палітычных рэалій ці рэпутацыі краіны, а залежыць ад ганарару. Мо ўмоўная Зара больш хацела б паехаць куды ў Канаду, дзе ганарары большыя, але тут яна залежыць ад візы, якую ёй не дадуць як асобе, што «выкарыстоўвае сваё мастацтва для прапаганды захопу Расіяй Украіны» (з такой фармулёўкай яна патрапіла ў санкцыйны спіс Канады).

 

 

Каб хоць неяк патлумачыць сваё знаходжанне на сцэне, дзе павінны быць беларускія артысты, Зара нават паспрабавала нават праспяваць «Купалінку» па-беларуску. Не, яна вывучыла песню не за пару дзён. Упершыню спявачка выканала твор у 2011 годзе ў Мінску. А тое, што за гэтыя гады Зара не здолела адрэпеціраваць спеў так, каб гэта было сапраўды падобна на беларускую мову, хай вас не здзіўляе. Яна была вельмі занятая сваёй залежнасцю ад розных абавязкаў: то даверанай асобай Пуціна на выбарах трэба пабыць, то натхніць канцэртамі ваяроў, каб яны ахвотней бамбілі ды стралялі. Вайскоўцы ж таксама залежныя ад мастацтва асобы.

 

 

А беларускіх артыстаў на такое свята зваць нельга. Бо музыкі, што здольныя сабраць плошчу слухачоў, маглі б сваімі спевамі разбурыць у Гомелі ўсе муры. А на тое, каб разваленыя муры аднавіць, грошай у бюджэце няма – чынавенства залежнае ад фінансавання. Таму лепей пазваць Зару. Яна спакойненька спявае, так, што нават нікому ў галаву не прыходзіць устаць з лавы і затанчыць. Сядзяць, слухаюць, сцяжкамі размахваюць ціхенька.

У выніку свята прайшло акуратна, без лішніх эмоцый і пытанняў. Ідэальная незалежнасць – гэта калі недармаеды ўвечары выходзяць ад імя свайго працоўнага калектыву спяваць на плошчы гімн незалежна ад спёкі і думкі аб тым, як увечары даехаць да свайго раёна і простага народа нічога не залежыць.

Штодзень

 

Related posts

“ЦІХАНОЎСКІ-5”

Самыя нестандартныя дамы Гомельшчыны на продаж

Бескультур’е. Трэш-фестываль “Славянскае адзінства”