Гомельскія старасты Красінскія і метамарфозы гістарычнай памяці

Ужо некалькі гадоў я мэтанакіравана збіраю невядомыя і малавядомыя дакументы па гісторыі Гомельшчыны XV-XVIII ст., перш за ўсё ў польскіх і літоўскіх архівах, піша Яўген Малікаў на старонках выдання Мова Гомель. Ведаючы мой навуковы інтарэс, сябры пры сустрэчы абавязкова задаюць адно і тое ж пытанне: “Скажы, ну вось а які новы дакумент, які б абсалютна змяняў гісторыю Гомеля, ты выявіў? Што сенсацыйнага ты знайшоў?” У адказ прыходзіцца нудна тлумачыць, што, па сутнасці, праца ў гістарычных архівах – гэта пошук і збіранне маленькіх аскепкаў вялікай рознакаляровай мазаікі нашай гісторыі, і асобныя выяўленыя яе фрагменты вельмі рэдка даюць нейкую новую яркую карцінку. Але сабраныя разам гэтыя дробныя кавалкі даюць выразнае, часам нават аб’ёмнае і са складанымі колерамі, новае бачанне як раней вядомых фактаў, так і мноства абсалютна невядомых. Таму цяжка назваць нейкі адзін канкрэтны дакумент, які “цалкам змяняе нашы веды пра гісторыю Гомеля”, у асноўным перабіраюцца нейкія “дробязі”. Аднак іх сукупнасць ужо зараз дазваляе цалкам змяніць нашы веды пра асобныя ўкаранёныя стэрэатыпы. І сёння я хачу падзяліцца адным з такіх “новых поглядаў на гісторыю”, іншымі словамі буду “перапісваць гісторыю Гомеля”. Спасылкі на крыніцы ставіць не буду, пакіну іх для навуковага артыкула, тут будзе толькі асноўны змест.

Яўген Малікаў падчас працы ў архіве

Калі запытаць у любога чалавека, які цікавіцца гісторыяй Гомеля і прачытаў усе выдадзеныя кнігі па гэтай тэме, што вядома пра гомельскіх стараст Красінскіх, ён прыгадае толькі адзін факт: жонка гомельскага старасты Фамы Красінскага, “фанатычная каталічка Алена Грахольская”, адабрала ў праваслаўных замкавую царкву св. Мікалая і перадала яе ўніятам. Найбольш уважлівыя аматары гомельскай гісторыі, прыгадаюць, што ў кнізе А.А. Макушнікава “Гомель са старажытных часоў да канца XVIII ст.” (2002 г.) аўтар пазначае, што Красінскія былі па паходжанні палякамі і гомельскімі старастамі ў пачатку XVIII ст. З усяго гэтага, нават нягледзячы на адсутнасць прамых сцвярджэнняў, неяк падсвядома вымалёўваецца роля саміх стараст Красінскіх як “каталіцызатараў” і “паланізатараў” краю. А гэта абсалютна не так.

Калі вам падаецца, што Штодзень патрэбны, падтрымайце нас праз патрэон.

Сапраўды, гомельскія старасты Красінскія належаць да вельмі вядомага ў Польшчы рода Корвін-Красінскіх з Краснага, гербу “Слепаворан”.

Радавы герб Корвін-Красінскіх з Краснага “Слепаворан”

Іх радавое гняздо знаходзілася ў Красным (адсюль і прозвішча “Красінскія”) у Цеханоўскай зямлі ў Мазавецкім ваяводстве на поўнач ад Варшавы. Менавіта для прадстаўнікоў гэтага роду, дарэчы, быў збудаваны ў 1677-1695 гг. па праекту галандскага архітэктара Тыльмана Гамерскага палац Красінскіх у Варшаве, які з’яўляецца лепшым палацам у стылі барока ў польскай архітэктуры XVII ст. Палац таксама называюць “Палацам Рэчы Паспалітай” і сёння ў ім знаходзіцца аддзел спецыяльных збораў (рукапісаў і старадрукаў) Нацыянальнай бібліятэкі.

Палац Красінскіх у Варшаве (1677-1682 гг. арх. Тыльмана Гамерскага і Джаванні Белоцці)

Продак будучых гомельскіх стараст, ваявода плоцкі Станіслаў Красінскі (1558-1617) пакінуў пасля сябе восем сыноў – Людовік, Альберт, Станіслаў, Іаган, Францыск, Габрыель, Аляксандр, Анджэй (Андрэй).

Партрэт ваяводы плоцкага Станіслава Красінскага (1558-1617). Мастак Аноні Земенцкі, National Museum in Warsaw

Пасля смерці бацькі сыны падзялілі яго спадчыну паміж шасцю спадкаемцамі і пазбавілі яе братоў Альберта (манаха) і Анджэя. У выніку ў 1620 г. Анджэй, узяўшы ад братоў пэўную суму грошай, пераехаў на службу ў Маскву, спрадвечнага ворага Рэчы Паспалітай, вайна з якой скончылася за два гады да гэтага Дэўлінскім перамір’ем 1618 г.

Надмагілле Станіслава Красінскага ў кафедральным касцёле г.Плоцка (каля 1617 г.)

Пераезд этнічнага паляка на службу да маскоўскага цара не з’яўляецца нечым надзвычайным. У Маскве першай паловы XVII ст. служыла вельмі шмат наёмных вайскоўцаў, у тым ліку англічан, шатландцаў, венграў, немцаў і іншых, але сярод іх палову, а ў асобныя гады і болей, складалі менавіта выхадцы з Рэчы Паспалітай – ліцьвіны-беларусцы і палякі. Іх дзейнасць і аплату за службу курыраваў спецыяльны Іншаземны прыказ, але замежнікі таксама знаходзіліся ў ведамстве Пасольскага, Разраднага, Панскага і іншых прыказаў.

У Маскве Анджэй Красінскі ажаніўся з княжной Ураковай, у іх шлюбе нарадзілася трое сыноў: Міхаіл (які там у Маскве і памёр), Ян (памёр бяздзетным у маладым узросце, верагодна таксама ў Маскве) і Васіль. У Міхаіла нарадзіўся сын Томаш (Фама). Мяркуючы па ўсяму Анджэй у Маскве перайшоў у праваслаўе, праваслаўнымі былі і яго сыны, бо ў канцы XVII ст., ужо пражываючы ў Рэчы Паспалітай, Васіль і Томаш будуць настойлівымі абаронцамі праваслаўя.

У 1664 г. Васіль Красінскі, разам з пляменнікам Томашам (Фамой) вярнуўся ў Рэч Паспалітую і “многімі ад караля Яна Казіміра быў абдораны прывілеямі на знак панскай ласкі”, у тым ліку ў 1665 г. ён атрымаў пасаду падкаморыя смаленскага ў якасці зычлівасці за дапамогу камісарам Рэчы Паспалітай высланым да Масквы на заключэнне міра. Тады яшчэ тлела крывавая вайна паміж Масквой і Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг., па заканчэнні якой насельніцтва Беларусі скарацілася прыблізна ў два разы, а Васіль і Томаш здолелі нейкім чынам паспяхова выехаць у Рэч Паспалітую, але не толькі самі, але яшчэ вывезлі і свае назбіраныя сямейныя багацці (аб чым пазней Васіль будзе паведамляць у лісце да гетмана Мазэпы). У 1667 г. Васіль Красінскі, разам з жонкай Ганнай Клячкоўскай атрымалі ад пана Яна Казіміра Красінскага, падскарбія вялікага кароннага, на войтаўства ў вёсцы Апацы.

У 1678 г. гомельскі стараста князь Міхал Казімір Радзівіл (1635-1680) аддае Гомельскае і Прапойскае стараствы ў арэнду Базылю Красінскаму.

Партрэт гомельскага старасты Міхала Казіміра Радзівіла. Другая палова XVII ст. Walker Art Gallery Liverpool

 

26 верасня 1680 г. Васіль Красінскі набывае за 4 000 злотых польскіх юрыдыку (прыватнаўласніцкую частку горада непадуладную гарадскому самакіраванню) у Брэсце, каля царквы св. Сімеона, у кастэляна валынскага Мікалая Сапегі і яго жонкі Ганны з Харлінскіх. Гэта юрыдыка пераходзіць яму з усімі прыналежнасцямі, з дамамі, пляцамі, гародамі і іншым, а таксама з правам калатарства і патраната на царкву св. Сімеона з манастыром, які знаходзіўся на гэтай юрыдыцы. А ўжо 8 лістапада гэтага ж года ён, прызнаючы сябе праваслаўным, фундуе будаўніцтва за свае сродкі капліцы св. Стэфана пры манастыры св. Сімеона за ракой Мухаўцом і запісвае на яе юрыдыку за Мухаўцом з умоваю, каб яна заўжды была пад уладаю Магілёўскага праваслаўнага епіскапа, а ў выпадку адсутнасці яго, пад уладаю Кіева-Пячэрскай лаўры.

З польскімі сваякамі гомельскія Красінскія падтрымлівалі пэўны сталы кантакт, але іх фінансавыя і палітычныя ўплывы і магчымасці кардынальна адрозніваліся: мазавецкія Красінскія былі, па сутнасці, магнатамі, гомельскія Красінскія – заможнай сярэдняй шляхтай з незразумелай пазіцыяй па веравызнанні. Вынікам кантактаў з сваякамі, прызнанне імі радства, мяркуючы па ўсім, і сталася наданне 12 красавіка 1682 г. Томашу Красінскаму дзяржаўнай пасады стольніка цеханоўскага на зямлі продкаў (Цеханув – горад у Мазавецкім ваяводстве Польшчы, каля 100 км на поўнач ад Варшавы). Пасада не патрабавала сталай прысутнасці ў Цехануве, але давала магчымасці ўдзельнічаць у палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, таму амаль увесь час Томаш Красінскі з сям’ёй пражываў у Гомелі ці іншых сваіх маёнтках.

У верасні 1682 г. Катажына з Сабескіх княжна Радзівіл, удава гомельскага старасты князя Міхала Казіміра Радзівіла, саступае (прадае) Томашу, стольніку цеханоўскаму, Гомельскае стараства. Праз два месяцы, 10 снежня 1682 г. Васіль, харужы смаленскі, і Томаш, стольнік цеханоўскі, Красінскія і іх жонкі, уводзяцца ў пасэсію (арэнднае валоданне) Гомельскім і Прапойскім стараствамі.

Сучасныя гісторыкі часам называюць Васіля Красінскага гомельскім і прапойскім старастам, аднак прыведзеныя факты сведчаць, што Васіль быў арандатарам у Радзівілаў абодвух старастваў, а вось новым уладальнікам Гомельскага стараства пасля Катажыны Радзівіл у дакуменце пазначаны менавіта Томаш Красінскі. У выяўленых дакументах Васіль Красінскі стала называецца старастам прапойскім, у асобных лістах іншыя людзі, напрыклад мяшчане прапойскія, называюць яго “староста наш пропойский и гомелский”, але ўласна афіцыйнага дакумента, у якім бы дакладна вызначалася, што Васіль Красінскі быў старастам гомельскім, не выяўлена. З гэтага вынікае, што Васіль, як старэйшы ў родзе і першы арандатар абодвух маёмасцяў, сярод мясцовых успрымаўся і як іх стараста, аднак афіцыйна стараствы былі падзелены паміж ім і пляменнікам. Дарэчы, падпісваўся Васіль Красінскі кірылічнымі літарамі як “Базыли Красински”.

Уласнаручны подпіс Васіля Красінскага на дакуменце 1680 г.

Працяг будзе…

Штодзень
Аўтар: гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў

Просім падтрымаць нас на патрэоне.

Увага!!! З Беларусі не падтрымлівайце нас, паколькі гэта цягне за сабой рызыку крымінальнага пераследу.

Related posts

Касцюкоўка як брэнд. Феномен гомельскага раёна

Таямніцы гомельскага “Зімовага саду”

Няздзейсненае антысавецкае паўстанне, вялікія грошы і гульня спецслужб. Жыццё Цімоха Вострыкава