Нядаўна адзін гомельскі гісторык у сябе на старонцы ў Фэйсбуку апублікаваў пост, у якім скардзіўся на тое, што “В Киеве необандеровцы снесли памятник красному герою Николаю Щорсу. И это при том, что Щорс – национальный герой Украины.” І дадаў сваю прапанову наконт рашэння пытання: “Калі ім помнік не патрэбны, дык няхай аддадуць на радзіму героя, бо яго бацька, этнічны беларус, працаваў на Лібава-Роменскай чыгункі на станцыі Сноўск ва Украіне, таму Гомель радасна прыме ў сябе гэты помнік…” Тут жа ў каментарах набег сонм плакальшчыкаў па мёртвым саўку і нават вылучылі прапанову (цытата): “Если памятник Щорсу только сняли, но не разрушили, то надо его выкупить. Помочь в этом могут только европейцы. Кто-то из них просит якобы для своей коллекции, увозит в Европу, а потом передаёт в Р. Б. Только деньги надо найти. И сколько они запросят?”
Можна доўга смяяцца з маразматычнасці прапановы (асабліва з раздзела па выкарыстанні наіўных еўрапейцаў), але гэтая прапанова чарговы раз актывізуе пытанне, што рабіць з савецкай ідэалагічна-мастацкай спадчынай, да якой адносяцца далёка не толькі помнікі савецкім героям і злачынцам.
Калі падлічыць колькасць помнікаў Леніну ў Гомелі ў 1990 г. і цяпер, то высветліцца, што іх колькасць зменшылася прыкладна напалову. Відавочна, што галоўныя сімвалы эпохі працягваюць стаяць на галоўных плошчах горада, але вось шэраговыя лакальныя леніны неяк незаўважна і бясследна пазнікалі. Так адбылося, напрыклад, з помнікам каля падшыпнікавага завода на вуліцы Шаўчэнкі, яшчэ за некалькі год да зносу завода (з раздзелу “мы сбереглі у себя всю советскую промышленность!”).
Яшчэ горш справа з манументальным мастацтвам: шматлікімі фрэскавымі і мазаічнымі пано на сценах, барэльефамі, вітражамі, савецкімі алегарычнымі скульптурамі піянераў, сярпоў-молатаў і г.д. Далёка не ўсе з іх былі масавай безгустоўнай ідэалагічнай прадукцыяй, наадварот, некаторыя адрозніваліся выключнымі мастацкімі якасцямі і фармавалі мастацкі вобраз цэлай вуліцы. Такімі, напрыклад, былі барэльеф “Сэрца на далоні” на фасадзе медыцынскага вучылішча на вуліцы Кірава (знішчаны каля 2011 г.), альбо мазаіка “Швачкі” на фасадзе дома быта на вуглу Інтэрнацыянальнай-Гагарына (знішчана ў 2000-х гг.). На іх месцы горад цяпер упрыгожваюць рознакаляровыя геаметрычныя кампазіцыі з квадратаў і дыяганаляў, якія, верагодна, павінны нагадваць творы абстракцыянізму, але ў рэальнасці нагадваюць эканомію ЖЭСаў на фарбе. І кожны раз, калі такія аб’екты знішчаюцца, гарадскія ўлады хорам адказваюць: “Будынак не быў уключаны ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны, адпаведна, будынак і яго пано не ўяўляюць мастацкай каштоўнасці. Знішчэнне названага пано было зроблена цалкам у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”. Навошта гораду, у такім выпадку, галоўны мастак горада і галоўны архітэктар – пытанне рытарычнае.
Сёння нас можа здзіўляць гэтая прыхільнасць асобных нашых суграмадзян да мёртвай антычалавечай савецкай ідэалогіі і яе ідэалагічных герояў, але, з іншага боку, далёка не ўсё створанае за савецкі час з’яўляецца носьбітам менавіта бальшавіцкай ідэалогіі. Зніклая чатыры гады таму скульптурная кампазіцыя “Маці” перад радзільняй на вул. Савецкай (а цяпер упраўленнем следчага камітэта) – яскравы таму паказчык. Так, скульптура маці з дзіцём ідэалагічна не пасавала будынку следчага камітэта, але ў выніку такая ідэалагічная “правільнасць” знішчыла на цэнтральнай вуліцы Гомеля адзін са старых паўвекавых яе сімвалаў, які ведалі і які падабаўся шматлікім гараджанам. Праязджаючы на тралейбусе па вуліцы Савецкай каля сквера Грамыкі, большая палова гомельцаў недзе глыбока ў душы шэптам прыгадвала: “А я тут нарадзіўся!” Гэта і было важнае для гараджан “месца памяці”, якое б захоўвалася нават пасля перапрафілявання будынка. Але цяпер гэтага няма.
Апошнія 20 гадоў гарадскія ўлады спрабуюць запоўніць гэты мастацка-манументальны вакуум шматлікімі помнікамі (напрыклад, Кірылу Тураўскаму), а таксама сумнеўнага ўзроўню скульптурамі (“Отъезжающий-Приезжающий”, “Шарманщик”, “Баба с метлой” и т.д.). Але пагадзіцеся, дзіўна выглядае спосаб упрыгожыць горад, калі спачатку знішчаюць скульптуру “Маці”, а пасля прапаноўваць усталяваць скульптуру “Беднага гарадскога шаўца, з якога пачалася абутковая фабрыка “Праца”.
Я думаю, у рэальнасці тут справа – у крывадушнасці і дэградацыі агульнага культурнага ўзроўню адукацыі чыноўнікаў.
Пачнём з першага. Давайце шчыра прызнаемся: амаль усе прадстаўнікі сённяшняй улады ўсіх узроўняў, якія кожны год дэкларуюць адданасць “запаветам вялікага кастрычніка”, у рэальнасці маюць шматлікіх сваякоў, сяброў і знаёмых, якія займаюцца тым ці іншым бізнесам, валодаць “фабрыкамі і заводамі” і бессаромна “эксплуатуюць працоўныя масы”. Менавіта тых самых “капіталістаў-эксплуататараў”, з якімі і змагаліся Ленін, Шчорс, Дзяржынскі і іншыя прадстаўнікі “вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі”. Відавочна, што нават для іх дэклараванае змаганне з “буржуазіяй і эксплуатацыяй”, калі твае жонкі-дзеці займаюцца рэальным прыватным бізнесам, наймаюць людзей на працу, з’яўляецца абсалютным нонсэнсам. Немажліва змагацца супраць таго, у чым кроўна асабіста зацікаўлены. Значыцца, адданасць бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 г. і пакланенне яе героям з’яўляецца хімічна чыстай абсалютнай хлуснёй. Засталося толькі афіцыйна гэта прызнаць.
Другая праблема ў тым, што кіраўнікі савецкай школы адукацыі, пры ўсіх іх недахопах, мелі пэўны ўзровень мастацкага разумення, хай сабе толькі савецкага перыяду. Аздабленне горада, першапачаткова павязанае з ідэалагічнымі задачамі, адыгрывала важную ролю ў савецкай рэчаіснасці і гэта давала мажлівасць прасочвацца ў савецкую рэальнасць у тым ліку творам сапраўднага манументальнага мастацтва. Пры кожным прадпрыемстве працаваў мастак альбо нават мастацкі аддзел, у які ўваходзілі людзі з адпаведнай профільнай адукацыяй, і кіраўнікі вымушаны былі прыслухоўвацца да іх прафесійнага мастацкага бачання. Гэтыя ж спецыялісты і скарачаліся ў першую чаргу, пры пераходзе прадпрыемстваў на рынкавыя адносіны, бо які сэнс трымаць цэлы аддзел мастакоў, калі няма патрэбы маляваць кожны год транспаранты на ідэалагічныя святы?
Сёння мы маем абсалютна дыяметральна супрацьлеглую сітуацыю. Тыя савецкія кіраўнікі, для якіх мастацкае ўспрыманне горада яшчэ мела значэнне, амаль усе закончыліся, выйшлі на пенсію, адышлі на другасныя пасады. Цяперашнія ўпраўленцы розных узроўняў – гэта людзі, асабістае станаўленне якіх прыйшлося на пераходны перыяд 1990-х гг., калі мастацкія пытанні амаль нікога не цікавілі, але важным было вырашэнне фінансавых праблем любымі спосабамі. З гэтым наборам “каштоўнасцяў” яны і прыйшлі кіраваць беларускімі гарадамі, у тым ліку Гомелем. Пры гэтым сістэма ўлады выбудавана так, што людзі з асабістым меркаваннем, здольныя паслядоўна спрачацца з кіраўніцтвам і адстойваць сваю пазіцыю, у сістэме не затрымліваліся, а больш паспяховымі з’яўляліся прэтэндэнты, здольныя проста моўчкі ўвасабляць спушчаныя зверху ідэі. У выніку маем пакаленне чыноўнікаў, індыферэнтных да мастацкіх пытанняў, эстэтычна фрыгідных і здольных дабівацца выключна колькасных паказнікаў (“вам на галаву не капае, дома цёпла, заробак плацяць своечасова – што вам яшчэ трэба?”).
Праблема ўскладняецца яшчэ той акалічнасцю, напрыклад, у Гомелі, што амаль усе кіраўнікі, якія ў канчатковым выніку і прымаюць рашэнні аб знешнім выглядзе горада, з’яўляюцца людзьмі прыезджымі, не тутэйшымі. І нават калі яны пражылі ў Гомелі 30 гадоў, яны так і не зразумелі яго ўнутраны рытм, менталітэт і архетыпы. З асабістых назіранняў я нават нешта не магу прыгадаць каго-небудзь кіраўнікоў рознага ўзроўню і розных служб, якія б маглі ўвогуле падтрымаць размову на тэму гарадской культуры Гомеля. Праз пяць хвілін такой размовы яна заўжды аўтаматычна пераходзіла на разважанні пра сэнс і прызначэнне чалавечага жыцця, альбо ў эканомію сродкаў, але ніколі не пра гарадскую культуру як неабходную з’яву развіцця сучаснага паспяховага горада ХХI ст.
Штодзень
Аўтар : Раман Абуховіч