Гомельскі дракула, прывіды і анамальныя месцы. Сабралі для вас самыя містычныя мясціны Гомеля


Дом-камуна.

Яго будавалі ажно 10 год: з 1921 па 1931 для работнікаў вагона-рамонтнага завода. Гэта быў першы шматпавярховы аб’ект у Гомелі. І першым будынкам, дзе з’явіўся ліфт. Аднак, паводле гарадскіх легендаў, рабін (лідар габрэйскай грамады), дом якога зруйнавалі дзеля пабудовы дома-камуны, пракляў усіх будаўнікоў і жыхароў дома.

Пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка ў свой час акурат згадваў гэтую вусцішную гісторыю.

– Дом-камуны планавалі як гомельскі аналаг маскоўскага Дома на набярэжнай. Планавалася, што там будзе жыць гомельскае чыгуначнае начальства, Для начальства пазносілі амаль цэлы квартал, дзе гэты дом-камуны месціцца. А раён гэты вельмі цікавы. Гэта раён каля чыгункі быў пераважны яўрэйскі. Насупраць, праз вуліцу Замкавую (цяпер Леніна) была цырульня Боруха Мельніка, які быў вельмі заможным і яго нават называлі “гомельскі Ротшыльд”. Крыху далей, за домам-камуны, была сінагога, крама Плісецкіх (дзядзькі балерыны Маі Плісецкай). А там, дзе дом-камуны, быў дом рабіна. Калі дом пачалі будаваць, то дом рабіна зруйнавалі, а яго самога выгналі. Ёсць гомельская легенда, што той рабін звар’яцеў і пракляў і дом-камуны, і будаўнікоў, і гэтае месца, і ўсё, што там будзе збудавана, і ўсіх, хто там будзе жыць. Потым, калі дом-камуны пачаў будавацца, процьма людзей скалечылася падчас будоўлі. Пра гэта мой бацька мне распавядаў. Там будаўнікі валіліся з вокнаў, з дахаў, іх прыціскала нечым. У 1937-1938 гг. ні з воднага гомельскага дому не пазабіралі столькі людзей, колькі з дома-камуны.

Легенда легендай, але падчас акупацыі Гомеля ў ІІ Сусветную вайну ў доме-камуне знаходзілася “Абвергруппа-315”. Дом-камуны быў адзін з нямногіх будынкаў, якія засталіся цэлымі пасля вызвалення. Аднак будынак быў замініраваны. У 1946-1949 гг. будынак аднавілі. Аднак ужо ў сярэдзіне 1980-х ягоных жыхароў рассялілі. Будынак доўгі час стаяў пусты. Толькі ў 2008-2010 гг. дом-камуны рэканструявалі і зрабілі элітным жытлом.

Былыя канюшні Паскевіча (гомельскі граф Дракула)

Фёдару Паскевічу, хоць і ўсталяваны помнік у гомельскім парку, аднак ён увайшоў у гісторыю тым, што вылучыўся ў падаўленні паўстання ў Венгрыі за незалежнасць 1848-1849 гг. А яшчэ, як адзначаў некалі краязнаўца Юры Глушакоў, Фёдар Паскевіч жорстка ставіўся да сялян і супраціўляўся адмене прыгонніцтва. Паводле гарадскіх легенд, Фёдар Паскевіч вельмі любіў сялянак. Гарадскі фальклор сцвярджае, што ён нават практыкаваў права першай шлюбнай ночы. А тых дзяўчын, якія спрабавалі супраціўляцца, прывязвалі да дуба і каралі, пакуль тыя не згаджаліся на “заляцанні” графа.

Паводле гісторыка Юры Глушакова, калі адбылося вызваленне сялян ад прыгонніцтва, Фёдар Паскевіч падмануў сялян вёскі Пакалюбічы з зямлёй. А калі тыя пачалі скардзіцца цару, то фізічна пакараў іх акурат на канюшнях.

Старая Валатава

Раён Гомеля знаходзіцца на месцы вёскі Валатава. Паводле паданняў, там раней жылі волаты. Гомельскі гісторык Яўген Малікаў для сайта gomelstreet.by прыводзіў запісы археолага і этнографа Еўдакіма Раманава: “На маёй радзіме, у Гомелі, я чуў у дзяцінстве паданне пра тое, што ў Валатаве (пагост за 2 вярсты ад Гомеля) жылі ў старажытнасці асілкі, што з пераходам Гомеля да Румянцава асілкі зніклі, але час ад часу з’яўляліся абраным шчасліўцам і пазней. Апошняе з’яўленне было мяшчанцы Васілісе Яфрэмавай у 1867-1869 гадах, там жа, у Валатаве, у садзе. Паводле яе аповяду, якое я сам чуў, калі мне было 12-13 гадоў, асілак быў вельмі высокага росту, апрануты ў дарагую вопратку (шаўкі і аксаміты), і ўразіў Васілісу незвычайнай прыгажосцю. Ён быў без зброі, з Васілісай не размаўляў, але і шкоды ёй не зрабіў. Яна бачыла ў гэтым для сябе прадвесце незвычайнага шчасця”.

У 1801-1805 гг. у Валатаве будуецца Мікалаеўская царква, паводле праекта архітэктара Джона Кларка. Да гэтага, у 1560 годзе там таксама была пабудаваная царква ў гонар св. Мікалая. У пачатку 1980-х на дне Валатаўскога возера знайшлі драўлянага ідала.

Былая бальніца па вуліцы Цыялкоўскага

Закінуты будынак бальніцы па вуліцы Цыялкоўскага калісьці належаў абласному анкадыспансеру. Будынак быў пабудаваны пасля ІІ Сусветнай вайны. У розныя часы там знаходзілася бальніца і нават морг. Змрочны выгляд будынка і ягоная гісторыя спарадзілі розныя гісторыі пра анамаліі і прывідаў у будынку.

Будынак ланкасцерскай школы, белыя казармы

Будынак з’яўляецца ў 1818 годзе з ініцыятывы графа Румянцава. Пабудова ўзводзілася для арганізацыі пачатковай школы, дзе навучанне вялося па сістэме ўзаемнага навучання, якое было распрацаванае англійскім педагогам Джозэфам Ланкасцерам. Аднак пасля смерці Румянцава школа была закрытая.

З 1890-х у будынку размяшчаецца казарма 160-га Абхазскага полка, які ўдзельнічаў у заваёве Каўказа. (Каўказская вайна скончылася ў 1864. У выніку вайны толькі насельніцтва Чачэніі скарацілася прыкладна на мільён). Пасля пачатку І Сусветнай вайны полк адправіўся з Гомеля на фронт. У часы Другой сусветнай вайны будынак апынуўся ў межах перасыльнага лагера “Дулаг-121”, у якім загінула больш за 100 тыс. чалавек. Як згадваў пісьменнік і гомелец Уладзіслаў Ахроменка, у 1970-х гадах у ваколіцах ланкасцерскай школы пазнаходзілі процьму чалавечых костак.

Штодзень

Related posts

Як быць адкрытым ЛГБТ-актывістам з ВІЧ-пазітыўным статусам у Мазыры

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Гомельская вобласць у апошнія месяцы – самы рэпрэсіўны рэгіён у Беларусі