Падобна, што асобныя ведамствы РФ ужо лічаць Беларусь часткай уласнай краіны – паездкі з Расеі ў Беларусь Міністэрства эканамічнага развіцця прапануе лічыць унутраным турызмам.
Разглядаецца магчымасць увядзення нулявога ПДВ на туры паміж дзвюма краінамі, адмены абавязковых выплат у рэзервовы фонд расейскімі турагенцтвамі, стварэння адзінага турысцкага цэнтра. Да таго ж з 2024 года пачне дзейнічаць пагадненне паміж РБ і РФ аб узаемным прызнанні віз. Гэта значыць, што калі асоба з нейкай іншай краіны атрымала расейскую візу, то па ёй мае права знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі. Плануецца, што гэтыя меры будуць спрыяць развіццю турыстычнай сферы.
Ці павялічыцца колькасць тых, хто паедзе ў Беларусь на адпачынак, невядома (заканадаўчыя змены не вырашаюць праблему адсутнасці ў нашай краіне добрай турыстычнай інфраструктуры і рэпутацыі непрадказальнага, з-за спецыфічнага палітычнага рэжыму, месца), а рызыка небяспекі ўзрастае. Бескантрольнае перамяшчэнне паміж краінамі – добрая рэч, калі межы ўсіх краін аднолькава добра ахоўваюцца, а візы выдаюцца кантралявана.
Да таго ж любая калабарацыя паміж дзяржавамі – добрая справа, калі ўсё робіцца на ўзаемавыгадных умовах і не нясе небяспекі паглынання адной краінай іншай. У выпадку з Расеяй, якая стагоддзямі праводзіць імперскую палітыку татальнага падпарадкавання, любое збліжэнне – рызыкоўнае.
Турызм – адна з самых перспектыўных галін эканомікі. Але развіццё турызму павінна ісці не праз сумнеўныя супрацоўніцтвы, а ў першую чаргу праз стварэнне камфорных для гасцей умоў. Напрыклад, для жыхароў краін, якія не адносяцца да постсавецкай зоны, наяўнасць шыльд з лацінскімі, а не кірылічнымі літарамі – прынцыповая рэч.
Між тым, як стала вядома “Штодню”, гомельская чыгунка атрымала загад дэмантаваць паўсюль надпісы на зразумелай усяму свету англійскай мове ці беларускай лацінцы і замяніць на надпісы па-руску і па-беларуску. Гэта не толькі пагоршыць турыстычны імідж рэгіёну, але і, з вялікай долей верагоднасці, прывядзе да марнавання бюджэтных грошай. Адначасовая замена ўсіх шыльд вымагае вялікіх сродкаў, якіх, пасля пандэміі, санкцый і вайны, у беларускай чыгункі вобмаль. Значыцца, там, дзе маглі б зарабіць, беларусы, наадварот, будуць вымушаныя выдаткоўваць грошы з бюджэту.