Гомель губляе сяброў: гарады-пабрацімы адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з абласным цэнтрам

Спіс афіцыйных гарадоў-пабрацімаў і гарадоў-партнёраў Гомеля налічвае 28 населеных пунктаў. Сярод іх як вядомыя гомельцам здаўна шатландскі Абердын, французскі Клермон-Феран, Чэске Будэёвіцэ, так і ўкраінскія Чарнігаў і Данецк ды безліч кітайскіх і расійскіх гарадоў. Аднак пасля пачатку ў Беларусі грамадска-палітычнага крызіса ў 2020 г. і няспынных рэпрэсій шматлікія гарады пачалі скасоўваць афіцыйнае сяброўства з горадам над Сожам. “Штодзень”  разбіраецца ў сітуацыі з гарадамі-пабрацімамі.

Шатландскія госці ў Гомелі

 

Як саветы з брытанцамі сябравалі

Першымі афіцыйнымі гарадамі-пабрацімамі ў 1944 г. сталі амаль цалкам разбураный вайной савецкі Сталінград ды Ковентры ў Вялікабрытаніі. Менавіта тады брытанцы падрыхтавалі для сталінградцаў абрус, на якім былі вышыты імёны 830 жанчын Кавентры і мэра Эмілі Сміт. На ім былі і словы “Лепш маленькая дапамога, чым вялікае шкадаванне“.

Новую форму супрацоўніцтва хутка падхапілі ва ўсім свеце і ў 1957 годзе прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў стварылі Сусветную федэрацыю пародненых гарадоў. Нягледзячы на жалезную заслону Гомель выбудоўваў пабрацімскія сувязі не толькі з гарадамі сацыялістычнага блока кшталту чэшскага (тады яшчэ чэхаславацкага) горада Чэске-Будэёвіцэ ці польскага Еленя-Гура, але і з французскім Клермон-Феранам або шатландскім Абердынам. Сувязі з французскімі сябрамі падкрэслілі і ў тапаніміцы горада ды назвалі ў гонар горада-пабраціма вуліцу. На ёй жа размясцілася і сярэдняя школа з паглыбленым вывучэннем французскай мовы.

У цэнтры Гомеля стаіць памятны знак з пазначэннем некаторых гарадоў-пабрацімаў і дыстанцыяй да іх. Адметна, што нават назву шатландскага горада Абердына (Aberdeen) на ім умудрыліся напісаць з памылкай (Aberdin). Вось такі ўзровень паўмільённага горада…

 

Гарады ўзаемадзейнічалі ў адукацыйнай і культурніцкай сферах, а пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ўзмацніліся і кантакты ў плашчыні эканомікі. Гомельскія вучні і студэнты ездзілі з абменам у Абердын ды Клермон-Феран, а пры ГДУ ім. Ф. Скарыны ў 1995 годзе нават быў адкрыты Франка-Беларускі інстытут кіравання (т.зв. “Франкабел”), партнёрам каторага выступіў універсітэт Авернь-Клермон.

Пабрацімскія сувязі Гомель у 2001 годзе заключыў і з гарадамі-суседзямі Бранскам ды Чарнігавам. А пазней колькасць пародненых гарадоў і гарадоў-партнёраў у абласнога цэнтра стала расці штогод і амаль дасягнула 30 адзінак. У залежнасці ад палітычных сімпатый дадаваліся кітайскія ці расійскія гарады, а часам дык наогул часткі гарадоў. Напрыклад так у сябрах Гомеля з’явіўся Салам’янскі раён Кіева, Чаромушкі ў Маскве і адразу два раёны Санкт-Пецярбурга: Васілевостраўскі і Краснасельскі.

Наколькі актыўным з’яўляецца супрацоўніцтва з такой вялікай колькасцю пабрацімаў, судзіць складана. Так, з заходнееўрапейскімі партнёрамі супраца праходзіла праз некаторыя “арэлі”, у выніку якіх узаемадзеянне зводзілася толькі да культурніцкіх абменаў. Нават праграмы візітаў беларускіх школьнікаў у Шатландыю і наадварот сталі паступова скарачаць.

Пры гэтым варта адрозніваць паняцці “гарады-пабрацімы” і “гарады-партнёры”, хоць часам здаецца, што ў гомельскім гарвыканкаме і самі не ведаюць розніцы і дакладнага спіса сваіх сяброў. Гарады-пабрацімы — гэта тыя гарады, з якімі заключаны агульныя пагадненні аб пабрацімстве, што дазваляе ім супрацоўнічаць у розных сферах, а таксама звяртацца ў міжнародныя арганізацыі за падтрымкай сумесных праектаў. Каб стаць гарадамі-пабрацімамі, трэба заручыцца падтрымкай нацыянальнай асацыяцыі гарадоў. Да таго ж гарады-пабрацімы — гэта менавіта два гарады, а не тры ці больш. А гарады-партнёры — гэта тыя гарады, з якімі заключаны толькі дамовы аб супрацоўніцтве па канкрэтных праектах, якія могуць быць абмежаваныя часам. У гарадоў-партнёраў у падпісанні адной дамовы можа ўдзельнічаць любая колькасць населеных пунктаў. Калі першапачаткова пабрацімства паміж гарадамі насіла часта палітычныя мэты, то з часам усё больш гарадоў сталі аб’ядноўвацца на іншых асновах — да прыкладу, гэта агульныя праграмы супраць дзіцячай наркаманіі, паляпшэнні экалагічнай сітуацыі і інш.

Здавалася б, чым больш гарадоў-пабрацімаў, тым лепей? А вось і не — празмернае багацце сувязяў можа выйсці гораду бокам. Справа ў тым, што наяўнасць пабрацімаў, калі з імі сапраўды падтрымліваюцца дзейсныя праграмы супрацоўніцтва — гэта значная нагрузка на гарадскі бюджэт, а таму нават буйныя еўрапейскія гарады маюць не больш за 5-6 гарадоў-пабрацімаў, а маленькія — усяго 1-2.

Разабрацца хто ў спісе гомельскіх сяброўскіх гарадоў менавіта горад-пабрацім, а хто — ўсяго толькі партнёр няпроста. Некаторыя гарады і наогул выпалі: няма звестак, ці з’яўляюцца нашымі пабрацімамі дагэтуль Чэске-Будэёвіцэ ці польскі Еленя-Гура.

Жнівеньская навальніца і вайна, якія змянілі ўсё

Улада Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года пайшла на непраўнальныя па маштабах і жорсткасці рэпрэсіі супраць усіх грамадзянаў, незадаволеных афіцыйна абвешчанымі вынікамі. Незадаволенасць несувымернаму выкарыстанню гвалту супраць мірных пратэстоўцаў выказалі ў тым ліку і гарады-пабрацімы Гомеля. Рэгулярныя кантакты з заходнімі гарадамі з тых часоў перажывалі не лепшыя часы. Аднак усё пагоршылася пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Менавіта з тэрыторыі Гомельшчыны расійскія войскі наступалі ў кірунку Кіева і пабраціма Гомеля – Чарнігава. Горад трымаўся ў аблозе акупацыйнымі войскамі, якія падвяргалі яго рэгулярным абстрэлам. Дараваць такое “сяброўскае” стаўленне чарнігаўцы не сталі і афіцыйна абвесцілі аб прыпыненні пабрацімскіх сувязаў з горадам над Сажом.

Разбураны гатэль “Україна” ў Чарнігаве

 

Сябры так не робяць: разбураны жылы дом у Чарнігаве

 

Сваё абурэнне падтрымкай расейскай агрэсіі супраць Украіны выказалі і іншыя гарады. У выніку пабрацімамі Гомеля перасталі (магчыма, да лепшых часоў) быць шатландскі Абердын, французскі Клермон-Феран ды нават невялічкі Форт-Майерс са штата ЗША Фларыда.

Зрэшты, у 2022 годзе брытанскі Ковентры таксама афіцыйна абвясціў аб прыпыненні пабрацімскіх сувязяў з Валгаградам (колішнім Сталінградам) праз уварванне Расіі ва Украіну. Такім чынам, сяброўства, якое распачалося праз асэнсаванне страт і болю ад вайны, было спыненая праз новую вайсковую агрэсію. Праўда, гэтым разам ва ўсім вінаватая ўжо не нацысцкая Германія, а Расія пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна.

Колькі часу і высілкаў спатрэбіцца на аднаўленне пабрацімскіх сувязяў у Гомеля, пакуль невядома. Зразумела толькі, што менавіта ў мірнай супрацы і ўзаемаабмене магчымае развіццё ўсіх бакоў. А ізаляцыя ад знешняга свету і ганарлівае ігнараванне досведу іншых, гэтак жа як і саўдзел у вайсковых злачынствах, нічога добрага не прынясуць.

Штодзень

Аўтар: Юліян Даўгабародаў

Related posts

Фалацэнтрычны прымітывізм, або архітэктура Гомеля за апошнія 30 гадоў

У Гомелі ад гарачыні сохнуць дрэвы

Падарожжа па таямнічых завуголлях трохкутніка Рэчыцкі-Сасновая-Барыкіна