Год якасці: ці існуе слынная беларуская якасць?

Абвяшчэнне 2024 года годам якасці пад лагатыпам ГОСТу з савецкіх часоў выклікала ў беларусаў супярэчлівыя рэакцыі. Узняць якасць жыцця ў краіне, дзе большасць набытых рэчаў не здольная вытрымаць нават адзін сезон выкарыстання, а дарогі даводзіцца латаць кожную вясну, было б няблага. Але падобна, што год якасці разглядаецца ўладамі зусім з іншага пункту гледжання – як самарэклама кіраўніцтва краіны, якое здолела захаваць той самы ўзровень тавараў і паслуг, як у БССР. Ці сапраўды мы захвалі тую якасць, і ці было што захоўваць, чытайце ў блогу “Штодня”.

 

Наколькі адпавядае рэчаіснасці постсавецкі міф аб звышякасці зробленага ў Беларусі? Усё залежыць ад крытэрыяў ацэнкі. Возьмем тое, што абавязкова набывае кожны беларус – харч. На фоне нясмачных, напампаваных кансервантамі, стабілізатарамі і г.д. прадуктаў ва Украіне ці Расеі, асобныя гатункі нашых цукерак ці каўбасы, насамрэч, выглядаюць добрым таварам. Але калі параўнаць з ежай, напрыклад, у Італіі, дзе істотную долю рынку займаюць традыцыйныя цалкам натуральныя прадукты (на жаль, у апошняе дзесяцігоддзе і яны патроху здаюць пазіцыі пад ціскам фастфудызацыі і таннейшых хімічных тавараў), становіцца жудасна ад таго, што мы вымушаны есці. Калі смак – справа густу, то складнікі на цэтліках – бясспрэчная крыніца дадзеных для аналізу.

У звычайным італійскім гіпермаркеце можна набыць цэльназерневы хлеб, дзе акрамя мукі, солі і вады, можа, толькі дрожджы. У нас нават у рамесным хлебе – пераважна мука вышэйшага гатунку, а ў тым, што ў краме, чаго толькі няма: цукар, клейкавіна, разрыхляльнікі, харчовыя дадаткі ці гатовыя сумесі і г.д. У Італіі без праблем можна знайсці паўнавартаснае цэльнае малако ці ёгурт з яго. Малако з беларускай крамы не скісае, як належыць, не пераўтвараецца ў прастаквашу, а ёгурт з абястлушчанага малака – звычайная рэч. Не кажам ужо пра селядзец у пакунках з узмацняльнікамі смаку і водару, кансервантамі і г.д.

Турысты з суседніх краін натхняюцца якасцю жыцця ў Беларусі, бо бачаць не рэальнае жыццё, а свежапафарбаваныя фасады. Толькі яны не ведаюць, што гэтыя фасады трэба фарбаваць штогод, бо якасць рамонту катастрафічна нізкая. Яны не бачаць, колькі грошай выдаткоўваюць бацькі на рэпетытараў праз нізкую якасць адукацыі, якія чэргі ў прыватных клініках праз нізкую якасць дзяржаўных медпаслуг. Не ездзяць турысты і ў тралейбусах, якія ламаюцца штодня. Не перажываюць вандроўнікі і беларускі капрамонт, пасля якога стаякі і дах цякуць, святло ў пад’ездах не гарыць. Не даводзіцца ім губляць ураджай падчас жніва, бо беларускі камбайн зламаўся так, што паспрабуй напраў. …Дык дзе ж яна ёсць, тая слынная беларуская якасць?

Рамонт дарог “латкамі” як беларускае ноу-хау

 

Пад знакам пытання застаецца і тое, ці варта вяртацца да савецкіх стандартаў якасці прадукцыі. Каб гісторыя магла чаму-небудзь навучыць, патрэбны ўсебаковы аналіз, без ідэалізацыі і эмоцый. З аднаго боку, не адно пакаленне з настальгіяй згадвае “смак з дзяцінства” цукерак ці масла. Самыя прагрэсіўныя краіны свету зараз маглі б пазайздросціць зваротнай шкляной тары ці абгортцы з паперы замест аднаразовых пакункаў. Але варта памятаць, што натуральная ежа і экалагічная тара былі ва ўжытку ажно да пачатку 1990-х не праз клопат аб людзях і экалогіі, а праз тэхналагічную адсталасць і беднасць савецкай імперыі (як толькі з’явіліся “сучасныя” тэхналогіі, харчовая прамысловасць імгненна хімізавалася і пластыфіцыравалася). А ўзровень сэрвісу? Цалкам натуральны і смачны эклер нярэдка прадаваўся ў камплекце з такім хамствам і абыякавасцю, што цяжка было атрымаць ад прысмака сапраўдную асалоду.

Якасць каляднага дэкору ў Гомелі ў адным здымку

 

Таму ўзяць за арыенцір савецкія ГОСТы ў мэтах аптымізацыі нарматыўных актаў было б няблага. Але рабіць гэта варта не на падмурку настальгіі па савецкіх часах, а на папулярызацыі ідэй экалагічнай прагрэсіўнасці і здаровага ладу жыцця, укараненні сярод беларусаў больш высокіх жыццёвых стандартаў. Ці атрымаецца гэта ў тых, хто дзесяцігоддзямі прывучае беларусаў да думкі “не паміраем з голаду, як было падчас вайны, значыцца, жывём добра”? Будзе вельмі цікава глядзець на адчайныя спробы дасягнуць гэтай высокай мэты выключна праз абвяшчэнне 2024-га “Годам якасці” і завярэннямі, што зробленае ў Беларусі не ламаецца, малавядомай аўтаркай непапулярных песень. Ставімся да гэтага як да камедыі і запасаемся папкорнам (калі, канешне, здолееце адшукаць у Беларусі папкорн прымальнай якасці).

Штодзень

Related posts

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны

Ватнікі супраць сэксі-апазіцыянераў. Як штучны інтэлект бачыць гомельскія выбарчыя пікеты

У Гомельскай вобласці на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў сабралі вертыкальшчыкаў і правераных «актывістаў»