“Гэты асфальт ляжыць дакладна на той дарозе, дзе 236 гадоў таму праехала Кацярына ІІ”. Вам самім не смешна?” Гісторык раскрытыкаваў каланіяльны праект “Дарогамі Кацярыны ІІ”

З цікавасцю прачытаў пра ідэю турыстычнага праекта «Дарогамі Кацярыны» па матывах падарожжа праз Усходнюю Беларусь расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ у канцы XVIII ст. па дарозе з Пецярбурга ў Крым. 

Карыкатура “Імперскі крок”, выдадзеная ў Лондане ў разгар так званага Ачакаўскага крызісу незадоўга да заканчэння другой руска-турэцкай вайны (1787-1791), высмейвала фантастычны “Грэчаскі праект” Кацярыны II, які прадугледжваў раздзел Асманскай імперыі і адраджэнне Візантыі.

Сэнс прапанаванай ідэі праекта ў тым, каб на тэрыторыі Магілёўскай-Гомельскай абласцей Беларусі і прылеглых абласцей Расеі – Бранскай і Смаленскай, стварыць турыстычны маршрут, тэматычна прывязаны да ідэі падарожжа расейскай імператрыцы Кацярыны ІІ у канцы XVIII ст., і ў кожным населеным пукце, задзейнічаным на гэтым маршруце, распрацаваць сваю цікавостку, прывязаную да агульнай ідэі. Як паведамляюць аўтары праекта, “К примеру, в Грабовской средней школе Гомельского района разработали концепцию фестиваля “Именины у Екатерины”, куда войдут и интермедии XVIII века, и литературные чаепития. Климовская средняя школа предлагает несколько вариантов велоквестов, причем непременно с посещением липовой аллеи, расположенной недалеко от деревни. Директор учреждения образования Вера Флерко рассказывает: – Местные жители утверждают, что именно мимо этих лип и дубов проезжала императрица.”

Праблемныя месцы пачынаюцца з таго, што дарога з СПБ на Крым не праходзіла праз Бранскую вобласць, адпаведна, яе ўдзел у гэтым праекце абсалютна недатычны да заяўленай тэмы “Дарогамі Кацярыны”, бо яна там не ехала. І вось у прыгожай ідэі з’яўляецца геаграфічная неадпаведнасць, шытая белымі ніткамі і прыцягнутая за вушы. Так бы мовіць, ідэйна невытрыманы праект. Ну дык чаму б тады Мінскую і Брэсцкую вобласці не далучыць – Кацярына там таксама не ездзіла, але яны мяжуюць з Гомельскай вобласцю. Трэба ўрэшце вырашыць – альбо “дарогі Кацярыны”, альбо праект з усімі добрымі людзьмі свету і суседзямі па кантыненце, за ўсё добрае супраць усяго кепскага.

Традыцыйна такія маршруты прадугледжваюць, што па меры руху па ім турыст зможа паглядзець мясцовыя цікавосткі – помнікі, знакавыя мясціны звязаныя з заяўленай тэмай. Але з гэтым яшчэ горш, чым з недарэчным прыцягненнем Бранскай вобласці да маршрута “Кацярыненскіх дарог”.

Ну давайце рэальна паглядзім, што можна паказаць турыстам на гэтым маршруце, напрыклад, на тэрыторыі Гомельскай вобласці, калі ўзяць шырокай паласой лінію ад Доўска да Новай Гуты (Гомель у разлік не бяром). Паказваць рэальна можна толькі Чачэрск і ўсё, больш нічога. Недазнішчаны панскі дом канца ХІХ ст. у Карме? Клімаўскую ліпавую алею? Рэканструкцыю інтэрмедый XVIII ст. у Грабаўскім клубе ці школе? Вы рэальна верыце, што гэта кагосьці прыцягне з, напрыклад, Смаленшчыны, каб праехаць за 300 км на аўтобусе і пабачыць абсалютнае нічога? Каб паслухаць, што “А гэты асфальт ляжыць дакладна на той дарозе, дзе 236 гадоў таму праехала Кацярына ІІ !”. Вам самім не смешна? Наступным этапам такога турызма будзе, мяркуючы па ўсім, “Над нашай вёскай у 1997 годзе пралятаў вялікі амерыканскі і сусветны спявак Майкл Джэксан у час свайго падарожжа на канцэртнае выступленне ў Маскве! І ён дакладна глядзеў на гэты лес, а цяпер гэта самая вядомая славутасць нашага раёну!”

Колішні палац Чарнышовых-Круглікавых у Чачэрску. Фота: radzima.org

Праблема ў тым, што апошнія 100 гадоў на Гомельшчыне і ва ўсіх абласцях маршрута прапаноўваемага праекта савецкая і постсавецкая ўлада мэтанакіравана вынішчала ўсе тыя аб’екты, якія б маглі адыграць хоць нейкую ролю ў напаўненні гэтага (і мора іншых!) турыстычнага маршрута. І на Гомельшчыне вынішчана амаль усё, што хоць неяк можна было б паказваць. Скажыце, дзе ўсе тыя шматлікія старажытныя палацы, паркі пры іх, панскія дамы, храмы, паштовыя станцыі, якія рэальна знаходзіліся на гэтым маршруце на пачатку ХХ ст.? Амаль усё знішчана бясследна, а тое што засталося (за выключэннем рэдкіх прыкладаў, напрыклад выпадкова недазнішчаныя тры архітэктурныя аб’екты  Чачэрску) у такім стане, што турыстам іх лепш не паказваць. “Паглядзіце налева – на гэтым пустыры колісь стаяла …”. Рэальна, ну хто паедзе глядзець на тое, чаго няма? Альбо каго зацікавіць прыдуманая з неадкуль вясковая рэканструкцыя “інтэрмедыі XVIII ст.”, якая пад сабой не мае абсалютна нічога рэальнага? Нью-Васюкі. На жаль. На вялікі жаль.

Недазнішчаная сядзіба паноў Быкоўскіх у Карме. Фота: radzima.org

Але так заўжды бывае, калі праектамі развіцця турызма займаюцца людзі, да турызма не маючыя ніякіх адносін, якія ніколі не вадзілі рэальных гістарычных экскурсій, ніколі не спрабавалі зацікавіць экскурсанта дэманстрацыяй пустога месца “з вялікай захапляльнай гісторыяй”, якія не разумеюць розніцы паміж патрабаваннямі турыста мясцовага і турыста прыезджага.

На маё глыбокае перакананне, гэта абсалютна мёртвы праект, не большы чым гульня прыгожымі словамі, за якімі пустата. Прынамсі, для большай часткі населеных пунктаў прапанаванага “маршрута”.

Калі б аўтары праекта адштурхоўваліся не ад паветраных замкаў кантынентальнага маршруту, а ад рэальнасці існуючай гістарычнай інфраструктуры нашай Гомельшчыны, карысці было б лепей. Я думаю, значна цікавей было б для развіцця турызма ў той жа Грабаўцы распрацаваць праект аднаўлення там панскай сядзібы старажытнага гомельскага шляхецкага роду Фашчаў, якія там жылі з сярэдзіны XVI ст. Вось у Фашчаў рэальна балі былі і гэта не мела ніякага дачынення да праезду недзе там Кацярыны ІІ ці Емяльяна Пугачова. Канешне, напачатку трэба было б правесці даследаванні – апытаць старажылаў, сабраць фотаматэрыялы, скласці план, адшукаць і выдаць дакументы аб Фашчах і іх маёнтку ў Грабаўцы (напрыклад, захаваўся архіў Фашчаў з дакументамі XVI-XIX ст. на некалькі тысяч старонак) і іншае. А ёсць яшчэ сапраўды існуючая гістарычная легенда пра прывід грабаўскай Пані, і гэта не нейкае трызненне, прыдуманае мясцовым старшынём сельсавета, а рэальна існуючая не менш ста гадоў сярод жыхароў Грабаўкі легенда. Але гэта ж тытанічная праца, каб падняць і актуалізаваць такі пласт мясцовай гісторыі, і вынікі яго яшчэ невядома калі будуць бачныя. Нашмат прасцей генерыраваць ідэі вялікіх транскантынентальных праектаў – такіх прыгожых, прыцягальных, нават захапляльных, не гледзячы на тое, што абсалютна пустых, мёртвых і не маючых амаль нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Па вялікім рахунку, гэты праект з’яўляецца цудоўным паказчыкам рэальнага сённяшняга ўзроўню развіцця гістарычнага турызму на тэрыторыі Гомельскай вобласці: спачатку сто год знішчалі тое, што ўяўляла прыгажосць нашага краю, пасля на зайздрасці да суседзяў вырашылі развіваць свой турызм на гэтым гістарычным папялішчы. Але па прычыне абсалютнай адсутнасці аб’ектаў для дэманстрацыі, мы будзем паказваць банальнасці (алею ўздоўж дарогі), альбо прыдумаем “прыгожую” легенду (бедны шавец у Гомелі), ну на скрайні варыянт дамо заданне сельсавету і вясковай школе раз на год праводзіць рэканструкцыю “інтэрмедыі XVIII ст.”.  І ў гэты ж час будзем працягваць знішчаць рэальна існуючыя гістарычныя аб’екты – драўляную архітэктуру Гомельшчыны (сапраўдную, а не прыдуманую ўнікальнасць нашага краю), узвядзём раёны панэльных шматпавярховікаў вакол унікальнага гарадзішча эпохі жалезнага веку “Шведская горка” у Гомелі (замест прапанаванага ландшафтнага парка) і на беразе Сожа насупраць гомельскага парка Румянцавых-Паскевічаў (каб канчаткова знішчыць задумку архітэктараў эпохі класіцызма XVIII-XIX ст.).

Можа на Гомельшчыне, як гэта было ва ўсім свеце, было б лепш пачынаць развіваць турызм з захавання таго, што яшчэ не знішчана і ў будучым можа патэнцыйна служыць архітэктурнымі гістарычнымі аб’ектамі для прыцягнення ўвагі турыстаў?

Штодзень
Аўтар: Раман Абуховіч

Related posts

Сем фактаў пра веткаўскага краязнаўцу Аляксандра Нікіціна, якога асудзілі да калоніі за пратэсты

“Гомель – гэта маленькі Парыж”. Песні пра Гомель, якія вы маглі не ведаць

1000 дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскіх акупантаў і 10 год вайны