“Гэта – руская калонія”. Як выжываюць беларускамоўныя вязні за кратамі

Публікуем вялікую гутарку з Яўгенам Меркісам —  чалавекам, для якога беларуская мова — натуральная частка жыцця. Аднак у зняволенні яна можа стаць дадатковым фактарам ціску і падазронасці з боку адміністрацыі. Ці з’яўляецца беларуская мова ў калоніі “маркерам” іншасці, які прыцягвае непатрэбную ўвагу? Як выжываюць тыя, хто прынцыпова працягвае гаварыць па-беларуску за кратамі? І што кажуць самі вязні пра дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы?


— Цябе ж пераследвалі шмат разоў і да 2020 года, калі ты займаўся грамадскай дзейнасцю, журналістыкай… І ты ж у судах выступаў па-беларуску?

— Ну, зразумела, што ў беларускіх судах усё было складана. На ўсе нашыя спробы, нават калі раней судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў ці за журналісцкую дзейнасць, нават у 2020 годзе, судовая справа не магла быць праведзена па-беларуску. Судовыя пасяджэнні таксама не вяліся па-беларуску — ніхто б гэтага не дазволіў. У нас дзве дзяржаўныя мовы, але прадстаўнікі ўлады фактычна выкарыстоўвалі толькі рускую.

Калі мы рабілі хадайніцтвы, каб паседжанне вялося на роднай мове, то ў гэтым адмаўлялі па прынцыпе “мы па-беларуску не будзем, а вы размаўляйце на якой там сабе хочаце, і так зразумеем”, і ўжо з гэтага пачыналі прыдзірацца. Адчуванне было такое заўсёды. Гэта аднабаковае ўжыванне мовы, якое ў Беларусі ўкаранілася даўно.

—  Ты чалавек досыць прынцыповы ў плане карыстання беларускай мовай. Ці нешта змянілася ў 2022 годзе пасля твайго затрымання? 

— Для мяне мова – гэта інструмент камунікацыі. У гэтым сэнсе, хоць я размаўляю па-беларуску, я не з’яўляюся радыкалам у стылі “з панядзелка ніводнага слова па-расейску”. Гэта мова зносін, якая мне вельмі блізкая, родная. Акрамя яе, я валодаю рускай, нямецкай і англійскай.

—  Калі цябе затрымлівалі, і там былі кагэбэшнікі… І яны не настойвалі на рускай мове?

— Не, ім было ўсё роўна, на якой мове. Там мяне цывільна затрымлівалі — гэта не былі амапаўцы, дзікія, усе рускамоўныя накачаныя спорцікі. Людзі ў цывільным былі больш адэкватныя.

А вось у гомельскім СІЗА была цікавая гісторыя. Я там сядзеў амаль год да суда і пасля апеляцыі. Дык вось праз пару хвілін, калі мяне туды даставілі, мяне “дзёрнулі” з камеры ды адвялі ў кабінет галоўнага опера, здаецца, Дарошчанкі. А ў яго быў такі цікавы кабінет: мяне заводзяць, я не ведаю, ці будуць мяне біць, ці не будуць… А ў яго там цікавы антураж: бюст Дзяржынскага, на заднім фоне нейкія савецкія вымпелы вісяць, проста тыповы такі кабінет, калі мне памяць не здраджвае. А ён такі пачаў задаваць пытанні кшталту: “Ну як вы думаеце, у вас тут усё будзе добра?”
Я трохі здзівіўся і кажу: “Ну, а што вы маеце на ўвазе?” І ён потым перайшоў да тэмы, сярод іншага, сказаў: “Вы ж па-беларуску размаўляеце, не думаеце, што ў вас з гэтым могуць быць праблемы?” Я яму адказаў: “Дзякуй. Я і рускую ведаю, і калі трэба, знайду агульную мову з адэкватнымі людзьмі. І з неадэкватнымі таксама як-небудзь знайду…”  Ну, ён тады сказаў: окей, усё… Мяне адвялі ў камеру, і дзе б я потым не апынаўся, у мяне не было ніякіх праблем з беларускай мовай. Зразумела, што кантынгент мяняўся, некаторым зняволеным было цікава, чаму я размаўляю па-беларуску. Некаторыя спрабавалі са мной па-беларуску размаўляць. Калі чалавек не разумеў, я хутка ў двух словах па-руску тлумачыў — не праблема.

“Прадаў радзіму, б…ля, што ты па-беларуску размаўляеш?”

— Але калі я ўжо заехаў у папраўчую калонію №17 у Шклоў, то ўжо ў першапачатковым аддзяленні, куды трапляюць усе, так званы “каранцін”, мне паведамілі пра зусім іншы падыход да беларушчыны. Бо адна з галоўных функцый гэтага аддзялення — не толькі праверыць, ці не нясеш ты з сабой “чуму”, умоўна кажучы, у медыцынскім плане, але і падрыхтаваць да адседкі. Там праводзіцца гэткі “курс маладога байца”. Гэта не інструктаж — цябе проста псіхалагічна і фізічна гатовы “ламаць”, каб не было нават думкі пра любы супраціў. У калоніі ты мусіш быць гатовы выконваць любыя загады, не качаць правы, там гэтаму і вучаць. Псіхалагічна я разумеў гэта, таму не здзіўляўся, але шмат для каго гэта вялізарны шок быў.

Так вось напрацягу першага тыдня, пакуль ты ўтрымліваешся ў “каранціне” і цябе не размеркавалі па іншых атрадах, з табой “знаёмяцца”: прыходзіць опер паразмаўляць, прыходзіць “рэжымнік”, прыходзіць  замацаваны за табой супрацоўнік, які намінальна мусіць сачыць, як ты выпраўляешся. І яны ўсе знаёмяцца з табой, ну, такая тыповая размова: “Ну, за што ты тут? Што ты тут зрабіў? А-а-а, ты палякам нешта перасылаў, прадаў радзіму, б…ля! Яшчэ і  па-беларуску размаўляеш?” Мне было лягчэй, бо я мог шчыра сказаць, што вучыўся на беларускамоўнай плыні ў Беларусі, атрымаў вышэйшую адукацыю па-беларуску, плюс я гісторык. Таму я на сабе ніякіх жартаў ці ціску не адчуваў. У прынцыпе, яны мне не казалі: “Не размаўляй па-беларуску”, але адзін з гэтых начальнікаў сказаў: “Глядзі сам. У нас тут калонія – руская. Паўза. Ну, у тым сэнсе, што большасць тут размаўляе па-руску, таму глядзі ўжо сам, бо могуць быць праблемы…”

Але гучала гэта, прабач, як такая завуаляваная пагроза.

— Далей я трапіў у свой атрад. У кожным з іх максімум прыкладна чалавек 70 утрымліваецца. Ну, плюс-мінус: бываюць меншыя атрады, бываюць большыя — залежыць ад спецыфікі працы. І там ужо, у першыя дні, я аўтаматычна працягваў яшчэ размаўляць па-беларуску. Але хлопцы з досведам адразу пачалі тлумачыць негалосныя правілы і распавядаць на прыкладах магчымыя наступствы такога рашэння, якія потым пацвердзіліся.

Мне распавядалі, напрыклад, пра аднаго хлопца ў суседнім атрадзе: ён “белы”, то бок сядзіць не па “палітычным” артыкуле. Ён яшчэ ў 2020–2022 гадах раптам вырашыў прынцыпова гаварыць па-беларуску. І яму праз некаторы час далі прафілактычны ўлік нумар 10 – тую самую жоўтую бірку, якую “палітычныя” носяць часцей за ўсё як “схільныя да экстрымісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці”. А ён жа быў звычайны зняволены, у якога спачатку была белая бірка, як у стандартнага крымінальніка.  З’яўляецца “дзясяты прафулік”, і на яго накладаюцца дадатковыя абмежаванні, як і на ўсіх нас. Ён яшчэ можа хадзіць, напрыклад, у спортзалу, у царкву і ўсё астатняе. Але ўжо як чалавек, які знаходзіцца на прафуліку, ён, напрыклад, мусіць вячэрняй парой яшчэ хадзіць на адмысловую праверку штодня. Іншым могуць гэта не прызначаць. Могуць даць статус “злосніка” і тады ён сярод іншага атаварыцца ў краме можа толькі на дзве базавыя на месяц. Але гэта таксама залежыць ад абставін. Сэнс у тым, каб чалавек зразумеў: “Ты накасячыў  — атрымаеш”. За нейкую дробязь дадуць пакаранне, напрыклад, у ШІЗА могуць адправіць, каб ён трошкі зразумеў, што робіць нешта няправільна. Ніхто адкрыта не скажа, што па-беларуску нельга размаўляць ці палітыку абмяркоўвае зашмат. Але насамрэч пачнуць цкаваць і пкрэсаваць.

Такіх гісторый я ведаю некалькі, калі за любоў да роднай мовы або добрае стаўленне да “палітычных” “белым” давалі жоўтыя біркі. Там жа стукачы паўсюль, якія даносяць інфармацыю наверх. Таму мова ўвогуле становіцца яшчэ больш выразным маркерам, адным з самых простых спосабаў прыцягнуць да сябе ўвагу. А ўвага можа прывесці да пакарання.

Пакаранне можа быць рознай формы, але гэта можа быць тое ж ШІЗА. Раз адправяць, яшчэ раз могуць дадаць. І калі да цябе будуць мець шмат прэтэнзій, тады могуць  накіраваць у ПКТ – памяшканне камернага тыпу— гэта як ШІЗА,толькі на даўжэйшы тэрмін. І там дадуць ужо месяц, тры, чатыры, шэсць максімум. І сканчаецца ўсё тым, што калі нічога на цябе не дзейнічае, альбо ёсць загад з самага верху — тады крытая турма. Там цябе могуць трымаць максімум тры гады твайго тэрміну. Калі ў цябе меней засталося — проста да канца тэрміну вывозяць у “крытку” ў Магілёў у нашым выпадку.

Таму я быў вымушаны пераходзіць на рускую мову. І мне гэта давалася цяжка насамрэч, сам не чакаў. Гэта было нязвыкла для мяне. Я быў у шоку, таму што сам па сабе я чалавек даволі начытаны, выхаваны ў рускамоўным асяроддзі ж доўгі перыяд майго жыцця. У нас у гарадах большасць жа размаўляе па-руску. Я карыстаўся рускай мовай час ад часу ў розных сітуацыях, у побыце — хаця менш, чым беларускай. Яна – мая асноўная мова зносінаў. Але выявілася, што доўга размаўляць па-руску для мяне асабіста было цяжка. Першы год-паўтара я блытаўся: увесь час нібыта не заікаўся, але падвісаў, калі не мог прыгадаць нейкае слова. У мяне было вельмі шмат беларусізмаў, нешта на аўтамаце вылятала. І вось гэтага я ад сябе не чакаў.

Я думаў, што я такі білінгв, які можа ў любую секунду перайсці з адной мовы на іншую. Але выявілася, што беларуская мова — гэта ўжо настолькі мая ўнутраная прастора… Не з пазіцыі “вось толькі па-беларуску да скону”, а проста таму, што гэта мая мова зносін.

І таму мне было цяжка першыя год–поўтара ў калоніі. Потым ужо стала крыху лягчэй, але ўсё адно — не цалкам. Відаць, гэта як… калі Алег Трусаў некалі казаў: “Калі вам пачынаюць сніцца сны па-беларуску, то працэс беларусізацыі фіналізуецца”, а я гэта прайшоў ва ўніверсітэцкіх гады яшчэ. Калі ты нават унутраны дыялог вядзеш па-беларуску.

Адзін момант я для сябе пакінуў прынцыпова: я заўсёды размаўляў па-беларуску са сваімі сваякамі па тэлефоне і лісты таксама пісаў па-наску.

Былі хлопцы, з якімі мы практыкавалі мову. Можна сказаць, прыходзім на працу — і размаўляем па-беларуску на любыя тэмы пакуль працуем і асабліва нікога паблізу няма — вядзём па-беларуску і звычайныя размовы, і нават філасофскія дыскусіі. Яны сваю мову “пракачваюць”, а мне цікава, бо я магу хутчэй і прасцей перадаваць свае думкі.

—Як мяркуеш, ціск на беларускамоўных вязняў – гэта ініцыятыва адміністрацыі Шклоўскай калоніі?

— У Шклове гэтая ініцыятыва не выглядае як нейкая адмысловая палітыка адміністрацыі калоніі. Ці загад зверху, ці яшчэ нейкія прычыны… Мне здаецца, што гэта хутчэй проста інерцыя, гістарычна так склалася. Бо беларуская мова — гэта проста прычына, па якой ты вылучаешся, трапляеш на вочы. А калі вылучаешся — дык ужо з’яўляюцца, што называецца, “пытанні” да цябе. І далей могуць узнікнуць праблемы. Яны могуць з’явіцца хутка, могуць і не. Гэта залежыць ад сітуацыі. Адзін з супрацоўнікаў можа абсалютна спакойна паставіцца, а іншы раптам: “О, блін, Меркіс, а чаго гэта ты па-беларуску размаўляеш? Ну-ка, растлумач”.

У мяне была такая размова з адным начальнікам іншага атрада Прохаравым. Сітуацыя была наступная: нас выпускалі на працу, а ён раней пачуў, што я падчас званка родным размаўляў па-беларуску. Ён зразумеў і, калі сустрэў мяне сам-насам, запытаўся: “А што гэта ты па-беларуску? Тлумач”. Я патлумачыў: вучыўся, у цэлым гэта мая мова зносін, мне камфортна, а што — забаронена? Ён такі: “А твае сваякі на якой мове гавораць?” — “Па-руску”. — “Дзіўна… Ну, ладна. Я кажу: “Я прапусціў нейкі закон, што цяпер забаронена па-беларуску гаварыць? Патлумачце, бо я ж тут сяджу, можа нешта новае выйшла?” — “Не, можаш ісці. Але фраза напрыканцы прагучала тыповая: “Ну, пытаннечка па табе ўсё роўна застаецца”. Гэта значыць — будуць сачыць. Таму я не думаю, што гэта нейкая спецыяльная пазіцыя кіраўніцтва, ідэалагічная лінія. Многім, насамрэч, было б усё роўна. Проста беларуская мова — гэта штука, праз якую ты адразу вылучаешся, а ў турме гэта не вітаецца.

— Кажуць, што і Алесь Пушкін, і Вітольд Ашурак мелі праблемы ў тым ліку праз сваю прынцыповую беларускамоўнасць?

— Магчыма. Так, калі ты гаворыш па-беларуску, праблемы ўзнікаюць. Але я не магу дакладна сказаць пра іх асабістыя гісторыі… Што гэта скончылася для іх так трагічна — на жаль, так. Бо я сам трапіў у Шклоў, і менавіта Вітольд Ашурак быў у гэтай жа Шклоўскай калоніі. Мне распавядалі, што яго, магчыма, каралі за тое, што ён па-беларуску размаўляў нават калі яго ў ШІЗА садзілі. Тады пры траплянні туды “палітычным” маглі нармалёва так даць, а тут яшчэ яго прынцыповая пазіцыя, якая магла падзадорыць іх.

Магчыма, праз гэта і стрэс яму пазней у камеры стала дрэнна, ён упаў і дадаткова ўдарыўся і ўсё — у выніку памёр. Там білі не толькі за беларускую мову, але і проста за тое, што ты “іншы”. У такіх сітуацыях усё вырашае выпадковасць: адзін раз мог прайсці, другі — атрымаў удары. Гэта не быў загад зверху, проста ў той момант ім дазвалялі біць. І вось так яно адбывалася.

Пра Пушкіна я не ведаю падрабязнасцяў. Але ведаю людзей, якія сядзелі разам з ім і на СІЗА, і пасля. Ці менавіта за беларускую мову яго каралі — сказаць не магу.

 

Штодзень
Фота: з архіву Яўгена Меркіса

 

Слайдар пастоў