Гісторыя вялікай здрады. Як старасціц Ян Красінскі абараняў рэлігійныя роўнасці ў Рэчы Паспалітай за грошы Кацярыны ІІ

Гісторык Яўген Малікаў падрыхтаваў для выдання “Мова Гомель” захапляльны цыкл матэрыялаў пра шляхецкі род, гісторыя якога паўплывала на развіццё Гомельшчыны. У першым артыкуле “Гомельскія старасты Красінскія і метамарфозы гістарычнай памяці” гаварылася пра тое, як прадстаўнікі важнай магнацкай сям’і апынуліся на Гомельшчыне. У другой публікацыі “Удар у спіну Рэчы Паспалітай. Як стараста Васіль Красінскі здраджваў дзяржаве” распавядалася пра сувязі роду з Масковіяй. У наступным тэксце пісалася пра тое, як змагаліся Красінскія за сваю спадчыну. У чацвёртай частцы аўтар азнаёміў чытача з некаторымі, раней невядомымі шырокай публіцы фактамі пра населеныя пункты Гомельскага раёна, якія належалі Красінскім. Цяпер – фінальны артыкул з сагі пра вядомы шляхецкі род.

Цікавай асобай выявіўся Ян Мікалаевіч Корвін-Красінскі, старасціц гомельскі.

У другой палове XVIII ст., напярэдадні падзелаў, у Рэчы Паспалітай у чарговы раз вельмі абвастрылася рэлігійнае пытанне. Пратэстанты і праваслаўныя дабіваліся ўраўнавання ў правах з католікамі. Гэтаму канфлікту актыўна садзейнічала мэтанакіраваная агентурная дзейнасць суседніх дзяржаў, якія адмыслова спекулявалі на рэлігійных пачуццях дысідэнтаў (не-католікаў), блакуючы і паралізуючы іхнымі рукамі любыя спробы ўраду вывесці краіну з крызісу. У дакументах адным з кіраўнікоў партыі дысідэнтаў фігуруе нейкі Красінскі.

Карыкатура “Імперскі крок”, выдадзеная ў Лондане ў разгар так званага Ачакаўскага крызісу незадоўга да заканчэння другой руска-турэцкай вайны (1787-1791), высмейвала фантастычны “Грэчаскі праект” Кацярыны II, які прадугледжваў раздзел Асманскай імперыі і адраджэнне Візантыі.

Так, у лісце аднаго з кіраўнікоў расейскай дыпламатыі пры Кацярыне ІІ графа Мікіты Паніна, накіраванага да Кейзерлінга (курляндскага графа на расейскай службе), ад 21 лютага 1764 г. адправіцель скардзіцца: “Тут маюцца звесткі, што нейкі Красінскі, афіцэр літоўскай гвардыі, едзе сюды і прад’явіў у Рызе пашпарт, выдадзены Вамі…  Я вельмі б жадаў атрымаць ад Вас звесткі аб прычыне, чаму ён мае ад Вас пашпарт і ці не хаваецца які іншы намер у яго, акрамя вядомага ўжо тут з дакладнай крыніцы, які датычыцца аб пакравіцельстве ягоным адзінаверцам”.

Партрэт графа Мікіты Паніна. 1777 г., мастак А. Рослін

Праз некалькі год, ужо ў перапісцы прускага пасланніка пра Пецярбургскім двары графа Сольмса з Фрыдрыхам ІІ, у лісце ад 30 красавіка (11 мая) 1767 г. змешчаны новыя звесткі аб дысідэнце Красінскім: “Канфедэрацыя дысідэнтаў у Літве даслала сюды пана Красінскага, каб фармальна прасіць для сябе пакравіцельства Расеі. Яе імператарская вялікасць пажадала прызначыць гэтаму дэпутату прыватную аўдыенцыю, падобнай той, што прызначаюцца паслам замежных дзяржаў. Дысідэнты канфедэраты ў Польшчы для той жа мэты прызначылі барона Кейзерлінга”.

Лістом ад 13 (24) жніўня 1767 г. той жа граф Сольмс, інфармуючы свайго караля пра справы ў Пецярбургу, паведамляў: “Абодва дэпутаты канфедэрацый дысідэнтаў, з Польшы і з Літвы, барон Кейзерлінг з першай і пан Красінскі з другой, выехалі адсюль. Перад ад’ездам яны мелі афіцыйныя развітальныя аўдыенцыі ў яе вялікасці імператрыцы, якая загадала выдаць кожнаму з іх падарунак у тры тысячы рублёў, як гэта прынята тут выдаваць другарадным міністрам пры іх ад’ездзе. Яе вялікасць сама сказала ім, каб яны перадалі сваім давярыцелям і заверылі іх у яе пакравіцельстве, што яна не пакіне іх справы, пакуль не давядзе яе да добрага зыходу”.

На жаль, у выяўленых крыніцах не прыводзіцца імя дысідэнта Красінскага, але падкрэсліваецца яго сувязь менавіта з Княствам, а не з Каронай. Аднак сучасны расейскі гісторык, даследчык дыпламатычных адносін Расейскай імперыі і Рэчы Паспалітай XVIII ст. Барыс Носаў, адназначна ідэнтыфікуе дадзенага дысідэнта Красінскага, як Яна Красінскага, старасту гомельскага (тут расейскі даследчык, на жаль, паблытаў значэнне слоў “стараста” і “старасціц”), удакладняючы, што ён “прадстаўляў пераважна інтарэсы вялікапольскіх кальвіністаў”. А з даследаванняў польскіх гісторыкаў А. Банецкага і Ш. Канарскага вядома, што ўсе трое сыноў Мікалая Красінскага ажаніліся з прадстаўніцамі рода Шрэтараў, які належаў да шляхецкіх кальвінісцкіх сем’яў ВКЛ.

Падводзячы вынік разгляду гісторыі гомельскіх стараст Красінскіх, якія кіравалі Гомельскім і Прапойскім стараствамі больш за 50 гадоў, кідаюцца ў вочы цікавыя метамарфозы і заканамернасці ў іх грамадска-палітычным і рэлігійным жыцці, якія адлюстроўваюць усю супярэчлівасць апошніх ста год існавання Рэчы Паспалітай, і якая, па вялікім рахунку, прывяла краіну да заняпаду і гвалтоўнага разарвання суседзямі.

Анджэй Красінскі, будучы палякам і католікам ад нараджэння, пасля пераезду з Маскву ў 1620 г. пахрысціў сваіх дзяцей і ўнукаў у праваслаўі. Яго сын, Васіль Красінскі, з’язджаючы ў 1664 г. з Масквы ў Рэч Паспалітую нават яшчэ падчас няскончанай вайны (Андрусаўскае перамір’е будзе заключана толькі ў 1667 г.), вывозіць не толькі назапашаныя сямейныя багацці, але і мае падтрымку з боку ўладаў Рэчы Паспалітай, якая дазваляе заняць паспяховае фінансавае і палітычнае становішча (староствы, смаленскае харунжаства). Але непрыняцце ім мясцовай этнаканфесійнай сітуацыі, а дакладней рэлігійнага ціску на праваслаўную царкву і яе вернікаў з боку каталікоў і ўніятаў, падштурхоўваюць яго на шлях падрыхтоўкі прамой здрады сваёй новай краіне і адарвання ад яе нядаўна атрыманых з дазволу караля маёмасцяў. Па незалежных ад яго прычынах здрада не была даведзена да канца.

Тут дзіўным чынам прасочваецца цікавая аналогія з сучаснасцю, у якой Васіль Красінскі канца XVII ст. абсалютна адпавядае тыповаму прадстаўніку “рускага міра” пачатку ХХІ ст.: збегчы з Расеі, у якой нарадзіўся, па лепшае жыццё ў еўрапейскую краіну, атрымаць яго там, расчаравацца ў маральным абліччы жыхароў новага дома. Аднак, замест таго каб вярнуцца ў сваю “найлепшую краіну свету” (якая па месцу нараджэння і рэальна з’яўляецца яго Радзімай), працягваць і далей пакутаваць на “бездухоўным Захадзе”, крытыкуючы яго, падрываючы яго трываласць, чакаючы і заклікаючы да ваеннага ўварвання суседняй краіны. Безумоўна, няма апраўдання рэлігійнаму ціску на праваслаўных і пратэстантаў у Рэчы Паспалітай, але цяжка прыгадаць і факты рэлігійнай талерантнасці да іншых хрысціянскіх канфесій у Масковіі ці Гетманшчыне таго ж часу, дзе ўвогуле не было ніводнага касцёла ці ўніяцкага храма, а навапрыбылыя з еўрапейскіх краін каталікі і пратэстанты праз пэўны час, альбо ў наступных пакаленнях амаль усе пераходзілі ў праваслаўе. Гэта не выпадкова, бо той час быў скрайне жорсткі і максімальна эмацыйны для ўсіх еўрапейскіх і не толькі краін, у якіх шчырыя праведныя хрысціяне спакойна і без згрызотаў сумлення забівалі такіх жа вернікаў іншай канфесійнай прыналежнасці, палілі іх жыўцом, садзілі на палю і інш., і не адчувалі пры гэтым ніякай супярэчнасці вызнаваемым ідэалам, якія запавядаў ім іх Бог.

Томаш (Фама) Красінскі, народжаны ў Маскве і хрышчаны ў праваслаўі, прынамсі, частку сваіх дзяцей таксама ахрысціў у праваслаўі, але пад канец жыцця пад уплывам другой жонкі пераходзіць у каталіцтва. Яго сын захоўвае праваслаўную веру і маёмасці продкаў, але заўчасная смерць пазбаўляе яго жонку і малалетніх сыноў арэндных уладанняў, якія вяртаюцца каралю і аддаюцца ўжо новым уладальнікам. Сыны Мікалая працягваюць лінію продкаў па рэлігійнай талерантнасці і непрыняцці дамінавання каталікоў у Рэчы Паспалітай: жэняцца на пратэстантках, а адзін з іх – Ян, нават становіцца лідарам дысідэнтаў, актыўна прыцягвае Расейскую імперыю да ўдзелу ва ўнутраных справах сваёй краіны і такім чынам, можа нават несвядома, з’яўляецца непасрэдным правадніком палітыкі суседняй дзяржавы па разлажэнні і знішчэнні Рэчы Паспалітай. Што, урэшце рэшт, і адбылося ў рамках трох падзелаў 1772, 1793 і 1795 гг. І, як бачым з прыведзеных дакументаў, на адстойванне сваіх рэлігійных правоў Ян Красінскі атрымлівае шчодрыя падарункі ў памеры 3000 рублёў ад Кацярыны ІІ. Фактычна гэта праплата здрады.

Алегарычная выява падзела трыма імперыямі Рэчы Паспалітай. Канец XVIII ст.

У ХІХ ст. валоданні гомельскіх Красінскіх паступова пераходзяць, пакуль не зразумела з якой прычыны і якім спосабам, да новых уладальнікаў. Ужо ў дакументах першай паловы ХІХ ст. Пакалюбічы, Прудок і фальварак Багуслаўскі фігуруюць як часткі Гомельскага маёнтка Румянцавых і Паскевічаў, Касцюкоўка з 1862 г. з’яўляецца ўласнасцю барона Нолькена.

Уладанні Корвін-Красінскіх у Гомельскім павеце фігуруюць у гістарычных дакументах яшчэ ў 1882 г. – Аляксандр Багданавіч Корвін-Красінскі, дваранін, праваслаўны, з’яўляецца ўласнікам маёнтку Яроміна, які ён атрымаў у спадчыну ў 1840 г. Маёнтак уключаў 475 дзесяцін зямлі, з якіх пад лесам было 25, пад сенакосамі 125 і пад пашай 225 (дзесяціна – каля 1,09 га). Пазнейшую прысутнасць Корвін-Красінскіх у аколіцах Гомеля прасачыць покуль не атрымалася.

Іроніяй лёсу і гістарычнага беспамяцтва, нягледзячы на складаную працу па адстойванні праваслаўя ў краі, якая з рознай інтэнсіўнасцю ажыццяўлялася фактычна чатырма пакаленнямі прадстаўнікоў гэтага роду, эксцэс з Хэленай Грахольскай 1717 г., негалосна замацаваў за старастамі Красінскімі ў шырокім масавым успрыманні гісторыі Гомеля абсалютна супрацьлеглы змест. Хочацца спадзявацца, што прадстаўленае тут абшырнае “перапісванне гомельскай гісторыі” ў адным асобна ўзятым яе аспекце, паспрыяе фармаванню ў гамяльчан рэальнага, а не стэрэатыпнага і тым больш не ідэалагізаванага, разумення гісторыі свайго горада і краіны, з усімі ўласцівымі ёй супярэчнасцямі.

Штодзень
Аўтар: Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

 

Related posts

“Графства Яроміна”. Сенсацыйныя звесткі пра даты ўтварэння вёсак у Гомельскім раёне

Падборка каляднай музыкі, выкананай на беларускіх традыцыйных інструментах

Хочаце вясёлага Новага года – заставайцеся дома