Гісторыя антываеннай песні, якая перамагла на Еўравізіі

Узброеныя канфлікты апошняга часу паўплывалі на нашае жыццё ў розных сферах. Напрыклад, на конкурс Еўрабачанне, які звычайна адмяжоўваўся ад палітыкі. Наступствы нападзення Расіі на Украіну, абвастрэнне канфлікту паміж Ізраілем і Газай увасобіліся тут у самых розных формах. Але чамусьці гэта не прывяло да стварэння нейкіх антываенных хітоў (мо ўсе так стаміліся ад навін, што жадаюць рэлаксаваць пад спевы пра саўну і каву). Пры гэтым кампазіцыя, якую можна лічыць пацыфістычным гімнам, перамагла на Еўрабачанні ў далёкім 1982 годзе! Краіна, што прадставіла песню, адных можа здзівіць, а іншым, наадварот, падасца найлепшым на тое кандыдатам. Што гэта за краіна і пра якую песню гаворка? Чытайце ў артыкуле «Штодня».

 

Пераможца Еўрабачання 1982. Фота www.eurovision.de

 

Да 1980-х еўрапейскія краіны прыйшлі са стомай ад Халоднай вайны, якая не адно дзесяцігоддзе пагражала выліцца ў рэальны новы сусветны канфлікт, з прымяненнем ядзернай зброі. Пакуль ЗША і СССР мераліся колькасцю боегаловак, астатнія краіны толькі з сумам назіралі за развіццём падзей, без рэальнай магчымасці неяк на гэта паўплываць.

«Няўжо пасля страшнечы Другой сусветнай вайны Еўропа не можа быць мірнай?» — думалі многія, у тым ліку і немцы (гаворка, у першую чаргу, пра заходнюю частку краіны, якая не знаходзілася пад уплывам савецкай сацыялістычна-камуністычнай ідэалогіі). За пасляваенныя дзесяцігоддзі вырасла ўжо некалькі пакаленняў, што не жылі пры фашызме і добра разумелі цяжар віны, які ляжыць на іх продках.

У гэтым умовах прадзюсар Ральф Зігель (Ralph Siegel) стварае кампазіцыю Ein bißchen Frieden на словы Бернда Майнунгера (Bernd Meinunger). Ніякай агрэсіі ці абвінавачанняў. Толькі ціхія і спакойныя мары аб міры, высока канцэнтраваны пацыфізм.

Няхай будзе трошкі міру, трошкі сонца

Для гэтай зямлі, дзе мы жывём.

Трошкі міру, трошкі радасці,

Трошкі цяпла — вось пра што я мару.

 

17-гадовая Ніколь (Nicole Hohloch) – сціплая дзяўчынка з доўгімі валасамі і ў рамантычнай сукенцы – як мага лепей надавалася на ролю выканаўцы.

 

 

Я ведаю – мая песня нічога не зменіць,

Я – проста дзяўчына, якая кажа, што адчувае.

Адна я – бездапаможная, як птушка на ветрыску,

Якая адчувае, што набліжаюцца бура…

 

Жыць у міры пажадалі многія. Таму Ніколь упэўнена перамагла на Еўрабачанні і стала зоркай. Ein bißchen Frieden узляцела на вяршыню хіт-парадаў ФРГ, Швейцарыі, Нідэрландах, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі.

Гэта была першая перамога Германіі на Еўрабачанні. Наступным разам паўтарыць поспех здолела толькі Лена Майер-Ландрут у 2010 годзе. Песні на нямецкай мове таксама перамагалі толькі двойчы. Перад Ein bißchen Frieden у 1966 годзе Аўстрыя атрымала перамогу з кампазіцыяй Merci cherie (з невялічкім дамешкам французскіх слоў) у выкананні Udo Jürgens.

 

 

Гэтыя творы добра дэманструюць, што, насуперак стэрэатыпам, нямецкая мова можа быць лірычнай і добра надаецца да тэстаў песень (дзіўна, што пасля шматлікіх аперэт і опер з нямецкім лібрэта гэта трэба камусьці даводзіць, але тым не менш).

 

Ніколь зараз. Фота: Вікіпедыя

 

Для Ніколь перамога на Еўрабачанні стала пачаткам вялікай кар’еры. Спявачка мае шмат музычных узнагарод, у тым ліку Echo (самая прэстыжная прэмія ў Германіі). 17 разоў Ніколь станавілася пераможцам нямецкага хіт-параду ZDF. Яе імя носіць гатунак руж. З’яўляецца ганаровай грамадзянкай мястэчка Нофельдэн, дзе пражывае разам з сям’ёй. За ўвесь творчы шлях ніколі не была замешана ў нейкіх скандалах і іншых рэчах, што адбіваюцца на рэпутацыі – рэдкі выпадак у свеце шоу-бізнесу. Актыўна ўдзельнічае ў сацыяльна арыентаваных праектах.

Добра было б, каб і зараз гучала больш такіх песень. Бо ўсім нам бракуе «Трошкі міру, трошкі радасці, трошкі цяпла…»

Штодзень

 

Related posts

Эспрэса макіята з прысмакам Еўрабачання

1418 крокаў у невядомым кірунку, альбо як Гомельшчына рыхтавалася да 9 мая

Адкрыццё турмы Алькатрас як трывожны сімптом